Лукашэнка пра візіт Пуціна на вучэнні: «Калі снарад у адно месца — дваіх адразу не стане»

Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, 20 верасня, наведаў палігон «Барысаўскі», дзе праходзяць беларуска-расійскія сумесныя стратэгічныя вучэнні «Захад-2017». Лукашэнка патлумачыў, чаму на вучэнні не прыехаў Уладзімер Пуцін

Прэзідэнты Беларусі і Расіі загадзя дамовіліся аб асобным ўдзеле ў вучэннях «Захад-2017», заявіў Аляксандр Лукашэнка журналістам, пасля таго як праінспектаваў ход вучэнняў.

Фота: Дар

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY


За актыўнай фазай вучэнняў назіралі таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый (ААН, АБСЕ, НАТА, СНД, АДКБ, МКЧК), ваенна-дыпламатычнага корпуса замежных краін, акрэдытаваныя пры амбасадах сваіх краін у Беларусі, і ваенныя назіральнікі ад Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швецыі і Нарвегіі.

«Першапачаткова мы планавалі, што будзем разам у Барысаве. Але потым вырашылі, што Пуцін на поўначы ў Ленінградскай вобласці, а я ў цэнтры. Я рады, што мне даверылі асноўную пляцоўку вучэнняў», — заявіў Лукашэнка.

«Калі снарад у адно месца — дваіх адразу не стане», — пажартаваў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі заявіў, што тыя мэты, якія ставіліся перад вучэннямі, дасягнутыя.

«Мы ўсе задачы поўнасцю рэалізавалі. Мы адпрацоўвалі дзеянні не толькі ўзброеных сіл нашай арміі, якая ўвесь час дыслакуецца ў Беларусі, але і сістэму тэрытарыяльнай абароны Саюзнай дзяржавы. У Расіі адпрацоўвалі нашы задумы, там працавалі нашы ўзброеныя сілы і наша тэхніка, узбраенне, якое не можа прымяняцца ў нас», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўдзельнікі «паказалі здольнасць нашых узброеных сілаў Беларусі і Расіі па абароне саюза і інтарэсаў нашых дзяржаў».

«Гэта сапраўды была дэманстрацыя нашых магчымасцяў. Без гэтага нельга. Я нават не магу ва ўласцівай сабе манеры вызначыць недахопы гэтых вучэнняў. Усё было на высокім узроўні. І гэтыя вучэнні не насілі паказушны характар. Гэта былі абсалютна практычныя дзеянні. Такія, якія будуць, калі, не дай бог, пачнецца вайна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY

Сёлета чакалася, што кіраўнікі Беларусі і Расіі разам праінспектуюць ход вучэнняў, як гэта было ў папярэднія гады. Аднак Уладзімер Пуцін пабываў на палігоне «Лужскі» ў Ленінградскай вобласці 18 верасня. У Беларусь жа павінен быў прыехаць міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, пра гэта заяўлялі ў абаронных ведамствах дзвюх краін, аднак па невядомай прычыне кіраўнік Мінабароны РФ праігнараваў наведванне палігона «Барысаўскі».

Беларуска-расійскія сумесныя стратэгічныя вучэнні «Захад-2017» завяршаюцца сёння, 20 верасня.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: