Лукашэнка: «Я прыму любое рашэнне народа, але дайце выратаваць краіну»

Пасланне Лукашэнкі народу і парламенту нездарма было перанесенае на 4 жніўня. І справа не ў тым, што ён ператварыў сваё пасланне ў «міні — Народны сход». Праўда, гэтым разам дэлегатаў на сход не абіралі, а проста звезлі. Менавіта 4 жніўня у дзяржаўнай прэсе была апублікаваная перадвыбарчая праграма Лукашэнкі.

Скрыншот з відэа паслання

Як прысабечыць чужое

Як мы і меркавалі, больш чым напалову пасланне Лукашэнкі ўтрымлівала ў сябе тэзы яго перадвыбарчай праграмы, і гэта сапраўды была яе прэзентацыя. Аднак на самым пачатку кіраўнік дзяржавы і кандыдат у прэзідэнты прайшоўся па міжнароднай абстаноўцы і сітуацыі з пандэміяй Covid-19.

Міжнародная абстаноўка зразумелая, і выказаная яшчэ ў легендарным фільме «Масква слязам не верыць»: «У свеце неспакойна. Тэрарысты ізноў захапілі самалёт». Увесь свет, як водзіцца, ў хваляваннях і забурэннях, і толькі Сінявокая засталася, па словах Лукашэнкі, «адзіным спакойным звяном у цэнтры Еўразіі». А таму нас баяцца згубіць і Расія, і Захад, і Кітай.

А вось з Covid-19 — праблема. Па словах Лукашэнкі, пераадоленне эпідэміі — гэта цалкам заслуга дзяржавы. Маўляў, менавіта дзяржава забяспечыла бальніцы неабходным абсталяваннем і матэрыяламі, аператыўна ўвяла захады сацыяльнага дыстанцыявання, падоўжыла канікулы ў школах і менавіта дзякуючы дзяржаве ўзніклі новыя формы дыстанцыйнага навучання. А дэпутаты персанальна «выратавалі асноўную масу сталых людзей».

Вельмі цікавая заява з боку таго, хто называў гэтую эпідэмію не інакш, як «каронапсіхозам», патрабаваў лячыць яе лазняй, гарэлкай і трактарам, патрабаваў, каб дзеці вярталіся ў школы, а ў якасці «захадаў сацыяльнага дыстанцыявання» правёў парад 9 траўня ў Мінску і потым — «Славянскі базар» у Віцебску.

Ён, безумоўна, узгадаў валанцёрства, бясплатныя абеды для медыкаў, спонсарскую дапамогу. Але ані словам не закрануў тое, што гэтую «спонсарскую дапамогу» ўлады забаранялі прыймаць, што медыкаў папярэджвалі: бясплатныя абеды ад «Макдональдса» будуць прыроўненыя да хабару, што ініцыятыва ByCovid-19, якая сабрала для патрэбаў медыкаў больш чым за 350 тысяч долараў, ледзьве не падпольна перадавала сродкі абароны і медычнае абсталяванне ў бальніцы.

Проста таму, што тады ў Лукашэнкі меркаванне было іншае. Тады ён думаў, што каронавірусу ў нас няма. А цяпер, бачце: гэта ўсё — заслуга ўлады.

Калі пасланне пачынаецца з прысабечвання чужых заслуг, чаго ад яго можна чакаць?

Што нам абяцаецца?

Аднак вернемся да перадвыбарчай праграмы. Ізноў, як і прагназавалася, яна складаецца з невыкананых абяцанняў мінулых гадоў, якія і сёння, падаецца, ніхто не збіраецца выконваць.

Самая цікавая і актуальная абяцанка, канешне ж, за пяць гадоў павысіць сярэдні заробак удвая.

Безумоўна, пытанне ў тым, што такое «сярэдні» заробак, бо калі чыноўнік ясі мяса, а працоўны — капусту, то разам яны ядуць галубцы. Яшчэ адно пытанне: тэза пра «падвоіць заробак» — з перадвыбарчай праграмы Лукашэнкі 2006 года. Праўда, там абяцалася павысіць не толькі заробак, але і пенсіі, стыпендыі і дапамогі. Прычым, абяцалася зрабіць гэта «не менш чым удвая».

Сёлета пра пенсіі было сказана, што яны павінны складаць не менш за 40% ад заробку. Вельмі сціпла ў параўнанні з мінулым.

У новай пяцігодцы Лукашэнка абяцае асаблівую ўвагу надаць рэгіёнам і вёскам. Там будуць рэалізаваныя «перспектыўныя праекты», за кошт якіх людзі будуць «жыць не горш, чым у абласных цэнтрах і сталіцы». У планах — па аднаму буйному праекту кшталту «Гродна-Азота» ў абласных цэнтрах і па два не такіх буйных, але сярэдніх, у райцэнтрах. Гэта, а таксама раздача зямлі тым, хто хоча займець свой участак, па меркаванні Лукашэнкі, падыме прэстыж працы і жыцця людзей на вёсцы.

Тут таксама пытанне: а навошта гэта ўсё рабіць? Бо зрабіць «жыццё ў сельскай мясцовасці не менш камфортным, чым у гарадах» абяцалася ў тым жа 2006 годзе. «Менавіта на гэта нацэлена комплексная праграма адраджэння і развіцця вёскі, да рэалізацыі якой мы ўжо прыступілі», — заяўлялася тады. А ў 2010-м было сказана, што ўлады «выратавалі вёску і забяспечылі харчовую бяспеку».

Навошта нам рабіць тое, што ўжо было зроблена (калі верыць абяцанкам) з 2006 па 2010 гады? Ці за гэты час нехта нашыя дасягненні разбурыў? Цікава, хто?

Асаблівая балючая тэма — адукацыя. Лукашэнка паабяцаў «асноўную ўвагу надаць новай якасці адукацыі і яе адаптацыі да патрэб жыцця грамадства». На экзаменах будуць і тэсты, і сумоўе.

Ужо колькі разоў казалася — адчапіцеся ад адукацыі! Гэтая сфера не здольная пераварыць усе тыя рэформы, якія абрынуліся і працягваюць абрынацца на яе ці не штогод! Ці тое задачы па матэматыцы вельмі складаныя, ці тое чарвякам занадта шмат увагі аддаецца ў біялогіі, ці Коля не ў стане прачынацца рана, каб паспець у школу, ці віцэ-прэм’ер не разумее 10-бальную сістэму ацэнак… Толькі-толькі (і тое не да канца) разабраліся з тэставаннем, і тут — на табе!

Дарэчы, у мінулых праграмах Лукашэнкі адукацыі надавалася не шмат увагі. Але было, напрыклад, «удасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі; шырокае ўкараненне ў сістэме адукацыі сучасных электронных сродкаў навучання», што абяцалася ў 2010-м і павінна было быць скончана да 2015-га.

Як былі ўкаранёныя «сучасныя электронныя сродкі навучання», мы на сваёй скуры адчулі ўвесну, калі з-за эпідэміі большасць вучняў не наведвала школы. Настаўнікі проста «на каленцы» вымушаныя былі вынаходзіць сродкі камунікацыі з вучнямі, складаць задачы і навучальныя праграмы ў інтэрнэце. Прычым — самі, без аніякай падтрымкі з боку дзяржавы!

Цяпер я заклікаў бы ўсіх настаўнікаў, што сядзяць у выбарчых камісіях — узгадайце той жудасны час. І ўзгадайце, што вам было абяцана «ўкараніць электронныя сродкі навучання» яшчэ за 10 гадоў да эпідэміі!

Адзінае, што ў перадвыбарчай праграме новае — гэта абяцанне абвясціць чарговы рэферэндум аб зменах у Канстытуцыю, на якім «беларусы падчас усенароднага абмеркавання вызначаць свае правы, свабоды і абавязкі, а таксама паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады».

Па-першае, гэта так сабе навіна. Пра неабходнасць рэферэндуму вядомыя юрысты казалі даўно — з тых часоў, як Лукашэнка скасаваў Вышэйшы гаспадарчы суд, згадка пра якога засталася ў Канстытуцыі. Ідэя рэферэндуму ў інфармацыйнай прасторы то ўзнікае, то знікае ад 2014 года.

Па-другое, ніхто не мае ілюзіяў, што гэты рэферэндум будзе праведзены так жа, як і сённяшнія «выбары». Казаць пра тое, што беларусы на ім самі «вызначаць свае правы, свабоды і абавязкі» проста не выпадае. Бо, для гэтага рэферэндум не патрэбны. Давайце проста цяпер правядзем сумленныя выбары, з канкурэнтным складам выбарчых камісій, з адкрытым падлікам галасоў, з захаваннем правоў назіральнікаў, з захаваннем таямніцы галасавання, са свабодай слова, свабодай выказвання свайго меркавання і свабодай СМІ, без запужвання і рэпрэсій, з роўнымі правамі ўсіх кандыдатаў на выбарах.

Але ад такой перспектывы «моцнай уладзе» млосна. Дык не вешайце локшыну на вушы пра нейкі «рэферэндум», на якім «беларусы вызначаць»!

Па інтэрнэце ходзіць добрая ідэя: за невыкананне перадвыбарчых абяцанняў трэба ўводзіць крымінальную адказнасць па артыкуле «махлярства». Гледзячы на беларускія рэаліі, міжволі задумаешся над слушнасцю гэтай прапановы.

Хто такія «яны»?

У пасланні было дзіўнае тое, што Лукашэнка паспрабаваў адначасова выглядаць і лібералам, і «моцнаю рукою». З аднаго боку, на нас, па яго словах, «яны» адпрацоўваюць новыя тэхналогіі гібрыднай вайны, каляровых рэвалюцый і іншых жудасцяў аж да замбавання праз айфоны (тут захацелася апрануць на галаву шапачку з фольгі). З іншага — моладзь, што вырасла ў незалежнай Беларусі, тыя, хто стаяць у «ланцугах салідарнасці», і тыя, хто служыць у АМАПе — гэта ўсё «наша моладзь» і дзяржава нясе адказнасць за ўсіх.
«Яны» напісалі нейкія «незразумелыя тэксты» «тром няшчасным дзяўчонкам», якія, на самой справе, не разумеюць, што робяць. Прынамсі, выбары прызначае парламент, і таму патрабаваць новых выбараў пасля 9 жніўня — глупства.

Насамрэч, так, выбары сапраўды прызначае парламент. Але Святлана Ціханоўская кажа пра новыя прэзідэнцкія выбары, а прапанову пра гэтыя выбары ўносіць прэзідэнт. Так што маніпуляцыя ў дадзеным выпадку не працуе.

«Яны» спрабуюць арганізаваць «бойню ў цэнтры Мінска». «Яны» перакінулі на поўдзень краіны яшчэ адну дыверсійную групу, і цяпер мы павінны адрывацца ад уборкі незвычайнага ўраджаю і лавіць дыверсантах па лясах. «Не падкідайце сюды ядзернай зброі!» — зусім дзіўна заклікаў Лукашэнка.

Пры гэтым мы так і не даведаліся, хто такія «яны» і чаго яны хочуць. Не, у агульных рысах вядома: «дэстабілізацыя абстаноўкі ў Рэспубліцы Беларусь». Але чаго канкрэтна?

Гэта было развітанне?

«Я прыму любое рашэнне народа, але дайце выратаваць краіну»… «Я не святы, але вы мяне ведаеце, вы ведаеце чаго ад мяне чакаць. Калі заўтра прыйдзе невядомы — якую палітыку ён будзе праводзіць? Ці ўтрымаеце вы яго (ад антынароднай палітыкі, было зразумела з кантэксту — Аўт.)? Сёння ўжо ўтрымаеце — і без мяне...». «Нават без мяне Беларусь здолее сябе абараніць» — гэтыя сентэнцыі з вуснаў Лукашэнкі напрыканцы паслання былі падобныя на развітанне. Маўляў, я стаміўся, я гатовы сысці — толькі не зруйнуйце маю працу.

Пад час трансляцыі Лукашэнку не так багата паказвалі буйным планам. Было відавочна, што ён істотна здаў у плане калі не здароўя, дык самаадчування. Ён увесь час абціраўся хусткай — у гэтыя моманты аператары наўпроставага эфіру імкнуліся адвесці ад яго камеру, што, наадварот, прыцягвала ўвагу да яго рухаў. Пад час імправізацый ён зрываўся ці тое на сіпенне, ці тое на хрыпенне. А на трыбуне ў яго нават шклянкі вады не было.

Ніводзін раз пасланне Лукашэнкі не перарвалася апладысментамі — нягледзячы на тое, што ён некалькі разоў рабіў паўзы, у якіх апладысменты маглі ўзнікнуць.

Скончыўшы сваю прамову, ён вельмі хутка сышоў — практычна збег — з трыбуны, і прысутныя паўтары хвіліны хлопалі пустому месцу. Так праводзяць у апошні шлях акцёраў.

Ён з намі развітваўся?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: