Лукашэнка прапанаваў палітзняволеным вызваленне і ўдзел у падрыхтоўцы Канстытуцыі ўзамен на адмову ад пратэстаў

Экс-кіраўнік дзяржавы тлумачыць нечаканыя перамовы з апанентамі сваёй добрай воляй і «гатоўнасцю выслухаць усіх», але ў ягоным атачэнні паведамілі, што гэта вымушаны крок.

Фота «Пул Першага»

Па адной версіі — гэта вынік ультыматуму Масквы, якая патрабуе стабілізаваць сітуацыю ў саюзнай краіне, па іншай — Лукашэнка пайшоў на кампраміс пад ціскам сваіх эліт, пішуць «Адкрытыя медыя».

Сапраўднай сенсацыяй выхадных стаў візіт Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, дзе ён сустрэўся з арыштаванымі палітыкамі. З ліку беларускіх палітвязняў прысутнічалі далёка не ўсе знакавыя фігуры. З Лукашэнкам прывялі пагутарыць экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда, члена прэзідыума КС Лілію Уласаву, каардынатара штаба Бабарыкі Юрыя Васкрасенскага, паліттэхнолага Віталя Шклярава. На сустрэчы таксама былі Кірыл Бадзей (да арышту — в.а. праўлення «Белгазпрамбанка»), а таксама дырэктар IT-кампаніі PandaDoc Дзмітрый Рабцэвіч, юрысты Максім Знак і Ілля Салей.

Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА намякнула, пра што ішла гутарка: «Палова, наколькі я разумею, тут юрысты, і выдатна разумеюць, што Канстытуцыю на вуліцы не напішаш».

Аднак адразу тры крыніцы «Адкрытых медыя» ў беларускім кіраўніцтве — у Саўбезе, у Адміністрацыі прэзідэнта і ў Саўміне — паведамілі, што мэта візіту Лукашэнкі ў СІЗА КДБ — прапанаваць сваім апанентам здзелку. Яны заклікаюць сваіх прыхільнікаў спыніць вулічныя выступы і спробы арганізаваць забастоўкі. Узамен Лукашэнка выпускае апазіцыянераў на свабоду, дзе яны ўвойдуць у склад будучай камісіі па выпрацоўцы новай Канстытуцыі. Калі яна будзе гатовая (ужо ў наступным годзе) — адбудуцца і новыя выбары.

«Масква яшчэ ў першай пасля выбараў размове Лукашэнкі з Пуціным дала Аляксандру Рыгоравічу месяц на падаўленне пратэстаў. Потым гэты тэрмін працягвалі, але цяпер цярпенне Крамля лопнула: роўна два месяцы пасля выбараў прайшло, а пратэсты не суціхаюць, людзі выходзяць на вуліцы як па раскладзе, а ў Вільні Ціханоўская набірае сілу і становіцца сур'ёзным суб'ектам міжнароднай палітыкі, — кажа палкоўнік КДБ, прыкамандзіраваны да Рады бяспекі. — Расійская ўмова падтрымкі: супакоіць «вуліцу» без праліцця крыві, стварыць бачнасць дэмакратычнага абмеркавання новай Канстытуцыі, праз год — змяніць Канстытуцыю і спакойна правесці новыя выбары. Лукашэнка паспрабаваў усё гэта зрабіць, але «вуліца» не сціхае, а правесці абмеркаванне новай Канстытуцыі з «прызначанымі апазіцыянерамі» не атрымліваецца. Вось і застаецца — паспрабаваць гаварыць з ворагамі або сысці».

Іншая крыніца, ужо ў Савеце міністраў Беларусі, пацвердзіла, што прычына нечаканай сустрэчы ў «Амерыканцы» — «неверагодна моцны», як ён выказаўся, ціск з боку Крамля. «Цяпер якраз ідуць перамовы па цане паставак расійскага газу ў Беларусь. На чарзе — пастаўкі нафты. Натуральна, Мінск хоча як мага танней. Вось толькі ранейшы шантаж перастаў працаваць: сёння для Пуціна ўжо не ўяўляе ранейшай каштоўнасці ні ЕАЭС, ні нават Саюзная дзяржава з Беларуссю, — сцвярджае крыніца. — Сварыцца з Захадам, каб атрымаць новыя санкцыі, ён таксама не хоча. Вось Лукашэнку і паставілі ўмову: ты перастаеш строіць з сябе мача, які бегае з аўтаматам, і ідзеш на перамовы, каб спыніліся пратэсты. Запускаеш нармальны палітычны працэс у краіне. Пазбавішся абсалютнай улады, але не ўсёй. Альбо падтрымка РФ спыняецца зусім, і тады Захад разам з унутранай апазіцыяй цябе «парвуць» за лічаныя месяцы».

Аднак трэці суразмоўца, ужо непасрэдна ў атачэнні Лукашэнкі, лічыць, што прычына перамоваў — гэта ціск элітаў, што засталіся ў краіне. Паводле яго версіі, кіраўнікі сілавых структур, вышэйшае і сярэдняе афіцэрства, а таксама высокапастаўленыя чыноўнікі хочуць мець нейкую будучыню ў краіне і пасля Лукашэнкі.

«Усе проста стаміліся баяцца. Вялікія дзядзькі ў кіраўніцтве краіны разумеюць, што група ўлады вакол Лукашэнкі ператвараецца ў звычайную хунту. І калі народ яе змяце — жыцця ў краіне не будзе ні чыноўнікам з вертыкалі ўлады, ні іх дзецям. А яны хочуць жыць і валодаць уласнасцю, з'язджаць у іншую краіну мала хто хоча. Цяпер яны ўжо не разумеюць, чаму іх будучыня і дабрабыт цалкам залежаць ад жаданняў аднаго чалавека, — патлумачыў суразмоўца АМ. — Ім патрэбна палітычнае жыццё ў краіне, яны ўпэўненыя, што змогуць яе кантраляваць у сваіх інтарэсах. Але палітычнае жыццё — гэта дыялог, а не шэрагі АМАПу і БТРы на вуліцах. І зліцця з РФ гэтыя людзі не хочуць: яны як ніхто іншы разумеюць, што тады ў іх тут не будзе ні ўлады, ні ўласнасці».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: