Макрон прапануе Лукашэнку сысці не ад свайго імя — гэтая пазіцыя ўзгоднена з Пуціным

Заява французскага прэзідэнта Эмануэля Макрона, што Лукашэнка павінен сысці з пасады прэзідэнта Беларусі, а таксама яго сустрэча са Святланай Ціханоўскай у Вільні — не толькі адно з наступстваў нежадання афіцыйнага Мінска ўступаць у камунікацыю з заходнімі сталіцамі, але і пазіцыя, якую Макрон узгадніў у размове з расійскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным.


Яна адлюстроўвае настроі ў Крамлі, піша працоўны телеграм-канал Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

Як лічаць эксперты цэнтру, раней беларускі крызіс абмяркоўваўся падчас візіту расійскай міжведамаснай дэлегацыі ў Парыж 9 верасня. Расійская дэлегацыя ў складзе 15 чалавек на чале са спецпрадстаўніком Пуціна па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інфармацыйнай бяспекі Андрэем Круцкіх сустрэлася з паслом Францыі па лічбавых пытаннях Анры Вердз’е. На сустрэчы таксама прысутнічалі Гіём Пупо, генеральны дырэктар французскага агенцтва кампутарнай бяспекі ANSSI (Agence Nationale de la Sécurité des Systèmes d'information), і яго контрагенты з ФСБ.

«Хоць афіцыйная павестка абмяжоўвалася абмеркаваннем пытанняў кібербяспекі, сустрэча перш за ўсё выкарыстоўвалася расійскім бокам для таго, каб прадставіць Парыжу свае тлумачэнні і бачанне інцыдэнту, які тычыцца атручвання Аляксея Навальнага. Значная частка часу была прысвечана і абмеркаванню беларускага палітычнага крызісу, але гэта абмеркаванне толькі пацвердзіла нашы ранейшыя ацэнкі — Парыж не збіраецца аспрэчваць ўплыў Расіі і ўмешвацца ў палітычны крызіс у Беларусі, а таксама гатовы даць карт-бланш на актыўныя дзеянні Расіі на беларускім кірунку па змене рэжыму ў Мінску», — лмчаць даследчыкі.

Як і ў выпадку з падрыхтоўкай Мінскіх пагадненняў па расійска-ўкраінскім канфлікце, Парыж гатовы цалкам пакласціся на дарожную карту вырашэння беларускага крызісу, распрацаваную ў Крамлі. Яе абавязковы характар можа быць замацаваны новым самітам у нармандскім фармаце і спецыяльнай кантактнай групай АБСЕ па беларускім крызісе.

Тым часам, Святлана Ціханоўская актыўна прасоўвае план па вырашэнні крызісу ў Беларусі, які прапануе патэнцыйны ўдзел ЗША, ЕС і Расіі ў арганізацыі дыялогу аб правядзенні новых выбараў. Гэтае пытанне яна абмяркоўвала, у прыватнасці, падчас перамоваў з намеснікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорджам Кентам.

Нагадаем, што яшчэ да сустрэчы з Ціханоўскай прэзідэнт Францыі ў інтэрв’ю Le Journal du Dimanche заявіў, што Лукашэнка павінен сысці. «У Беларусі адбываецца крызіс улады, аўтарытарнай уладзе, якая не можа прыняць логіку дэмакратыі і спрабуе ўтрымацца сілай. Ясна, што Лукашэнка павінен сысці», — сказаў Макрон.

Пры гэтым ён адзначыў, што частка адказнасці ляжыць на Расіі. «Я размаўляў з Уладзімірам Пуціным 14 верасня, у дзень, калі ён прымаў Лукашэнку ў Сочы. Я яму сказаў, што Расія можа адыграць ролю, і гэтая роля можа былі пазітыўнай, калі ён падштурхне Лукашэнку паважаць «праўду скрыняў» (для галасавання) і вызваліць палітычных зняволеных», — заявіў Макрон.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: