Лукашэнка падпісаў дэкрэт на выпадак сваёй гібелі

9 траўня адразу пасля падпісання пачаў дзеянне дэкрэт «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Ён прадугледжвае пераход улады ў Беларусі да Савету бяспекі ў выпадку гвалтоўных дзеянняў супраць Лукашэнкі, піша Свабода.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт ад 9 траўня 2021 г. № 2 «Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі Лукашэнкі з прычыны замаху, здзяйснення акту тэрарызму, знешняй агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеянняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасці з рашэннямі Рады бяспекі, на пасяджэннях якой старшынюе прэм’ер-міністр.

Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Рада бяспекі вызначае пералік захадаў па іх забеспячэнні. Рашэнні Рады бяспекі абавязковыя для ўсіх і падлягаюць безумоўнаму выкананню.

Паводле дэкрэту, асноўным пытаннем будзе правядзенне выбараў. Рады бяспекі з удзелам кіраўнікоў абласцей прыме рашэнне аб іх правядзенні.

Дэкрэт уступае ў сілу з моманту яго падпісання.

17 красавіка падчас суботніка ў Александрыі Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцце «аднаго з самых прынцыповых рашэнняў».

«Скажыце, калі заўтра мяне няма, вы гарантуеце, што ўсё будзе нармальна? Не. Таму на гэты выпадак я падпішу ў бліжэйшыя дні дэкрэт, як будзе выбудавана ўлада ў Беларусі. Застрэлілі — на заўтра Рада бяспекі будзе надзеленая паўнамоцтвамі. Трэба ўводзіць надзвычайнае становішча імгненна, аж да вайсковага, калі хтосьці на мяжы паварухнецца, і Рада бяспекі мусіць прымаць рашэнне. Таму я казаў, што падпішу гэты дэкрэт і вызначу, хто будзе кіраваць краінай „калі раптам“», — заявіў Лукашэнка 24 красавіка.

Пасля сфальсіфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзідэнтам ЗША, краіны ЕС, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасць праведзеных пры яго кіраванні выбараў сусветная супольнасць не прызнавала.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: