Малавядомыя факты пра дачыненні Лукашэнкі і Парашэнкі

Аляксандар Лукашэнка 20–21 ліпеня наведае з афіцыйным візітам Украіну. Ён правядзе перамовы з сваім украінскім калегам Пятром Парашэнкам — у фармаце «сам-насам» і ў пашыраным складзе. Што аб'ядноўвае двух кіраўнікоў дзяржаў?


Кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць развіццё палітычнай, гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай супрацы паміж Украінай і Беларуссю.

«Асноўная ўвага будзе нададзеная цяперашняму стану і перспектывам узаемадзеяння ў эканоміцы, у тым ліку ў такіх сферах, як гандаль, інвестыцыі, прамысловая кааперацыя, нафтахімічны комплекс, энергетыка, сельская гаспадарка, транспартна-лагістычная галіна, развіццё міжрэгіянальнага дыялогу. Плануецца таксама ўзгадніць падыходы да далейшага развіцця прымежнай супрацы. Лукашэнка і Парашэнка абмяркуюць сітуацыю ў рэгіёне ў цэлым, абмяняюцца думкамі ў галіне міжнароднай праблематыкі», — паведамляе прэсавая служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

1.

Вельмі імаверна, што сёлета таваразварот Беларусі і Украіны перасягне 4 мільярды даляраў. За паўгода адпаведная лічба перавысіла 2 мільярды. Летась дзяржавы здолелі зліквідаваць ключавыя бар’еры для ўзаемнага доступу на рынкі. У выніку ў 2016 годзе аб’ём таваразвароту склаў 3,8 мільярда даляраў з прыростам у 10%. Украіна пацвердзіла статус другога паводле значнасці гандлёвага партнёра Беларусі. Яе доля ў агульным таваразвароце Беларусі склала 7,5%. У сваю чаргу доля беларускай прадукцыі ва ўкраінскім імпарце таксама складае больш за 7%.

 

За студзень-сакавік 2017 году Беларусь экспартавала ва Украіну 1799 трактароў​

2.

Крэмль пакуль трывае тое, што беларускім бензінам і саляркаю з расейскае нафты ўкраінцы запраўляюць танкі і бронетранспарцёры. Беларусь прадае ва Украіну найперш прадукты перапрацоўкі расейскай нафты. Украінцы запраўляюць гэтым бензінам і саляркай танкі і бронетранспарцёры, якія рушаць у зону АТА. Крэмль пакуль гэта трывае. Магчыма, паміж Крамлём і Лукашэнкам ёсць нейкая дамова на гэты конт, пра якую мы не ведаем. Афіцыйна Расея дагэтуль не ставіць рубам гэтага пытання. І гэта дзіўна, бо каб такое было, напрыклад, у Злучаных Штатах альбо ў Нямеччыне, там палітыкі адразу ўзнялі б велізарны вэрхал.

3.

Беларускія нафтапрадукты для Украіны найтаннейшыя. Беларусі такія пастаўкі выгодныя. Украіна бярэ нафтапрадукты ў нас ахвотна. Такую ж прадукцыю нашы суседзі купляюць у Румыніі, Польшчы, Венгрыі. Але попыт на беларускія вырабы найбольшы, бо яны больш якасныя.

4.

Ці прадаюцца праз Беларусь украінскія рухавікі для расейскіх баявых караблёў? Раней Расея купляла ва Украіне рухавікі для баявых караблёў. Пасля акупацыі Крыму гэтыя ўгоды спыніліся. І ў расейскім флоце, асабліва Балтыйскім, з’явіліся сур’ёзныя праблемы. Экспэрты не выключаюць, што Расея таемна праз Беларусь закупляе гэтыя рухавікі.

5.

Беларусь найперш купляе ва Украіне метал і харчы. Мэтал неабходны для будаўніцтва. А ўкраінскія харчы і якасныя, і таннейшыя. Пакуль у нашым рэгіёне на рынку харчавання дамінуе Расея. Але эксперты прагназуюць: гадоў праз 5–6 лідарскія пазіцыі пяройдуць да Украіны ў вельмі шырокім спектры, пачынаючы з пшаніцы і канчаючы гарбузамі. У нашых паўднёвых суседзяў тут добрыя перспектывы.

6.

На ўкраінскіх адыходах сланечніку трымаецца ўся немалая беларуская курыная прамысловасць. Ёсць такая цікавая і, магчыма, незразумелая для неспецыялістаў пазіцыя — закупы ва Украіне адыходаў сланечніку. Летась Беларусь закупіла іх больш чым на 100 мільёнаў даляраў, і гэта стала першай пазіцыяй паводле цэнаў у нашым імпарце з Украіны. Сакрэт такі: на гэтых адыходах трымаецца ўся немалая беларуская курыная прамысловасць.

 

7.

Праз некалькі гадоў плынь тавараў паміж Беларуссю і Украінай будзе ўсё ж зніжацца. Кіеў абраў курс на ЕС, і менавіта гэты рынак становіцца для яго найбольш перспектыўным. Гэта працэс аб’ектыўны. Ён адлюстроўвае еўрапейскі вектар Украіны.

8.

Ці называе Лукашэнка Парашэнку Пецем альбо Пятром, застаецца толькі здагадвацца. Трэба аб’ектыўна аддаць належнае Лукашэнку. Калі ён захоча камусьці спадабацца, то ён гэта зробіць. Можа тут не зусім правільна казаць «заваяваць давер». Але «выклікаць сімпатыі» ён можа. Таму ці называе Лукашэнка Парашэнку Пецем альбо Пятром, застаецца толькі здагадвацца. Цалкам такую імавернасць эксперты не выключаюць.

9.

Падобна, што адносіны двух лідараў усё ж прыязныя.. Мы не можам прысутнічаць на іх асабістых размовах, але гэта відаць падчас тэлевізійных трансляцыяў. Многія памятаюць негатыўную рэакцыю ўсіх трох расейскіх прэзідэнтаў — Ельцына, Пуціна, Мядзведзева — на пэўныя выказванні Лукашэнкі. І гэтая рэакцыя лёгка праглядалася на іх тварах. Пра Парашэнку такога не скажаш. Калі ў сталіцы Беларусі афармляліся менскія пагадненні, тэлебачанне колькі разоў паказвала моманты камунікацыі двух прэзідэнтаў. І нейкай непрыязнасці на тварах ані Лукашэнкі, ані Парашэнкі не было. А вось з прэзідэнтам Расеі ў Менску непаразуменні былі, што і падкрэслівалі розныя медыі.



10.

У Беларусі Парашэнка мае свае асабістыя бізнэс-інтарэсы. Гэта ягоны «Roshen». І бізнес прэзідэнта Украіны ў Беларусі дастаткова паспяхова развіваецца. Але ж усякі вялікі бізнес тут не можа існаваць без добразычлівасці беларускага прэзідэнта. І гэта яшчэ адзін чыннік сяброўскіх адносінаў Лукашэнкі і Парашэнкі".

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: