
Пра ўсё гэта ён разважае ў інтэрв’ю Радыё Свабода.
— Пачынаючы ад жніўня (і асабліва актыўна апошнія тыдні) Лукашэнка спрабуе давесці, што афіцыйныя Мінск і Масква знаходзяцца «ў адной лодцы», спрабуе прывязаць Крэмль да сябе, каб Крэмль абараняў Лукашэнку як свайго апошняга саюзніка. І некаторыя дзеянні Масквы паказваюць, што яна (альбо купіўшыся на гэтую рыторыку, альбо дзеля сваіх інтарэсаў) падтрымлівае Лукашэнку і палітычна, і крэдытамі. Ці сапраўды на сёння гэтыя ідэалягічна блізкія рэжымы знаходзяцца ў адной лодцы?
— Не, безумоўна, яны не знаходзяцца ў адной лодцы. Тым больш што ў мяне вялікія сумневы наконт «блізкасці» беларускіх і расійскіх рэжымаў. Яны падобныя паводле нейкіх ідэалагічных падмуркаў, але вельмі розныя таму, што вымушаныя жыць у розных вагавых катэгорыях і розных палітычных лігах.
Масква дэманструе падтрымку Лукашэнку, але пытанне ў тым, ці тлумачыцца гэта шчырасцю, ці палітычным разлікам. Ці трэці варыянт — гэта вымушаная падтрымка з той прычыны, што істотнай альтэрнатывы для Крамля няма, як няма і іншых інструментаў уплыву на беларускую сітуацыю. З майго гледзішча, Масква проста вымушаная так дзейнічаць, але яны разумеюць, што трэба рыхтавацца да Беларусі без Лукашэнкі.
— Але Масква даволі актыўна падтрымала Лукашэнку ў вельмі напружаныя для яго жнівеньскія дні, і без гэтай падтрымкі, як многія ўпэўнены, Лукашэнка б не ўстаяў. Якія ёсць падставы лічыць, што яна не будзе гэтак сама істотна падтрымліваць яго і далей?
— Расійская падтрымка тады была вымушаная — таму што яны не маглі падтрымаць з унутрырасійскіх прычынаў вулічную беларускую рэвалюцыю. Падтрымаўшы народную рэвалюцыю ў Беларусі, Масква дала б знак, што Расія больш не з’яўляецца чыннікам стабілізацыі для постсавецкіх аўтакратычных рэжымаў. Гэта прывяло б да эрозіі зоны расійскага ўплыву на паўднёвым Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі.
Другі момант — гэта тое, што расійская падтрымка была абумоўленая правядзеннем канстытуцыйнай рэформы, дэмантажом суперпрэзідэнцкай сістэмы ў Беларусі і правядзеннем новых выбараў згодна з новай Канстытуцыяй.
Чаму Масква, тым не менш, вымушаная ўжо сёння думаць пра Беларусь без Лукашэнкі? Гэта вельмі проста. Калі палітык, маючы вялікі досвед і адміністрацыйны рэсурс, прайграе хатняй гаспадыні, гэта азначае, што зорка таго палітыка закацілася. І ён прайграе любыя выбары каму заўгодна. І варыянт, калі ў Беларусі з’яўляецца гэты «хто заўгодна», незразумелы і непадкантрольны Маскве, — гэта тое, чаго Крэмль хацеў бы пазбегнуць.
— Чаму б тады Маскве не наладзіць сувязь з прадстаўнікамі апанентаў Лукашэнкі, прадстаўнікамі большасці беларускага грамадства? Тым больш, што самі яны зусім не цураюцца Масквы, не нападаюць на яе — наадварот, заклікаюць да кантактаў, дыялогу і гавораць нейкія прымальныя для Масквы рэчы. Але Крэмль упарта не жадае іх успрымаць.
— Бо гэтыя прадстаўнікі абапіраюцца на народную легітымнасць, народнае прызнанне і падтрымку. Яны ў любым выпадку будуць самастойнымі ад Масквы гульцамі. А Масква любіць гуляць у палітычным полі марыянеткамі, людзьмі, якія залежаць ад Расіі.
Другі момант — Масква адстойвае неабходнасць кантраляванага, у вярхах, транзіту ўлады. Не пад народным ціскам, а пад кантролем бюракратыі — як цывільнай, так і ў пагонах.
Трэці момант ідэалагічны. Той факт, што цэнтры беларускай апазіцыі знаходзяцца ў заходніх краінах, прычым у тых краінах, якія Масква ўспрымае як варожыя сабе — Польшча і Літва. У гэтым сэнсе Лукашэнка згуляў даволі эфектыўна, выціснуўшы сваіх апанентаў менавіта ў заходнія краіны, а не ў Расію.
— Ёсць думка, што цяпер, калі стасункі Лукашэнкі з Захадам радыкальна сапсаваліся, калі слова «шматвектарнасць» не ўспрымаецца як рэальнасць, Масква будзе выціскаць з Лукашэнкі ўсё, што пажадае. Ці падзяляеце вы меркаванне, што Лукашэнка зараз здае эканамічныя і палітычныя пазіцыі ў адносінах з Расіяй?
— Не, я не лічу, што Лукашэнка здае свае пазіцыі. Здаецца, у Масквы не вельмі атрымліваецца віць з яго вяроўкі. Першапачаткова, наколькі мы разумеем, план быў такі, што канстытуцыйны рэферэндум павінен быў адбыцца зімой 2021 года. Беларускія ўлады адцягваюць гэты момант і абвясцілі, што гэтая канстытуцыйная рэформа пройдзе да канца 2021 году.
То бок Мінск спрабуе выйграць 9 месяцаў у Масквы. Для чаго? Каб паспрабаваць аднавіць адносіны з Захадам. Тое, што Лукашэнка сёння прытрымліваецца антызаходняй рыторыкі... яго рыторыка вельмі гнуткая і можа павярнуцца ў любы момант. Цалкам магчыма, мы ўжо да красавіка можам пабачыць хады афіцыйнага Мінску ў бок Захаду, у тым ліку па дээскалацыі ўнутрыпалітычнага жыцця ў краіне.
Прычынай усяму эканоміка. Масква не дэманструе гатоўнасці кампенсаваць Мінску страты і аказваць фінансавую падтрымку. Фінансавых рэсурсаў у рэжыму няма, трэба шукаць міжнароднай інстытуцыянальнай падтрымкі.
— Нават калі ўявіць, што Лукашэнка зробіць нейкія крокі насустрач Захаду, як Захад іх успрыме? «Забудзем усё, што было, зверствы і забойствы, перагорнем старонку?» Хіба такі варыянт магчымы?
— Такі варыянт немагчымы. З таго досведу, якія я маю, стасуючыся з заходнімі дыпламатамі ў Мінску, яны нічога не забудуць і нічога не даруюць. Але пытанне ў тым, як успрымаецца Захад беларускімі ўладамі. Некаторымі беларускімі чыноўнікамі Захад успрымаецца як ідыёты з вельмі кароткай памяцьцю, якім можна забалбатаць мазгі. То бок з той прычыны, што там рэгулярна мяняюцца кіраўнікі, кожны наступны не будзе памятаць тое, што было пры папярэднім. Гэта вялікая памылка афіцыйнага Мінску — з памяццю там усё добра.
Лукашэнка спадзяецца паўтарыць свой «момант славы», які быў у 2014 годзе. Што і зараз адбудзецца нешта, калі яго паслугі зноў будуць запатрабаваныя. Мінск працягвае лічыць, што можна таргавацца палітзняволенымі, маштабам палітычных рэпрэсій, мяняючы гэта на фінансавую падтрымку.

— Кожныя вучэнні «Захад» выклікалі пэўныя хваляванні ў беларускім грамадстве і ў суседзяў Беларусі. Ці ёсць падставы лічыць, што сёлетнія «Захад-2021» зноў могуць стаць нечым большым, чым звычайныя вайсковыя вучэнні?
— Я думаю, большае значэнне ім будуць надаваць нашыя суседзі з Захаду, бо для іх гэта заўсёды выклік, палітычны і вайсковы. Я не чакаю нейкай канфрантацыйнасці ці правакацыйнасці сцэнару саміх вучэнняў. Але Масква традыцыйна выкарыстоўвае такія вучэнні, каб паказаць, «хто ў доме гаспадар». І ў гэтым выпадку можна прагназаваць, што Расія паспрабуе прадэманстраваць залежнасць афіцыйнага Мінску ад Крамля ў вайскова-палітычнай сферы. Што гэта не партнёр, а васал і частка расійскай вайскова-палітычнай машыны. Гэта звычайная расійская гульня.