Лукашэнка распарадзіўся «не гнаць людзей на выбары»

Галасаванне на выбарах не павінна быць штучным, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай 6 верасня.



"У нас пачалося датэрміновае галасаванне, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Я хацеў бы звярнуць і вашу ўвагу, і тых, хто арганізоўвае выбары, адказвае за іх на месцах, каб не было ў нас нічога штучнага, каб мы не гналі людзей на выбары, каб мы годна іх правялі, каб гэта сапраўды было свята і мы разумелі, што робім гэта для сваёй краіны і народа".

Паводле слоў Лукашэнкі, яму, вядома, хацелася б, каб на выбары прыйшло як мага больш людзей, бо "гэта — паказчык сувязі паміж уладай і народам, паказчык ацэнкі людзьмі парламенцкіх выбараў, ролі дэпутатаў, парламента ў жыцці нашага грамадства і дзяржавы". "Але тым не менш падкрэсліваю: заганяць людзей на ўчасткі не трэба — трэба іх папрасіць. Трэба папрасіць, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі", — дадаў кіраўнік дзяржавы.


Ёсць меркаванні, што Захад дасць нізкую ацэнку выбарам, калі будзе вялікі працэнт датэрміновага галасавання, адзначыў Лукашэнка. "Я думаю, нам гэтага баяцца не трэба. Вельмі сур`ёзныя сродкі масавай інфармацыі прааналізавалі іншыя краіны — там ніхто не напружваецца з гэтай нагоды. Надвор`е на гэтым тыдні будзе выдатнае, людзі будуць сядзець на лецішчах, на беразе возера, будуць займацца сваімі пытаннямі, і кожны будзе выбіраць момант, калі яму лепш прагаласаваць", — сказаў ён.


Лукашэнка таксама адзначыў, што асабіста яму было б лепш прагаласаваць датэрмінова. "Але я так падумаў, што, калі датэрмінова прагаласую, перавернецца свет, у крайнім выпадку ў Беларусі гэтае месца разломіцца, будзе велізарная бездань. І я ўжо адкідаю ўсе пытанні — збіраюся прагаласаваць ў нядзелю, як звычайна. Таму не трэба напружвацца — датэрмінова ці не датэрмінова. Галоўнае, каб чалавек прагаласаваў. Мы гэта робім для свайго народа", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Пачаў працаваць новы парламент, ціха, спакойна будзем жыць і працаваць. Галоўнае, каб гэтая палітычная кампанія не парушыла мір і спакой у нашай краіне, нам ён вельмі неабходным. Таму я звяртаюся да людзей, каб яны прыйшлі і прагаласавалі на гэтых выбарах так, як лічаць патрэбным", — заявіў Лукашэнка.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, на словы Лідзіі Ярмошынай пра тое, што асвятляць удзел прэзідэнта ў галасаванні збіраецца вялікая колькасць журналістаў, Лукашэнка адказаў: "Усё заклапаціліся, дзе прапаў малодшы сын, я ж чытаю, у тым ліку ўсякі бруд. Я абавязкова з малодшым сынам прыйду, як звычайна. І дзеці прагаласуюць".

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: