Маўчаць! Не крычаць, не спяваць!

«Галоснасць» знішчыла СССР. Беларускія ўлады імкнуцца не дапусціць такой памылкі.

Электаральная кампанія падышла да фіналу. Але ў яе было некалькі адметнасцяў, вартых увагі.

Гэта тычыцца тых, хто заўжды заяўляў пра няўдзел у «выбарчым фарсе», але цяпер паглыбіўся ў кампанію. Як, напрыклад, «Еўрапейская Беларусь». У тым, што яны ўсё ж пайшлі ў кампанію, быў адзін вялізны плюс. Практычна ўсе гэтыя, па выразе Лукашэнкі, «адмарожаныя апазіцыянеры» сабралі патрэбную тысячу подпісаў за рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты.

Канешне, некаторых найбольш уплывовых з іх (як, напрыклад, Ірыну Халіп) кандыдатамі ў дэпутаты не зарэгістравалі. Дый у далейшым усяляк чынілі перашкоды — здымалі за правядзенне пікетаў «не ў вызначаных месцах» і за розныя «няўзгодненыя лозунгі». У прынцыпе, гэта не паказчык — наша заканадаўства такое, што кандыдата можна зняць з выбараў за што заўгодна.

Аднак сам факт таго, што прадстаўнікі менавіта радыкальнай апазіцыі сабралі неабходныя подпісы ў сваю падтрымку, павінен вельмі насцярожыць улады. Бо гэта азначае, што ва ўлады насамрэч няма такой падтрымкі, якую яна дэкларуе. Людзі гатовыя змяніць яе ўжо нават на «адмарожаных апазіцыянераў», а значыць — вельмі моцна расчараваныя і не задаволеныя дзеяннямі (ці бяздзеяннем) тых, хто прадстаўляе ўладу цяпер.

Другі даволі цікавы факт — гэта паўсюдна ўведзеная цэнзура. Значна паболела выступаў кандыдатаў у дэпутаты, знятых з эфіру, і фактаў адмовы ў друку перадвыбарчых праграм. Пры гэтым камісіі спасылаюцца на артыкул 47 Выбарчага кодэксу, які забараняе, сярод іншага, абразу службовых асобаў і заклікі да гвалтоўнага звяржэння ўлады. Але трактуюцца гэтыя палажэнні вельмі і вельмі шырока.

Напрыклад, Вольга Дамаскіна атрымала папярэджанне за фразу «Далоў дыктатуру страха». Дзмітрыя Казлова пазбавілі рэгістрацыі за лозунгі «Калгаснай дыктатуры — баста!» і «Фальшывым выбарам — баста!». Уладзіміру Марозу таксама скасавалі рэгістрацыю за заклік: «Зменім разам карумпаваную ўладу» (адметна, што гэта было расцэнена як «заклік да неканстытуцыйнай змены ўлады»).

Але ці не самае цікавае азначэнне ў папярэджанні Ірыне Давідовіч. Па меркаванні сяброў абласной камісіі, «перадвыбарчы відэаролік кандыдаткі ў дэпутаты пабудаваны на негатыўных меркаваннях і жорсткай крытыцы палітыкі ўладаў».

То-бок, віна Давідовіч у тым, што яна крытыкуе ўладу! Гэта забаронена заканадаўствам?


Варта ўвагі тое, што ў асноўным праявы цэнзуры і ціску назіраліся ў адносінах да кандыдатаў, якія засяроджвалі ўвагу менавіта на мясцовых, але вельмі балючых праблемах. Вышэйзгаданы Уладзімір Мароз быў адзіным зарэгістраваным кандыдатам ад групы праціўнікаў будаўніцтва ў Брэсце завода АКБ — яшчэ тром актывістам групы ў рэгістрацыі адмовілі. Дзмітрый Савіч са Светлагорску не дачакаўся свайго выступу па тэлебачанні, — а ён уздымаў праблему Светлагорскага ЦКК, які смярдзіць на ўсю акругу.

Абласная газета «Гомельская праўда» абурылася тым, што кандыдатка ў дэпутаты і актывістка руху «Маці 328» Таццяна Канеўская намагаецца звярнуць увагу грамадскасці на вялікія тэрміны, якімі караюць непаўнагадовых за спажыванне наркатычных рэчываў. Станіславу Шашко вынеслі папярэджанне за тое, што ён агітаваў за сябе на перадвыбарчым пікеце-мітынгу «Памяці загінулых ад канабісу». Вольгу Беляўцову знялі з выбараў за пікет, які яна не праводзіла.

То-бок, не важна, за што ты выступаеш: за ці супраць наркотыкаў, праводзіў ты агітацыйнае мерапрыемства альбо не, — папярэджанне табе ўсё роўна вынесуць, калі ты — незалежны кандыдат.

Жорсткая цэнзура выступаў і ціск на тых, хто ўздымае найперш рэгіянальныя і «непалітычныя» праблемы, яскрава сведчыць пра тое, што ўладзе, якая прымала непапулярныя рашэнні, няма чым адказаць на крытыку і незадаволенасць насельніцтва. Яна можа толькі заторкнуць рот тым, хто адважыўся выказацца пра праблемы, якія хвалююць людзей.

Але рэч у тым, што праблемы людзей ад гэтага нікуды не знікнуць. У Брэсце праціўнікі АКБ па-ранейшаму будуць выходзіць на «кармленне галубоў», у Светлагорску будуць супраціўляцца ўводу ў эксплуатацыю ЦКК, «Маці 328» таксама працягнуць бараніць сваіх дзяцей. Імкненне «замаўчаць» праблемы і не чуць «жорсткую крытыку палітыкі ўладаў» будзе толькі абураць людзей, што дае падставы да сацыяльнага выбуху.

А наперадзе ва ўлады — яшчэ і прэзідэнцкая кампанія. І ў далейшым народнае абурэнне можа прывесці да вельмі сумных — для ўлады — наступстваў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!