Маці беларуса, які ваяваў за Украіну, папрасіла дапамогі ў Парашэнкі

Яе сын быў затрыманы ў Беларусі і асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення свабоды.
Людміла Посьпіх. Фота youtube.com/screen

Людміла Посьпіх. Фота youtube.com/screen

Маці беларуса Тараса Аватарава (да 2011 года ён насіў прозвішча Посьпіх), асуджанага ў Беларусі на 5 гадоў за правоз зброі з Украіны ў Беларусь, звярнулася па дапамогу да прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.
Як паведамляе ўкраінскае «Громадське радіо», Людміла Посьпіх заклікала Парашэнку «абараніць не толькі майго сына, але і ўсіх дабравольцаў, якія ваявалі і ваююць за цэласнасць Украіны». Паводле жанчыны, гэтыя людзі сёння аказаліся непатрэбнымі ні ва Украіне, ні ў дзяржавах, дзе яны жылі.

Людміла Посьпіх лічыць, што яе сына, які ваяваў у атрадзе «Правага сектару», у Кіеве захапілі і перадалі ў Беларусь расійскія спецслужбы. Паводле яе, зброю, якая была знойдзеная ў яе сына, яму падкінулі. Жанчына мяркуе, што беларусы хацелі прадэманстраваць Маскве, што змагаюцца з «Правым сектарам», які ў Расіі з’яўляецца забароненай арганізацыяй.

29-гадовы на той час Тарас Аватараў быў затрыманы ў лістападзе 2015 года на чыгуначным вакзале пасля вяртання з Украіны.

Як паведамілі беларускія праваахоўныя органы, у яго пры сабе была бронекамізэлька, сігнальны пісталет і самаробнае выбуховае прыстасаванне.

www.radyjo.net




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: