Лукашэнка пра «сігнал з Ціханоўскім», «выкачаныя мільёны» і Канстытуцыю 1994 года

На закрытым для журналістаў выступе ў Салігорску перад актывам Мінскай вобласці Аляксандр Лукашэнка гаварыў не толькі пра каранавірус, але і пра блізкія выбары, а таксама пра сваіх сапернікаў, паведамляе «Еўрарадыё». 

Фрагмент маналогу паказаў "Галоўны эфір" на "Беларусь 1".

Кіраўнік краіны паабяцаў, што цяперашнія выбары будуць "вельмі цікавымі", а пасля выбараў, заінтрыгаваў ён, "будзе яшчэ цікавей".

Па яго словах, галоўнае не тое, хто стане новым прэзідэнтам Беларусі, а тое, што стане "з лапікам зямлі" пасля выбараў:

"Важна, хто будзе прэзідэнт пры цяперашняй Канстытуцыі, але не гэта галоўнае. Не выбары галоўнае. Галоўнае, дзе мы будзем, што будзе з нашым лапікам зямлі, дзе будуць жыць нашы дзеці. Ну і мы ж яшчэ паміраць не збіраемся".

Па словах Лукашэнкі, Беларусь "разрываюць" Еўрасаюз, Амерыка і Расія, для якой Беларусь — "адзінае акно, каб супрацоўнічаць з Еўропай". Але Маскве Лукашэнка раіць "дабром беларусаў да сябе клікаць", а не — " у зямлянках падыхалі, не падохлі":

"Мы і зараз вытрымаем, але з кім вы будзеце? Вы падумайце", — папярэджвае расійскія ўлады Лукашэнка.


Пра справу Бабарыкі

Па словах Лукашэнкі, "Белгазпрамбанк" "накрылі амерыканцы":

"Калі ажыццявілі выемку ў банку — што мяне ўразіла, ва ўсіх асноўных ячэйках ляжалі флэшкі, цвёрдыя дыскі і горы дакументаў. І калі мне далажылі пра флэшкі і цвёрдыя дыскі, я зразумеў, што там велізарны пласт інфармацыі. І ўсе: ах, а чаму яго раней не арыштавалі? А чаму ўчора пірог не з'елі, а ямо сёння? А таму што не гатовыя былі даказаць усё гэта...

І самае галоўнае, вось гэтыя мяшкі чорныя грошай і карцін — іх пачалі рыхтаваць да вывазу з Беларусі. Мы павінны былі спыніць гэтую акцыю. Таму ў гэты час і давялося ажыццяўляць гэтыя мерапрыемствы, калі ўжо ўнікаць абсалютна ў падрабязнасці".

Лукашэнка папрасіў не галасаваць за сябе на выбарах тых кіраўнікоў, якія бяруць хабар, і заявіў, што не пацярпіць зараджэння "алігархату":

"Вы ведаеце, колькі нам давялося спытаць з вашых калегаў, і некаторыя, на жаль, апынуліся за кратамі. Калі вы, нехта, нацэлены на тое, каб штосьці прадаваць танней, атрымліваць адкаты і хабар — мужыкі, не са мной. Вы за мяне не галасуйце... У пераважнай большасці народа жорсткі імунітэт супраць казнакрадства. Наш народ гэта не пацярпіць. Я не магу спарадзіць алігархат у краіне".

Пра Ціханоўскага

Лукашэнка заяўляе, што ў краіне адбываецца "расхістванне абстаноўкі" і што дзякуючы "працверазенню" сёння "не бушуе Салігорск".

"Добра, калі хтосьці садзіцца ў крэсла ўлады прабеларускі — ды ладна ўжо з гэтым Майданам. Праз Майдан, беспарадкі, валакіта — аж да звароту да замежнай дзяржавы. Ці вы гэта выключаеце? А я — не. Я павінен думаць па максімуме. Чаму? Таму што я не ведаю, якія дзеянні яны распачнуць.

Так, я ім даў сігнал з Ціханоўскім. Я нешта не так рабіў? Я перажываў за сваю краіну, за якую я пакуль яшчэ адказваю. І буду адказваць заўсёды — у любой якасці".

Пра Канстытуцыю 1994 года

Лукашэнка лічыць дзіўнымі размовы сваіх апанентаў аб вяртанні да Канстытуцыі 1994 года.

"Можа быць, нехта ёсць у гэтай зале, хто памятае, з чаго мы пачыналі. У мяне валяліся ў парламенце пад трыбунай дэпутаты, калі я выходзіў выступаць. Калі ішла бойка — ніхто нічога не хацеў рабіць, ніхто нічым не займаўся. Ішла бойка паміж новай уладай, якая зараджалася, і старым парламентам. Не трэба нічога, усё на народ перакінулася — страйкі, талоны... Мы з гэтага пачыналі. Вы хочаце туды вярнуцца? Вяртайцеся. Без мяне. Але не дазваляйце вяртацца да таго, ад чаго мы з вамі сышлі".


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: