Марыне Хоміч вынеслі папярэджанне

Лідару Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Кальварыйская акруговая камісія вынесла папярэджанне за тое, што побач з яе пікетам сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі раздаваў буклеты БХД.

Марына Хоміч


Тое, што ў буклетах не было ні слова пра Марыну Хоміч, а адпаведна не можа трактавацца як парушэнне выбарчага заканадаўства, камісія не прыняла да ўвагі. Апроч таго, адна з сябраў камісіі на пасяджэнні пацвердзіла, што сапраўды прыходзіла на пікет і абражала сябраў ініцыятыўнай групы Марыны Хоміч.


“Але на пасяджэнні ўсе сябры камісіі паводзілі сябе агрэсіўна, выкарыстоўваючы такія выразы, як “мы ведаем, колькі вам плацяць”. Таксама яны сказалі, што з’яўляюцца добрымі сябрамі, а жанчына, якая абражала актывістаў, зрабіла ўсё правільна. І нават на пасяджэнні сябры камісіі не маглі схаваць сваёй нянавісці да дэмакратычнай апазіцыі. На пытанне, чаму добрыя сябры патрапілі ў склад акруговай камісіі, а не незалежныя прадстаўнікі, яны не знайшлі, што адказаць”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі, які прысутнічаў на пасяджэнні.


Сябры камісіі таксама сказалі, што маглі мяне не рэгістраваць, бо некаторыя сябры ініцыятыўнай групы адмовіліся ад удзелу. Маўляў, велікадушна дазволілі мне ўдзельнічаць. Што гэта за такія паўнамоцтвы ў камісіі? Калі ў мяне сапраўды былі парушэнні, дык на якой падставе яны мяне зарэгістравалі? Пайшлі на парушэнне закону? А калі парушэння не было, значыць, яны проста мусілі мяне зарэгістраваць”, — падкрэсліла Марына Хоміч.


Зараз плануецца падача скаргаў у ЦВК і ў міліцыю на дзеянні сябраў акруговай камісіі.


bchd.info



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!