«Маму пераводзілі ў цесную камеру, каб навяла там парадак». Як жыве ў турме медыяменеджарка Юлія Слуцкая

Летась 22 снежня па прылёце з адпачынку ў мінскім аэрапорце затрымалі заснавальніцу «Прэс-клуба», журналістку Юлію Слуцкую. Ад таго часу яна, як і яе сын Пётр, за кратамі. Пра турэмны побыт і лайфхакі з-за кратаў «Свабода» распытала дачку Юліі — Аляксандру.

22 снежня 2020-га ў «Прэс-клуб» прыйшлі сілавікі. У офісе і дома ў супрацоўнікаў адбыліся ператрусы ці агляды. У той дзень затрымалі кіраўніцу праекта Юлію Слуцкую, праграмнага дырэктара Алу Шарко, фінансавага дырэктара Сяргея Альшэўскага, кіраўніка Акадэміі «Прэс-клуба» Сяргея Якупава, аператара Пятра Слуцкага і былую журналістку БТ Ксенію Луцкіну.

31 снежня ім прад’явілі абвінавачанні. Слуцкую абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, Шарко, Альшэўскага, Луцкіну і Пятра Слуцкага — у саўдзеле ў злачынстве. Сяргея Якупава, грамадзяніна Расіі, выслалі з краіны з забаронай на ўезд на бліжэйшыя 10 гадоў.

«Падатковая так і не паказала вынікі праверкі»

Чацвёрты месяц Юлія Слуцкая, яе сын Пётр і іншыя фігуранты справы «Прэс-клуба» — за кратамі. Юлію вінавацяць ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, але падатковая так і не паказала вынікі сваёй праверкі.

«Хутка чатыры месяцы, а вынікаў праверкі няма. Няма аніводнай паперы, якая б гаварыла, што яны мусілі сплаціць больш падаткаў, чым сплацілі. За апошнія два месяцы ў маці быў адзін допыт, у Пятра допытаў не было наогул», — расказвае Аляксандра.

І прыгадвае: Юлія не думала пра затрыманне, што гэта магчыма. Аляксандра стараецца насіць маці перадачы кожны дзень, бо перадаваць можна не ўсё, а ў турме прадукты хутка псуюцца.


«Нельга зварыць кавалак мяса і перадаць туды»

Спісы прадуктаў, якія можна перадаваць за краты, складаліся яшчэ ў Савецкім Саюзе і з таго часу не мяняліся, расказвае Аляксандра.

«У межах спіса перадаваць можна ўсё, праблемы няма. Чамусьці можна апельсіны, але нельга грэйпфруты, можна цукар, а соль нельга. З гародніны можна толькі цыбулю, часнык, агуркі, памідоры і перац, іншае — нельга. Маці скардзіцца, што харчаванне не збалансаванае. Зварыць і перадаць кавалак мяса нельга, можна вэнджаную каўбасу. З турэмнага харчавання есці нічога немагчыма. Маці бярэ пустую міску і заварвае ў ёй суп, з тых, што я перадаю», — кажа Аляксандра. 

Ліст Юліі Слуцкай з-за кратаў.

«Маці пабывала ў малой транзітнай камеры»

26 сакавіка Аляксандра даведалася, што маці перавялі ў іншую, малую камеру, там яна правяла чатыры дні.

«Гэта аказалася камера 6 квадратных мэтраў на 6 чалавек. Там была студэнтка Ксюша Сырамалот, а таксама асацыяльныя асобы, бамжы. Была жанчына пад наркатычным ап’яненнем, якая крычала ўсю ноч. Камера брудная, транзітная. З чым гэта звязана, незразумела. Маці лічыць, што яе туды пасадзілі як носьбіта турэмнага досведу, каб навяла там парадак, яе там прызначылі галоўнай. Маці і там знайшла плюсы, было больш дзённага святла, быў бачны кавалак вежы ў акно. Усе выцяжкі ў камеры замазаныя, бо праз іх раней перамаўляліся. Пасля маці вярнулі ў іншую камеру», — кажа Аляксандра.

Цяпер зняволеных амаль не выводзяць на прагулкі, бо «гуляць выводзяць, калі хочуць усе, але знаходзяцца тыя, хто гуляць не хоча».

«Кнігі перадаваць нельга, але ёсць бібліятэка»

На Валадарскага можна набыць кнігу праз кнігарню для турэмнай бібліятэкі і паведаміць пра гэта сваім сваякам, тлумачыць Аляксандра.

«Бібліятэка добрая, але спісу кніг няма. Ты замаўляеш кнігу наўздагад: пашанцуе — прынясуць. Апошні раз маці чытала Караткевіча і Санд», — прыгадвае Аляксандра.

«Пётр піша, што жыве ў рэжыме ката́»

Родны брат Аляксандры і сын Юліі Пётр Слуцкі — таксама ў турме на Валадарскага. У яго камеры 24 чалавекі.

«У іх там трохʼярусныя нары, натоўп мужыкоў, памыцца можна раз на тыдзень толькі. Хлопцы нармальныя, кагосьці Пётр вучыць англійскай мове. Гуляюць у нарды, па ранках глядзяць турэцкі серыял па БТ. Увечары ў іх гульня — паглядзець навіны па дзяржаўнай тэлевізіі і разабрацца, хто што зразумеў паміж радкоў», — апісвае Аляксандра.

Пётр піша з турмы, што жыве «ў рэжыме ката́ — паспаў, паеў, толькі латка не хапае».

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: