Лукашэнка мякка сцеле

На традыцыйнай прэс-канферэнцыі з журналістамі расійскіх рэгіянальных СМІ беларускі кіраўнік дэманстраваў незвычайную лаяльнасць да Расіі і літаральна струмяніў міралюбнасцю. Значыць, перамовы з Пуціным, якія запланаваныя на 22 лістапада, будуць вельмі цяжкімі.
Фота kp.by

Фота kp.by

Вялікую прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-тура ў Беларусь — Лукашэнка праводзіць штогод. Цяперашняя была ўжо 13-й па ліку і доўжылася пяць гадзін сорак хвілін — як і большасць папярэдніх. У ёй прынялі ўдзел каля 100 прадстаўнікоў СМІ і блогасферы з 46 рэгіёнаў Расіі.

Традыцыйна напярэдадні журналістам паказалі «поспехі беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі» — узараныя палі, заводы, якія працуюць, натужна-шчаслівых людзей. Дый сам Лукашэнка з пяці гадзін прамовы не менш за тры прысвяціў расповедам пра тое, што гэта ён асабіста не даў нічога разрабаваць і прадаць за капейкі, «абрынуць» патрыятычнае выхаванне, перапісаць гісторыю, зрабіць платнымі медыцыну і адукацыю.

Галоўнае, чым адрознівалася гэтая прэс-канферэнцыя ад папярэдніх, — неверагодным услаўленнем на адрас Расіі і рускіх. Ранейшыя падобныя мерапрыемствы адна за адной станавіліся рэкардсменамі па колькасці нападаў Лукашэнкі на насельнікаў Крамля і наогул на палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі. Даходзіла і да абразаў на адрас расійскага кіраўніцтва, што ператварала мерапрыемства ў своеасаблівае падабенства палітычнага ток-шоў.

Зараз жа нічога гэтага не было. Наадварот, усе пяць гадзін кіраўнік Беларусі старанна паказваў, што бліжэй і радней расіян для яго нікога ў прыродзе не існуе. А ўсе вострыя пытанні ў двухбаковых адносінах старанна абыходзіў, папярэдне вышмараваўшы іх алеем.

Фактычна, калі адкінуць «абавязковую праграму» кшталту аповедаў пра сумесную абарону заходніх межаў, разваг пра ўкраінскі канфлікт, пра абранне Трампа, барацьбу з карупцыяй і прыгажосць Беларусі, увесь астатні час — гэта быў вялікі ўрок палітэканоміі (як яе разумее Лукашэнка). Памножаны на вялізныя тлумачэнні, чаму нічога не атрымліваецца зрабіць у Саюзнай дзяржаве ды ЕАЭС.

Такія паводзіны тлумачыцца проста: перамовамі з Уладзімірам Пуціным, якія маюць быць ужо 22 лістапада, прычым сам-насам. Пуцін на іх гатовы прад’явіць «найблізкаму саюзніку» шмат прэтэнзій. Таму Лукашэнка дзейнічае па прынцыпе «пакаянную галаву меч не сячэ». Менавіта таму ён амаль сенсацыйна заявіў: «Я таксама часта думаю, што добрага мы зрабілі, новага. На жаль, нічога добрага не зрабілі. Больш у нас негатыву, таму мы дамовіліся з прэзідэнтам Расіі, што, мусіць, 22 лістапада мы сустрэнемся. Сядзем удваіх і абгаворым некаторыя прынцыповыя пытанні».

У ліку якіх, дарэчы, будзе і бюджэт Саюзнай дзяржавы на наступны год. Рэч, вельмі для беларускіх уладаў істотная.

Расійскія журналісты выстройваліся ў чэргі да мікрафонаў. Фота sputnik.by

Расійскія журналісты выстройваліся ў чэргі да мікрафонаў. Фота sputnik.by


Па словах Лукашэнкі, гаворка не ідзе аб канцэптуальных пытаннях. Але пры гэтым ён у пачатку прэс-канферэнцыі паспрабаваў абвінаваціць Маскву ў тым, што Саюзная дзяржава не створана дагэтуль. З іншага боку, гэтым разам Лукашэнка, мусіць, паставіў рэкорд па шчыльнасці заяў пра тое, што «рускія і беларусы — адзін народ».

Такая супярэчлівасць пры агульным максімальна-прымірэнчым тоне ўсяго мерапрыемства сведчыць толькі пра адно: Лукашэнку сапраўды чакае вельмі цяжкі раўнд перамоў з Пуціным. Расійскі калега запатрабуе тлумачэнняў за ўвесь сыходзячы год, напоўнены газавымі, нафтавымі, і мяса-малочнымі войнамі. А ўлічваючы напружанае становішча ў свеце, верагодна, што Пуцін таксама вернецца да пытання пра размяшчэнне ў Беларусі расійскай вайсковай авіябазы.

На самай справе, дагэтуль няма пэўнай інфармацыі пра тое, чым завяршыліся расійска-беларускія перамовы па пастаўках нафты і газу. Канфлікт, які доўжыўся вялікую частку года, ці то завяршыўся, ці то не — незразумела. Мабыць, канчатковае рашэнне ў Крамлі якраз і адклалі на 22 лістапада. І таму кіраўнік Беларусі быў змушаны на працягу пяці гадзін «ліць мёд» перад натоўпам далёка не самых уплывовых расійскіх журналістаў. Бо, калі паліўна-энергетычны баланс на 2017 год апынецца не на карысць Беларусі, то тут нават крэдыт ад МВФ не дапаможа — прыйдзецца (уратуй Госпадзі!) пачынаць рэфармаваць эканоміку. А значыць, адстаўка не за гарамі.

З іншага боку, Лукашэнка прадбачліва паспрабаваў навязаць Расіі ўласную эканамічную павестку дня. Вядома, гэтым разам не было і блізка шантажу ў стылі «не дапаможаце матэрыяльна — выйдзем з ЕАЭС, а можа і з Саюзнай дзяржавы» (як пару месяцаў таму). Але прыкладна тое ж самае было сказана значна больш закамуфлявана. Маўляў, вы нам не прадаеце газ па ўнутраных коштах — з-за гэтага ў нас прадукцыя дарагая. А калі наша прадукцыя дарагая, то вы яе і не купляеце — таму і грошай у нас няма. Грошай няма — я не магу плаціць народу па 500 долараў (менавіта пра гэтую лічбу ішла гаворка на прэс-канферэнцыі). Не магу плаціць як абяцаў — яны мяне на выбарах здымуць, а самі ўсёй краінай сыдуць на Захад, у ЕС і NАТО. Так што дай, Валодзя, грошай або танны газ, ды грузавікі нашы купі — а тое кепска будзе…


Расійскія СМІ разабраліся ў прамове Лукашэнкі

Расійскія СМІ разабраліся ў прамове Лукашэнкі

На цяперашняй прэс-канферэнцыі гэта было агучана ў такой форме: «Падзенне таваразвароту на 30-40% у нашым Еўразійскім эканамічным саюзе кажа само за сябе — гэта значыць, што ў нас нямала праблем, і пра гэта кажуць усе прэзідэнты. Хуткім часам, калі мы не выпрацуем нармалёвы план выхаду з гэтай сітуацыі, то, я баюся, пачнецца нейкая дэзінтэграцыя, чаго дапусціць ні ў якім разе нельга». То бок, зараз як быццам бы Лукашэнка больш за ўсіх рупіцца за інтэграцыйныя праекты, а калі яны ўсё ж разваляцца, то гэта Крэмль вінаваты — не дапамог і не падтрымаў у цяжкую хвіліну.

А ў нас кожная хвіліна цяжкая.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: