Маці Сяргея Ціханоўскага пасля візіту ў Следчы камітэт забрала хуткая дапамога

Маці Сяргея Ціханоўскага Сафію Яфрэмаўну забрала хуткая. Пасля візіту ў Следчы камітэт у жанчыны адбыўся гіпертанічны крыз, распавёў «Белсату» прэсавы сакратар Святланы Ціханоўскай Аляксандр Кабанаў.
У справе з затрыманым блогерам Сяргеем Ціханоўскім да гэтага часу няма ніякіх падрабязнасцяў. Абвінавачванне яму пакуль не выставілі. Следчы камітэт працягвае допыт і расследаванне. Сёння маму блогера Сафію Яфрэмаўну выклікалі на размову следчыя.

«Там у яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні, таму не ведаю дакладна, пра што вялося ў камітэце. Але пасля размовы ёй стала кепска і выклікалі хуткую дапамогу. Яе шпіталізавалі з гіпертанічным крызам», – распавёў «Белсату» Аляксандр Кабанаў.

Паводле прэсавага сакратара Ціханоўскай, Святлана працягвае ўдзел у выбарчай кампаніі. Запланаваныя шэраг пікетаў. Святлана пачынае камунікаваць з журналістамі.

«Мы зрабілі вялікае інтэрв’ю з «Times», Бі-Бі-Сі, сёння запланаваны жывы эфір на тэлеканале «Дождь». Святлана прыходзіць у сябе, мы працуем», – распавёў Аляксандр Кабанаў.

Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. Затрыманне адбылося пасля таго, як адна з прысутных на пікеце жанчын справакавала канфлікт з Ціханоўскім, прыбылі міліцыянты, завязалася штурханіна. У выніку міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў. Паводле міліцыі, пацярпелі двое працаўнікоў, яны шпіталізаваныя.

Паводле праваабаронцаў, агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек. У іх прайшлі ператрусы. 4 чэрвеня падчас трэцяга ператрусу на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскім раёне следчая група знайшла 900 тысяч долараў. Жонка блогера Святлана Ціханоўская назвала гэта правакацыяй.
Праваабарончыя арганізацыя Беларусі прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць ягонага вызвалення. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць быць уведзеныя новыя санкцыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: