Лукашэнка мусіць задумацца, чым гэта для яго можа скончыцца

Сваёй ацэнкай падзей апошніх дзён і планамі дзейнасці на бліжэйшыя месяцы падзяліліся лідары правацэнтрысцкай кааліцыі.

“Улада развяла сапраўдную вайну супраць свайго народу. Пратэсты былі абсалютна мірныя, і ніякіх падстаў для брутальнага разгону не было. Затрыманні праводзіліся з парушэннямі заканадаўства. Суды праходзяць без своечасовага прадстаўлення інфармацыі пра іх”, — адзін з кіраўнікоў аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова.

На прэс-канферэнцыі было заяўлена, што правацэнтрыстцкая кааліцыя цяпер будзе працаваць у якасна новых умовах, калі Лукашэнка страціў сваю падтрымку ў большасці беларусаў. Зараз палітычныя патрабаванні злучаюцца з сацыяльнымі патрабаваннямі і палітыкі пастараюцца напоўніцу гэта выкарыстаць.


Патрабаванні правацэнтрыстаў да ўладаў агучыў кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька.

Па-першае, улады мусяць неадкладна спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх затрыманых і арыштаваных, лік якіх ідзе на сотні. Міністр МУС Шуневіч павінен быць адпраўлены ў адстаўку, бо ён нясе персанальную адказнасць за гвалт у дачыненні да мірных грамадзян.

Па-другое, ганебны Дэкрэт № 3 пра сацыяльнае ўтрыманства павінен быць адменены.

Па-трэцяе, права на свабоду сходаў і выказванняў мусіць быць рэалізавана на практыцы.

Па-чацвёртае, мусіць быць абвешчаны новы эканамічны курс. У АГП, паводле Анатоля Лябедзькі, ёсць праграма стварэння новых эфектыўных працоўных месцаў.

І пятае — у краіне трэба правесці свабодныя сумленныя выбары. Вяртанне грамадзянам права выбару — адзіны мірны план пазітыўнага развіцця Беларусі.


Старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч адзначыў, што сённяшняя сітуацыя вымагае ад нас еднасці і салідарнасці. Апазіцыя мусіць арганізаваць падтрымку рэпрэсаваных: камплектаванне і дастаўку перадаў у цэнтры ізаляцыі, кампенсацыя спагнанняў, абарону тых, хто зазнае праблемы на працы.

“Людзі ў рэгіёнах у адчаі. Працы няма. Пратэстны патэнцыял захоўваецца. Мы будзем падаваць заяўкі на правядзенне сацыяльна-эканамічных акцыяў у рэгіёнах і надалей. Калі змен не адбудзецца, мы лічым, што людзі маюць права на агульнанацыянальны страйк”, — сказаў Губарэвіч.

Паводле лідара Руху “За Свабоду”, зараз Лукашэнка змагаецца са сваім народам, а не з апазіцыяй і ён мусіць задумацца, чым гэта для яго можа скончыцца.


Вольга Кавалькова заклікала людзей далучацца да палітычных арганізацый, бо “разам мы больш абароненыя”. Яна падзякавала журналістам і праваабаронцам. Звычайныя людзі, якія трапілі на суткі, былі вельмі ўражаныя салідарнасцю, калі ім пачалі дастаўляць перадачы ад незнаёмых людзей.

Правацэнтрысцкая кааліцыя будзе працаваць над падрыхтоўкай і правядзеннем акцый пратэсту і, па магчымасці, агульнанацыянальнага страйку, цягам бліжэйшых двух месяцаў. Рыхтуюцца акцыі ў Светлагорску, Мазыры, Барысаве, Новаполацку, Крычаве, ды іншых гарадах, дзе пакуль што не адбываліся пратэсты. Будзе праводзіцца праца з заканадаўцамі з мэтай лібералізацыі Закона пра масавыя мерапрыемствы.

Анатоль Лябедзька дадаў, што на міжнароднай арэне праз партнёрскія палітычныя структуры будзе ставіцца пытанне пра аднаўленне кропкавых санкцый супраць асобных сілавікоў, якія арганізоўвалі брутальнае падаўленне мірных акцый пратэсту.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: