Масква і Захад усё яшчэ могуць дамовіцца ў беларускім пытанні

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч распавёў Свабодзе, што ў Крамлі хацелі б, каб Беларусь перастала быць праблемай, і лічыць, што беларускі крызіс не павінен скончыцца геапалітычным процістаяннем Захаду і Ўсходу.


 — Падчас візіту міністра замежных спраў беларускія і расейскія кіраўнікі даволі шмат казалі пра супрацьстаянне з Захадам. Складаецца ўражанне, што афіцыйны Менск хоча сваёй рэзкай антызаходняй рыторыкай прывязаць Крэмль да сябе — маўляў, Захад ваюе не з нелегітымнай беларускай уладай, а гэта напад і на Расею. Ці паддасца Масква на такі «братэрскі» шантаж, ці яна захоча хутчэй адстараніцца ад такога «праблемнага актыву», як Лукашэнка?

— Калі крызіс у Беларусі будзе працягвацца, то, відавочна, у Маскве будзе ўсё больш жадання ад такога «праблемнага актыву» пазбаўляцца. Ужо Крэмль паказваў, што будзе рухацца ў гэтым кірунку — нагадваў пра канстытуцыйную рэформу, казалі, што трэба наладзіць нацыянальны дыялог, былі словы і пра тое, што новыя выбары варта правесці (такія рэчы запускалі эксперты, блізкія да Крамля). Цяперашняя лінія Крамля прадугледжвае прасоўванне ў Беларусі палітычных зменаў, Масква нагадвае Лукашэнку, што трэба вырашаць сітуацыю, палітычны крызіс.

Антызаходняя рыторыка Менску для Расеі — гэта проста рыторыка. Для Расеі важна паказаць Захаду, што той мусіць трымацца далей ад беларускіх падзеяў, што тут зона расейскага ўплыву. Для Менску, як вы слушна сказалі, сэнс антырасейскай рыторыкі — гэта прывязаць да сябе ўсходняга партнёра. Не думаю, што гэта ўсур’ёз успрымаецца ў Крамлі, але гэта для Менску ў тым ліку гульня на расейскую публіку і на расейскіх сілавікоў.

— Сярод людзей, якія ў Беларусі пратэстуюць супраць нелегітымнай улады, ёсць самае рознае стаўленне да Расеі. Ёсць успрыняцце цяперашняй Масквы як безумоўнага ворага дэмакратыі і ворага праеўрапейскай перспектывы. І ёсць другі погляд, што з Масквой трэба весці размову, дыялог, разумеючы яе ролю і ўплыў на беларускую сітуацыю. Якое, на вашу думку, павінна быць стаўленне да афіцыйнай Масквы з боку каманды Ціханоўскай, з боку ўсіх тых палітыкаў, хто змагаецца за перамены ў Беларусі?

— Расея застаецца важным чыннікам беларускай замежнай і ўнутранай палітыкі. Таму адзінай стратэгіяй, якая працуе, можа быць толькі другая — так ці іначай з Расеяй трэба працаваць, разумець яе інтарэсы, улічваць іх. Толькі ў такім выпадку можна разлічваць калі не на падтрымку, то на нейтралітэт, і на такія крокі, якія не будуць ускладняць сітуацыю.

Пазіцыя Расеі наконт дэмакратыі не настолькі адназначная. Для Масквы важна, каб Беларусь заставалася ў сфэры яе ўплыву. Калі гэта адбудзецца ва ўмовах нейкага гібрыднага рэжыму, то Расея гатовая ўспрымаць і гібрыдны рэжым. Я б нагадаў, што на постсавецкай прасторы ёсць дзяржавы і ўтварэнні, якія знаходзяцца ў арбіце расейскай палітыкі і разам з тым не з'яўляюцца аўтарытарызмамі. Гэта Кыргызстан, Арменія, Абхазія, дзе некалькі разоў ужо мяняліся прэзідэнты, Прыднястроўе, якое пасля Смірнова мае гібрыдны рэжым. У пэўнай лёгіцы гэта нават больш выгадна, чым мець у партнёрах моцнага дыктатара, з якім цяжэй дамаўляцца, на якога цяжэй уплываць, які можа парушаць дамоўленасці і правілы. Дэмакратыя ў гэтым сэнсе значна лягчэйшы партнёр.

Што тычыцца еўрапейскай перспектывы, то тут, вядома, Расея не хацела б, каб у выніку змены ўлады пазіцыі Еўропы ў Беларусі ўзмацніліся.

Трэба разумець і тое, што будзе, калі Расея будзе падтрымліваць Лукашэнку. Маскве трэба будзе фінансаваць рэжым. Крызіс — эканамічны, палітычны — улада не можа вырашыць, толькі яго ўзмацняе. І гэта таксама для Расеі праблема. У Крамлі хацелі б, каб Беларусь перастала быць праблемай, каб яна проста была краінай у арбіце расейскага ўплыву.

— 26 лістапада, у адзін дзень з візітам міністра Лаўрова ў Менск, Еўрапарламент прымае даволі жорсткую рэзалюцыю па Беларусі. За ранейшыя гады беларусы звыклі, што ў адказ на рэпрэсіі ўладаў еўрапейскія структуры прымаюць пэўныя рэзкія рэзалюцыі і заявы. Ці можна сказаць, што цяпер сітуацыя кардынальна іншая? Па-першае, Лукашэнка ўжо не ўспрымаецца як кіраўнік дзяржавы, краіны Захаду заявілі пра ягоную нелегітымнасць. Па-другое, упершыню ёсць згода наконт магчымасці і нават неабходнасці ўводзіць не толькі візавыя, але і эканамічныя санкцыі.

— Сітуацыя сапраўды адрозніваецца і ад 1996, і ад 2010 гадоў. Лукашэнку ўжо не прызнаюць за легітымнага, гавораць пра неабходнасць праводзіць новыя выбары (чаго раней не гаварылася) і пра эканамічныя санкцыі. У пэўным сэнсе яны ўжо пачаліся — ЕБРР спыніў супрацоўніцтва зь Беларуссю; хутчэй за ўсё, тое самае зробіць і Сусветны Банк. Будуць праблемы з выпускам еўрабондаў, знішчаны імідж Беларусі як краіны, добрай для інвэставання.

І мы ўпершыню пачулі на нарадзе міністраў замежных справаў Еўрасаюза, што будуць уводзіцца эканамічныя санкцыі супраць асобных кампаніяў. Раней такога з боку Еўрасаюза не было, але цяпер верагоднасць такога разьвіцця падзеяў вельмі высокая. Ці могуць быць уведзеныя сэктаральныя санкцыі — напрыклад, на продаж нафтапрадуктаў, ці калію, ці адключэнне SWIFT? Гэтае пытанне адкрытае, і ўсё будзе залежаць ад таго, што будзе адбывацца ў Беларусі. Калі сітуацыя будзе пагаршацца, то ўзровень санкцыяў будзе ўзрастаць.

— Яшчэ некалькі месяцаў таму вы не выключалі думкі, што Масква і Брусэль могуць прыйсці ў беларускім пытанні да нейкага кансэнсусу. Да чаго сітуацыя бліжэйшая цяпер? Ці да «аптымістычнага» варыянту згоды, ці да варыянту, што Беларусь можа стаць арэнай геапалітычнай бітвы паміж Захадам і Расеяй?

— Я сапраўды казаў калі не пра кансэнсус, то пра нейкія агульныя падыходы. Цяпер я сказаў бы, што сітуацыя апусцілася ў нейкую паўзу, бо крызіс зацягнуўся, агульныя падыходы адразу не знайшліся. Беларускія ўлады пачалі ўзмацняць антызаходнюю рыторыку, змаглі ўсталяваць партнэрскія стасункі з Крамлём. Таму цяпер мы знаходзімся ў паўзе, дзе зьнешнія ўплывы на крызіс аслаблі і Беларусь засталася сама, дзе развіццё падзеяў найперш вызначаецца ўнутранай лёгікай саміх падзеяў.

Знешнія акцёры ўзялі нейкую паўзу. Таму я бачу ў далейшым 2 сцэнары. Альбо гэтая паўза будзе зацягвацца, і ўсё будзе вырашацца ўнутрыпалітычным супрацьстаяннем. Альбо пройдзе час, і будзе зноў пошук агульных падыходаў

Імавернасць таго, што ўсё скончыцца геапалітычным процістаяннем Захаду і Усходу, як гэта было ва Украіне ў 2014 годзе, я лічу мінімальнай. Бо еўрапейскія палітыкі цяпер практычна заўсёды ўлічваюць расейскі чыннік. Яны не прапіхваюць нейкі выключна заходні варыянт вырашэння крызісу.

— Ці могуць ЗША з прыходам Байдэна паспрабаваць гуляць больш актыўную ролю ў беларускім крызісе і неяк падштурхоўваць еўрапейцаў? Да таго ж Вашынгтон можа больш актыўна ўплываць на Маскву...

— Я разглядаю Вашынгтон толькі як дадатковы чыннік. Так, сапраўды, Байдэн рабіў заявы па Беларусі, але рыторыка — гэта адно, а рэальная палітыка — іншае. ЗША, вядома, пойдуць на ўвядзенне санкцыяў супраць асобных беларускіх кампаніяў, але гэта не крытычны ўдар.

Мне падаецца, што ЗША будуць умацоўваць еўрапейскую пазіцыю і ў гэтым крызісе ісці за Еўропай. Аснова будзе вырашацца Еўропай. Я ня бачу контураў нейкай асобнай самастойнай палітыкі ЗША ў дачыненні да Беларусі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: