Масква рыхтуе кантраляваны транзіт улады

Кіраўнік беларускага Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі аналізуе стаўкі Захаду і Крамля ў беларускім канфлікце, лічыць, што неўзабаве мы будзем назіраць новую фазу беларуска-расейскай канфрантацыі, і заяўляе, што хуткі сацыяльна-эканамічны крызіс можа вельмі сур’ёзна змяніць кантэкст пратэстаў і радыкалізаваць ягоных удзельнікаў.


— Стаўленне Крамля да беларускага канфлікту даволі парадаксальнае. З аднаго боку, Масква на рытарычным узроўні падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Але, з іншага боку, і Пуцін і іншыя прадстаўнікі расейскай палітычнай эліты падкрэсліваюць, што ў Беларусі зараз адбываецца сур’ёзны палітычны крызіс, які патрабуе арганізацыі агульнанацыянальнага дыялогу і рэформы Канстытуцыі.

Разам з той актыўнасцю, якую выяўляюць расейскія дыпламаты на заходнім кірунку (маю на ўвазе кансультацыі з Берлінам, Парыжам і нават Вашынгтонам у беларускім пытанні) – усё гэты прадугледжвае арганізацыю транзіту ўлады ад Лукашэнкі да пэўных палітычных сілаў, якія адпавядаюць інтарэсам Крамля.

Можна з упэўненасцю сказаць, што Лукашэнка ўспрымаецца Крамлём як бар’ер на шляху прасоўвання расейскіх нацыянальных інтарэсаў у Беларусі. У 2015 годзе ён не размясціў расейскую вайсковую базу, у канцы 2019 году адмовіўся ад паглыблення інтэграцыі. Таму Крэмль зацікаўлены ў тым, каб арганізаваць кантраляваны транзіт улады ад Лукашэнкі да новай апазіцыі, якая даволі міралюбна ставіцца да Расеі.

— Але гэты, як вы кажаце, “кантраляваны транзіт улады” Крэмль хацеў бы ажыццявіць сам ці ў кааперацыі з заходнімі краінамі? І ці рэалістычна гэта на фоне ня самых лепшых адносінаў Масквы з Парыжам і Бэрлінам, асабліва пасля атручэння Навальнага?

— Мне здаецца, што для Крамля вельмі важна ўцягнуць у гэты перамоўны працэс заходнія краіны — Францыю і Нямеччыну. Як гэта было ў свой час з данбаскім крызісам. Тым самым будзе ўскосна прызнана, што Беларусь ёсць элемэнтам сфэры ўплыву Расеі.

Я б хацеў нагадаць, што, нягледзячы на пэўную геапалітычную канфрантацыю паміж Масквой і Захадам, ёсць досвед Малдовы, дзе ў 2019 годзе Масква сумесна з Брусэлем і Вашынгтонам стварыла так званую “антыалігархічную кааліцыю” і прымусіла пакінуць палітыку і нават краіну шэрага кардынала малдоўскай палітыкі алігарха Уладзіміра Плахатнюка. З ранейшых прыкладаў можна ўзгадаць “нармандскі фармат” перамоваў аб Украіне, бо ўсе тыя дакументы, якія леглі ў аснову менскіх пагадненняў аб Данбасе, распрацоўваў Крэмль. Фактычна Захад быў вымушаны прыняць дарожную мапу вырашэння ўкраінскага крызісу на ўмовах Крамля.

Мне падаецца, што Крэмль зараз трымаецца той самай стратэгіі наконт Беларусі, ідзецца пра прыцягненне заходніх краінаў у вырашэнне беларускага крызісу.

— Як кажуць у анекдоце, “засталося ўгаварыць Ротшыльда”. У гэтым выпадку засталося далучыць да гэтага сцэнару Аляксандра Лукашэнку. Але ён усяляк дэманструе, што не збіраецца пакідаць уладу нават на нейкіх пачэсных умовах агульнага расейска-заходняга сцэнару.

— Так, сапраўды, Лукашэнка дэманструе сваімі апошнімі дзеяннямі, што ён не прымае гэты расейска-заходні сцэнар. Калі ён і пойдзе на нейкія саступкі, напрыклад, у арганізацыі агульнанацыянальнага дыялогу, то ён, відавочна, зробіць так, каб гэтыя працэсы адбываліся на ўмовах самога Лукашэнкі. Пакуль ён кантралюе сітуацыю ў Беларусі, навязаць яму нейкія сцэнары звонку, нават з Расеі, будзе вельмі цяжка.

Таму я не выключаю, што перыяд "паляпшэння" беларуска-расейскіх адносінаў вельмі можа хутка скончыцца і мы пяройдзем у фазу новай канфрантацыі паміж Менскам і Масквой, такой, якую мы назіралі падчас прэзідэнцкай кампаніі. Гэта будзе звязана з тым, што Крэмль будзе ціснуць на Лукашэнку, каб дамагчыся ад яго выканання пляну кантраляванага транзіту ўлады, які, найхутчэй, ужо падрыхтаваны Крамлём. Ён абмяркоўваўся падчас візіту Лукашэнкі ў Сочы. І выглядае так, што сакрэтная інаўгурацыя Лукашэнкі была ягоным адказам на прапановы, якія вылучыў Пуцін у Сочы

Калі глядзець толькі на публічныя заявы, то можа скласціся ўражанне, што Масква падтрымлівае Лукашэнку, а ён спрабуе паказаць сябе самым прарасейскім палітыкам. Але ён гэта робіць, бо разумее, што Расея паралельна вядзе іншую гульную, і гэта было відавочна Лукашэнку яшчэ перад пачаткам выбарчай кампаніі. Усе асноўныя альтэрнатыўныя кандыдаты — Цапкала, Бабарыка, Ціханоўскі — успрымаліся Лукашэнкам як палітычныя праекты Крамля.

Лукашэнка вывеў усіх іх з палітычнага працэсу і паставіў Крэмль перад фактам, што справы трэба весці толькі з ім. Але мы ведаем, што Крэмль успрымае Лукашэнку хутчэй як праблему зараз. Бо Лукашэнка ня пойдзе на тыя саступкі, якіх ад яго дамагаюцца ў Маскве. Перш за ўсё гэта тычыцца паглыблення вайскова-палітычнай інтэграцыі. І ідзецца на пра сумесныя вучэнні, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам начальніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі, а пра размяшчэнне вайсковых базаў, паглыбленне вайсковай інтэграцыі, падпарадкаванне беларускіх сілавых структураў Маскве.

Адзінае, што мы бачым, — гэта рыторыку, якую Лукашэнка выкарыстоўваў усе 26 гадоў на адрас Расеі. Але ў Маскве на яе ўжо ніхто не купляецца. Крэмль абмежаваў фінансавую падтрымку Лукашэнкі, даўшы толькі грошы на рэфінансаванне свайго ж доўгу. Гэта не выглядае як безумоўная падтрымка Лукашэнкі.

І яшчэ варта дадаць, што Крэмль ня вельмі хвалюецца наконт змены ўлады праз “каляровыя рэвалюцыі”. Дастаткова ўзгадаць кіргіскі і армянскі прыклады, калі стратэгічныя інтарэсы Расеі ад таго ніяк не пацярпелі. Наадварот, калі ў Кіргістане быў зрынуты Бакіеў, то новы ўрад вывеў з тэрыторыі краіны амэрыканскую базу і стварыў умовы для пашырэння вайсковай прысутнасці Расеі, лідэр армянскай рэвалюцыі Нікол Пашынян зрабіў свой першы візіт у Маскву і заявіў там пра паглыбленне інтэграцыі.

Таму гэта міт, нібыта Расея палохаецца “каляровых рэвалюцыяў”. Наадварот, пэўныя рэвалюцыі прыводзяць да таго, што ўмовы для расейскіх стратэгічных інтарэсаў у гэтых краінах паляпшаюцца.

— Мы ў гэтай размове гаворым пераважна пра замежнапалітычных гульцоў у беларускім канфлікце і забываем пра галоўнага гульца — гэта беларускі народ. Як беларускія пратэсты могуць развівацца далей, ці могуць яны ўвайсці ў нямірную фазу, як такі магчымы паварот можа паўплываць на дзеянні Расеі і Захаду?

— Мне падаецца, што на пратэставую дынаміку ўнутры краіны сур’ёзна можа паўплываць надыход эканамічнага крызісу, які мы востра адчуем ужо ў канцы гэтага году. І гэта будзе асноўным выклікам для беларускіх уладаў, бо крызіс можа прывесці да пашырэння сацыяльнай базы пратэсту. Бо тыя страйкі, якія мы назіралі адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў і якія тады, у жніўні, спыніліся, могуць разгарэцца зноў.

 Мне падаецца, што пакуль няма такога моцнага эканамічнага крызісу, — пратэсты будуць захоўваць мірны характар. Сацыяльна-эканамічны крызіс можа вельмі сур’ёзна змяніць кантэкст пратэстаў і радыкалізаваць ягоных удзельнікаў. Відавочна, што Расея не збіраецца выратоўваць Лукашэнку ад гэтага крызісу. Таму канец году будзе такім пераломным момантам, які пакажа, ці выйдуць пратэсты на новы ўзровень, ці далучацца да іх новыя групы насельніцтва.

І Расея будзе паводзіцца стасоўна Лукашэнкі ўжо больш жорстка. Крэмль не зацікаўлены, каб беларускі крызіс працягваўся надта доўга. І калі яны прыйдуць да высновы, што галоўная прычына крызісу — гэта Лукашэнка і праблемы ягонай унутранай легітымнасці, то сцэнар змены рэжыму становіцца ўсё больш імаверным.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: