Лукашэнка пра ўступленне ў ЕС: Яны б з намі праблем не мелі

Сёння ў размове са слухачамі Акадэміі кіравання Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кіраўніцтва Беларусі ніколі не думала аб магчымасці ўступлення краіны ў Еўрасаюз. Хоць прадстаўнікі ЕС такія пытанні задавалі.
Калаж BY24.ORG

Калаж BY24.ORG

Беларускі кіраўнік расказаў, што пытанне аб тым, ці думае кіраўніцтва краіны аб уступленні ў Еўразвяз, яму задаў адзін з прадстаўнікоў ЕС. «Ніколі пра гэта ні я, ні мой урад не думалі і мэты такой не ставілі, — сказаў Лукашэнка. — Але раз задаюць такое пытанне, значыць, яно ў іх сфармавалася недзе. Сапраўды, калі б мы ўступілі сёння ў Еўрасаюз, яны б з намі наогул ніякіх праблем не мелі».

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў, што чытае розную інфармацыю, у тым ліку закрытага характару: «Мне разведка наша даклала аднойчы адзін матэрыял, дзе яны (у Еўрасаюзе, на Захадзе. — Заўвага.) ацэньваюць Беларусь. І што мяне здзівіла (гэта дзесьці гады два таму было), кажуць: самая прасунутая краіна ва Усходняй Еўропе і вакол Еўрасаюза, гатовая без усялякіх зменаў заканадаўства, яшчэ чагосьці ўступіць у Еўрасаюз, — гэта Беларусь. Гэта быў закрыты іх даклад, я прачытаў».

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што нават захаванне ў Беларусі смяротнай кары не стала б нейкім бар'ерам і не з'яўляецца такім для зносін у цяперашні час. «Кажу: народ прагаласуе — адменім. У нас рэферэндум прайшоў. Вы думаеце, мне ў радасць гэтае смяротнае пакаранне, што я падпісваю, і пасля мяне расстрэльваюць чалавека, груба кажучы? Ды сто гадоў гэта мне трэба! Але так прагаласаваў народ, і гэта па Канстытуцыі паўнамоцтвы прэзідэнта ў любой краіне, дзе існуе смяротнае пакаранне», — адзначыў беларускі лідар.

Ён дадаў, што калі гаворка ідзе пра смяротнае пакаранне, ён прыводзіць некалькі канкрэтных прыкладаў жахлівых па сваёй жорсткасці забойстваў, у тым ліку дзяцей.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!