Лукашэнка загадаў адлічваць і звальняць пратэстуючых студэнтаў, медыкаў, рабочых. Што з гэтага атрымаецца?

Пра гэта ён заявіў на нарадзе, прысвечанай Усебеларускаму народнаму сходу, паведамляе тэлеграм-канал «Пул першага».


«У сувязі з гэтымі заклікамі з Польшчы і Літвы аб ультыматумах і забастоўках (я ўчора прэм'ер-міністру даручаў і ўсім практычна прысутным тут): нікога не трэба ўгаворваць — ні рабочых, ні студэнтаў, нікога — ні дактароў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужачых.

Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца. Не толькі ён, але і дзеці. Не хочуць рабочыя працаваць — не трэба. Але іх адзінкі, якія не хочуць.

Студэнты. Прыйшлі вучыцца — вучыцеся, хто хоча, той хай вучыцца. Хто выйшаў у парушэнне закону на несанкцыянаваныя акцыі — ён пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я казаў, каго ў армію, а каго на вуліцу. Хай ходзяць па вуліцы, але яны павінны быць адлічаныя з ВНУ.

Тое ж самае выкладчыкі, іх адзінкі, але якія брыдка сябе вядуць у ВНУ.

Паўтараю, нікога не прасіце і не пераконвайце. Мы ў лепшым выпадку загонім іх пад плінтус, з-пад якога яны зноў пасля вылезуць».

Па меркаванні стваральніка «Моцных навінаў» Пятра Кузняцова, такім чынам Лукашэнка падганяе страйк і выводзіць яго на новы ўзровень.

«Цяпер на прадпрыемствах і ў ВНУ ідэолагі будуць шукаць незадаволеных і пратэстоўцаў і звальняць (адлічваць). У сваю чаргу, дырэктарам і рэктарам-прарэктарам прыйдзецца звальняць лепшых рабочых і адлічваць лепшых студэнтаў. Гробячы вытворчасць або, як у выпадку з навучальнымі ўстановамі— паказчыкі паспяховасці.

Замкнёнае кола: калі яны вырашацца на гэта, у краіне паступова разбурыцца прыкладна усе. Калі яны на гэта не будуць вырашацца, Лукашэнка атрымае непрацуючую вертыкаль, якая фактычна страйкуе», — напісаў Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале «Такія справы».

«Ці ён гаворыць гэта проста, каб папалохаць. Аднак плюсаў для ўлады не праглядаецца ні ў адным з магчымых сцэнарыяў. Скрозь мінусы», — адзначае Кузняцоў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: