Лукашэнка паставіць шматкроп'е над «і»

«Буйныя мерапрыемствы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы», анансаваныя Лукашэнкам на сустрэчы з Качанавай, прымушаюць узгадаць стары анекдот пра заняпад адэскага бардэлю. Трэба не чыноўнікаў з месца на месца перасоўваць, а сістэму гаспадарання мяняць.

Фота president.gov.by

Кіраўнік Беларусі паразмаўляў з кіраўніком сваёй адміністрацыі Наталляй Качанавай. Качанава даклала яму пра поспехі «аптымізацыі» свайго ведамства, а Лукашэнка, як піша БелТА, «анансаваў шэраг буйных мерапрыемстваў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы».

Але, паглядаючы на гэтыя мерапрыемствы, бярэ нейкі сумнеў, што «кропкі над "i"», па выразе Аляксандра Рыгоравіча, будуць расстаўленыя.

«Мы па ЖКГ павінны на ўзроўні кіраўніка дзяржавы разгледзець пытанні і кропку паставіць, вярнуцца яшчэ раз да пытанняў будаўніцтва, па вёсцы павінны правесці буйное мерапрыемства, па адукацыі. Гэта значыць пяць-шэсць мерапрыемстваў з вялікім удзелам людзей на ўзроўні прэзідэнта мы павінны правесці, дзе расставіць усе кропкі над "i"», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, таксама павінны прайсці і іншыя нарады, у тым ліку ў менш шырокім фармаце. Яны будуць тычыцца сферы спорту, разняволення дзелавой актыўнасці. «Гэта таксама будзе. З меншай колькасцю людзей, але мы публічна павінны паставіць кропкі над "i" і ў гэтых працэсах», — адзначыў ён.

Без эфекту

Што ж, план працы Аляксандра Рыгоравіча на бліжэйшыя некалькі месяцаў зараз зразумелы. Па ідэі, настае час чарговага «вялікага ператрахвання» чынавенскіх кадраў. Але наўрад ці «шэраг буйных мерапрыемстваў на ўзроўні кіраўніка дзяржавы» за некалькі месяцаў могуць даць плён, калі праблемы не вырашаюцца дзесяцігоддзямі.

Пачнем з апошняга. Зусім нядаўна, 14 сакавіка, Аляксандр Рыгоравіч анансаваў вялікую справаздачу ўраду. На яе павінны былі быць запрошаныя да 300 «левых» асобаў з ліку кіраўнікоў рэгіёнаў (да раённага ўзроўню), эканамістаў, дырэктараў прадпрыемстваў і арганізацый. «Па словах кіраўніка дзяржавы, у цяперашні час заяўляецца пра станоўчыя тэмпы і дынаміку ў эканоміцы краіны. «Каб сапраўды пераканацца, ці ёсць гэтая дынаміка, нам патрэбны нейкі перыяд для аналізу. Нам трэба ўзяць першы квартал і арганізаваць гэты справаздачу», — цытавала Лукашэнку яго прэс-служба.

Заканчваецца другі квартал, пра «шырокую справаздачу» і «станоўчую дынаміку» нічога не чуваць. Магчыма, таму, што «маршы недармаедаў» і без усялікіх шырокіх справаздачаў паказалі дынаміку ў эканоміцы краіны.

Пасяджэнне па ЖКГ Лукашэнка абяцае другі раз у гэтым годзе. Ён яго анансаваў яшчэ 3 лютага. Зараз канец мая. Дзе?

Што тычыцца будаўніцтва, то мы памятаем галосныя і публічныя «разносы» ў гэтай сферы і ў найбольш «сытыя» гады — 2012-м, 2013-м, 2014-м… Для простага чалавека не змянілася нічога.

Дык ці ёсць падставы меркаваць, што анансаваныя «буйныя мерапрыемствы» на нешта паўплываюць, альбо ўвогуле адбудуцца? Наўрад ці.

Робім выгляд, што працуем

Чаму Аляксандр Лукашэнка анансуе гэтыя мерапрыемствы? Гэтыя анонсы робяцца не для вырашэння праблемаў, якія не вырашаюцца дзесяцігоддзямі. Яны ўсяго толькі павінны паказаць, што Лукашэнка «трымае руку на пульсе» і працягвае кантраляваць і кіраваць краінай. Бо ў гэтым апошнім часам узніклі вельмі вялікія сумневы.

І добра было б, каб пра гэта казалі толькі нейкія вонкавыя расійскія «эксперты» (яны пра гэта і казалі). Але ж ёсць падставы пра гэта задумацца і ў беларускага чынавенства — а гэта ўжо небяспечна.

Паказальны апошні прыклад з уварваннем сілавікоў у кватэру новапрызначанага старшыні Аршанскага райвыканкаму Леаніда Пянькоўскага. «Хто даў права да чалавека, узгодненаму да прызначэння прэзідэнтам, ўрывацца ў дом? Для таго, каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследавання па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, трэба згода кіраўніка дзяржавы. Уварваліся, пачалі нешта ўдакладняць... Новы чалавек прыйшоў працаваць. Таўро на ім паставілі. Нядобры сігнал», — абурыўся Лукашэнка.

Сілавікі ў адказ «уключылі дурку» — інакш не скажаш. Маўляў, Пянькоўскі адчуваў сябе кепска і не выходзіў на сувязь, і такім арыгінальным чынам яны вырашылі завітаць да хворага і справіцца пра стан яго здароўя.


Зразумела, у такой сітуацыі ўсе «вертыкальшчыкі» задумаюцца пра здольнасць Лукашэнкі абараніць «сваіх». А таму Аляксандру Рыгоравічу патрэбная парачка «разносаў» — каб паказаць, што ён усё ж кіруе сітуацыяй.

Таму гэтыя пасяджэнні, і «буйныя мерапрыемствы» будуць выключна прапагандысцкімі акцыямі, прычым, прапагандысцкімі акцыямі «для сваіх», для чынавенства — каб запэўніць іх у звыклай усемагутнасці вышэйшага кіраўніка. Яны павінны паказаць, што «Акела» пакуль што не прамахваецца.

А ў агульнабеларускай сітуацыі яны не зменяць нічога.

Ці варта чакаць «прарываў»?

Для таго, каб у выніку гэтых нарадаў і мерапрыемстваў нешта змянілася, патрэбныя новыя людзі, здольныя не толькі выказваць, але і рэалізоўваць новыя ідэі. Раней шмат аналітыкаў казалі, што ў Лукашэнкі ў гэтым плане — «кароткая лава запасных». Зараз ужо можна з упэўненасцю казаць, што гэтая лава вычарпаная.

Пасля правалу нашай зборнай па хакеі ў спартовых колах пачаўся «ператрус» кіраўнікоў федэрацый. Скажам, Ігара Рачкоўскага на пасадзе старшыні хакейнай федэрацыі змяніў Сямён Шапіра. Пры ўсёй павазе да старшыні Мінскага аблвыканкаму, ці здолее ён падняць хакейны узровень рэспублікі?

Наўрад ці, таму што тая ж Наталля Качанава, якая зараз абмяркоўвала з Лукашэнкам «буйныя мерапрыемствы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы», лічыць нармальным заробак трэнера ў ДЮСШ у 130 рублёў. А з такім трэнерскім заробкам, пагадзіцеся, «школу» у любым відзе спорту не зробіш.


«Ад перамены месцаў складнікаў сума не зменіцца», — гэтая школьная аксіёма тычыцца і любой бюракратычнай структуры. Ад таго, што ў хакеі Рачкоўскага змянілі на Шапіру, а, (напрыклад) Макея заменяць на Купчыну ў МЗС, нічога не дадасца.

Колькі змянілася мэраў Мінска, і амаль кожнаму даручалі «падняць» «Мотавела»! Мэры прыходзяць і сыходзяць, а «Мотавела» дагэтуль непад'ёмны. Колькі чыноўнікаў прыйшло і сышло з задачай «падняць», напрыклад, камвольны камбінат? «Камволь» і зараз там, дзе была.

Каб ад нарадаў у Лукашэнкі была нейкая аддача, трэба не чыноўнікаў з месца на месца перасоўваць, а сістэму гаспадарання мяняць. Можа, і радыя былі б той жа Шорац з Шапірай праявіць ініцыятыву — недурныя ж людзі. Але Лукашэнка адназначна заявіў: ніякіх рэформаў! Вось і вымушаныя чыноўнікі бадзяцца з месца на месца, не ў стане вырашыць праблем.

Усякі раз, калі я чую пра «рэвалюцыйныя перастаноўкі» ў эшалонах улады альбо пра «вялікія справаздачы» ў Лукашэнкі, мне згадваецца знакаміты адэскі анекдот. Пра заняпад бардэлю і пра тое, што «не ложкі перастаўляць трэба, а дзевачак мяняць».

А менавіта з «дзевачкамі» ў нас праблемы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!