Лукашэнка «пераканаўча просіць»: выбары на «годным узроўні» і рост зарплат

«Я вас пераканаўча прашу: арганізаваць трэба на годным узроўні», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, узгадняючы 29 ліпеня прызначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў, паведамляе БелаПАН .


"Партыйных органаў у нас няма, КПСС няма, гэта значыць асобна палітыкай займацца няма каму. Усё засяроджана ў вашых руках на месцы. Гэта, напэўна, збольшага і добра, але недзе ствараюцца і праблемы", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы прызнаў, што насельніцтва крытыкуе ўладу, але ў цэлым яе падтрымлівае. "Людзі нас разумеюць, падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Не без крытыкі, хапае крытыкі. Гэта добра і правільна. Таму трэба размаўляць з людзьмі, ні ў якім разе не павінна быць ніякага націску. Пастаўцеся па-чалавечы да людзей. Натуральна, гэта экзамен, да яго трэба рыхтавацца. Паглядзіце, можа, дзе-небудзь нешта трэба падчысціць, падняць, не толькі ў аграгарадках і раённых цэнтрах — тут мы больш-менш парадак навялі і працоўныя месцы стварылі", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама запатрабаваў ад мясцовых органаў улады забяспечыць рост заработнай платы ў рэгіёнах. "Паглядзіце на выплату заработнай платы. Паспрабуйце зрабіць усё, каб гэтая заработная плата была калі не годнай (усюды гэта не зробіш), то цярпімай, каб людзі разумелі, што сёння ў іх такая зарплата, заўтра пры пэўных умовах яна павінна быць вышэйшай. Абавязкова гэты прырост павінен быць. Але не дзеля таго, што ў нас выбары. Людзі вельмі дрэнна ўспрымаюць, калі гэта робіш з нейкай палітычнай нагоды. Гэтага рабіць нельга", — падкрэсліў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, сёння кіраўнік дзяржавы прызначыў новых старшынь Гомельскага аблвыканкама, а таксама Глыбоцкага, Шумілінскага, Жыткавіцкага, Кармянскага, Валожынскага, Любанскага, Капыльскага, Горацкага, Кіраўскага, Круглянскага, Асіповіцкага і Слаўгарадскага райвыканкамаў.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: