Марфе Рабковай працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Праваабаронцы, каардынатарцы Валанцёрскай службы "Вясны" Марфе Рабковай працягнулі меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай яшчэ на адзін месяц. Яна застаецца ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак

Марфа Рабкова. Фота з сацыяльных сетак

У лісце да свайго мужа Вадзіма Жаромскага Марфа паведамляе, што яе справу збіраюцца перадаць у суд у бліжэйшы час, да Новага года. Таксама ў лісце яна піша, што супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія прыходзяць да яе ў камеру, кажуць аб змене меры стрымання ў выпадку, калі Марфа "зменіць свае паводзіны". Але гэтага яна рабіць не збіраецца.

Урыўкі ліста Марфы Рабковай да мужа

Гэты ліст — першы, які атрымаў яе муж за два месяцы з моманту затрымання Марфы. У апошні час Марфа атрымлівае шмат лістоў і паштовак ад розных людзей, але інфармацыйная блакада карэспандэнцыі ад сваякоў працягваецца да гэтага часу. Так, бацькі праваабаронцы за гэты час не атрымалі ніводнага ліста ад дачкі, а яна не атрымала лістоў ад іх.

Вядома, што ўмовы ўтрымання Марфы пакідаюць жадаць лепшага. Яна сядзіць у невялікой камеры без рамонту, са столі сыплецца пабелка, а туалет — гэта проста дзірка ў падлозе. Аднак, як адзначае Марфа, усё можна вытрымаць.

У лісце, які атрымаў ад Марфы магілёўскі праваабаронца "Вясны" Аляксей Колчын, яна піша, што днямі яна чытае, адказвае на лісты і шмат разважае пра тое, што адбываецца ў краіне і ў свеце. Некалькі тыдняў таму яна прыхварэла, але хутка справілася з хваробай. І нягледзячы на інфармацыйную блакаду да яе ўсё ж дайшла вельмі добрая навіна з дому — у яе бацькі, які лечыцца ад анкалогіі, хвароба перастала развівацца. Таксама Марфа піша, што не губляе надзеі сустрэць Новы год у коле блізкіх людзей, і верыць, што справядлівасць абавязкова пераможа.

Урывак ліста Марфы Рабковай да праваабаронцы Аляксея Колчына

Урывак ліста Марфы Рабковай да праваабаронцы Аляксея Колчына

Нагадаем, каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова была затрыманая 17 верасня ў Мінску. Ёй прад'яўлена абвінавачванне па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Цяпер Марфа знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Марфа прызнаная палітычнай зняволенай і вязнем сумлення.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: