«Майданаў у Беларусі не будзе». Лукашэнка сказаў кіраўніку КДБ, што «ведае, адкуль на нас дзмуць вятры»

Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржаўнай бяспекі Валерыя Вакульчыка і загадаў захоўваць пільнасць у гэты няпросты час, піша «Свабода»

Старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык


«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандр Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў. Тым больш вывучаючы ў свой час гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю.

Адметнай асаблівасцю сённяшняга этапу з’яўляецца тое, што ўсё ж мы навучыліся змагацца з гэтымі вятрамі і ўраганамі. Тады мы змагацца не ўмелі. Таму і не мелі суверэннай і незалежнай дзяржавы».

«Заўсёды нас дзялілі на часткі, далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзеленыя. Таму сёння гэтага дапусціць нельга», — дадаў Лукашэнка.

У Мінску на мінулых выходных прайшлі масавыя сходы ў многіх гарадах, людзі збіраліся ў чэргі, каб падпісацца за апанентаў Лукашэнкі, патрабавалі пераменаў.


«Мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў»

«Дзяржаўная бяспека — аснова асноваў, — казаў Лукашэнка Вакульчыку. — І Камітэту дзяржаўнай бяспекі ў гэтым плане належыць разам з прэзідэнтам вядучая роля ў абароне незалежнасці і суверэнітэту нашай дзяржавы.

Мы абсалютна ведаем мэты, якія пераследуюць тут асобныя ветрагоны. Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў або ў дзень прэзідэнцкіх выбараў. Так яны планавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых “майданутых” хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі не будзе».

«У нас няма Пашынянаў і Зяленскіх»

«Не трэба нас параўноўваць, як нядаўна газета суседняй краіны папісвала, што тут у нас з’явіліся новыя Пашыняны, новыя Зяленскія, і ў нас ледзь не сітуацыя ці то як у Арменіі, ці то як ва Украіне, — заклікаў Лукашэнка. — Павінен сказаць, што сітуацыя па-рознаму можа складацца. Толькі ў нас няма Пашынянаў і Зяленскіх.

Як бы там ні адбываліся ў Арменіі і Украіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя — і Зяленскі, і Пашынян. Я ўжо з імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае — патрыёты сваёй краіны. Яны адданыя сваёй краіне».

На думку Лукашэнкі, хтосьці хоча «за капейку прадаць усё тое, што тут было створана не толькі прэзідэнтам, не толькі ўладай — народам было створана».

Выказваць пазіцыю — на кухню ці шэсць «бангалораў»

«Мы нікому не будзем закрываць рот, — паабяцаў Лукашэнка. — Калі ласка: вызначаны месцы ў Мінску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весці дыскусію. Па-мойму, у Мінску гэта шэсць пунктаў. Нашая справа — кантроль, каб вы не выйшлі за рамкі. Шэсць пунктаў у Мінску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбяспекі разам з міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусціць парушэння закону».

«Людзі павінны пайсці самі і дыскутаваць. Хочуць на кухні — калі ласка, — дазволіў Лукашэнка. — Але каб не перашкаджалі іншым людзям.

Мы павінны выканаць парадак. У краіне павінен быць парадак. Мы не павінны дапусціць, каб рознага кшталту шайкі і банды крымінальнікаў блукалі па краіне з закасанымі рукавамі: людзі, не дай Бог, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусціць не павінны. І я гэтага не дапушчу.

Я ўжо вайскоўцам казаў: адзін буду супраць іх змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае людзей у пагонах, здольных абараніць сваю краіну. Яны разумеюць, што ў гэтай краіне жыць іхным дзецям. Нашым дзецям, вашым, не толькі нам самім яшчэ. Мы ж паміраць не збіраемся».

І з эканомікай таксама пандэмія

Лукашэнка сказаў Вакульчыку, што хацеў бы пачуць ад яго пра «стан справаў у Беларусі з пункту гледжання Камітэту дзяржаўнай бяспекі» — не толькі пра «гэтых, якія нам майдан спрабуюць зладзіць», але і пра эканоміку, харчы, войска і іншыя кірункі. Ён адзначыў, што ў краіне ідзе «адразу некалькі пандэміяў», і толькі адна з іх у галіне аховы здароўя:

«Дзякуй Богу, што мы паволі пераадольваем яе, — казаў Лукашэнка Вакульчыку пра пандэмію каронавірусу. — Тут ужо не скажаш, што мы хлусім. Ідзіце ў лякарню, глядзіце і гэтак далей».

Але на яе, казаў Лукашэнка, наклаліся «палітычная пандэмія» ў сувязі з беларускімі прэзідэнцкімі выбарамі, «эканамічная пандэмія» праз «крызіс ва ўсім свеце», які «ня нашая віна, бяда нашая», і «шэраг іншых пандэміяў, якія блукаюць вакол нашых межаў, але пакуль баяцца сунуць нос сюды», у тым ліку «інфадэмія» з інтэрнэту — «гэтай сметніцы», з якой «нам у тым ліку родныя браты праблемаў падкідваюць у СМІ».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: