Медаль для старшыні ЦВК

Самую вялікую пагрозу беларускай стабільнасці ўяўляе выкананне беларускіх законаў. Менавіта так можна зразумець апошнія выказванні старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай

karel.mk.ru

Лідзія Міхайлаўна задумалася пра 2020 год, калі павінны прайсці як парламенцкія выбары, так і прэзідэнцкія. Выбары прэзідэнта павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года, а выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня 2020 года. Падавалася б, што ў гэтым страшнага для адладжанай палітычнай і выбарчай сістэмы? І больш за тое, можна нават зэканоміць бюджэтныя сродкі.

Але, на думку старшыні ЦВК, сумяшчэнне гэтых дзвюх палітычных падзеяў будзе катастрофай. «Прэзідэнцкія і парламенцкія выбары не сумяшчаюцца, таму што гэта расхістванне асноў улады. І тут можна зэканоміць так, што страціць наогул усё», — сказала Лідзія Міхайлаўна TUT.BY.

Яшчэ раней, у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 1» яна заявіла, што праводзіць дзве буйныя выбарчыя кампаніі ў адзін год немэтазгодна, і таму адна з кампаній пройдзе ў 2019 годзе. Якая менавіта — кіраўніца ЦВК пакуль не ведае.

Вось тут і ўзнікае пытанне заканадаўства. Беларускія законы ўсталёўваюць даты выбараў толькі «не пазней» пэўнага тэрміну, а пра «не раней» — гаворкі не ідзе. Больш за тое, ужо быў прэцэдэнт 2006-га, калі па законе прэзідэнцкія выбары павінны былі адбыцца ўвосень, а прайшлі ў сакавіку.

Калізія ў тым, што адносна датэрміновых выбараў (парламенцкіх ці прэзідэнцкіх) аўтаматычна скарачаецца тэрмін працы ўжо абраных дэпутатаў і кіраўніка дзяржавы. У Канстытуцыі запісана: тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта — 5 гадоў, парламента — 4 гады. І гэтыя тэрміны нельга скарачаць па жаданні старшыні ЦВК. А ў выпадку, калі, напрыклад, парламенцкія выбары пройдуць у 2019-м, атрымліваецца, у дзейнага парламента «вылятае» год працы. Наколькі гэта законна?

А калі датэрмінова будуць праходзіць прэзідэнцкія выбары? Паводле тлумачэнняў Ярмошынай, «адразу правялі інаўгурацыю, і ўступае ў пасаду новы чалавек — ніхто 8 месяцаў чакаць не будзе. А ў папярэдніка скарачаецца тэрмін паўнамоцтваў».

Гэта вельмі ўтульная пазіцыя, калі паўнамоцтвы перадаюцца, напрыклад, ад Лукашэнкі да Лукашэнкі. А раптам будзе не так? Раптам нешта здарыцца, і замест Аляксандра Рыгоравіча абяруць новага кіраўніка дзяржавы? Можа быць, гэта і фантастычна, але не менш фантастычным будзе тое, што Аляксандр Рыгоравіч добраахвотна пагодзіцца скараціць тэрмін сваіх паўнамоцтваў — хай і на восем месяцаў.

І больш цікавае пытанне — чаго ўсё ж такі палохаецца Лідзія Ярмошына? Чаму сумяшчэнне выбараў, на яе думку, можа прывесці да «расхіствання асноваў улады»? Чаму раней яна бесперашкодна праводзіла сумяшчальныя з выбарамі рэферэндумы, а тут сумяшчэнне дзвюх кампаній раптам прывядзе да «страты наогул усяго»? Што гэтае «ўсё», што Ярмошына так баіцца страціць?

Гэтае «ўсё», зразумела, — улада. Нашае кіраўніцтва доўга змагалася з сацыялагічнымі службамі і дамаглося таго, што знішчыла незалежную сацыялогію ўвогуле. Але на побытавым узроўні настроі грамадзянаў усё роўна адчуваюцца. І ўсё больш і больш народу галасуе за кандыдатаў па адным крытэры: «За Лукашэнку ці супраць». І тых, хто супраць, дзякуючы нашай «мудрай» сацыяльна-эканамічнай палітыцы, становіцца ўсё больш. І, паводле асабістых назіранняў, гэтыя «новыя супраць» — значна больш агрэсіўныя, чым традыцыйная «старая» апазіцыя.

У выпадку «разводу» выбарчых кампаній можна было б з часам суцішыць хвалю незадаволеных. А калі прэзідэнцкая і парламенцкая кампанія будуць сумешчаныя, то супраць дзейнага кіраўніка дзяржавы выступяць не тры-пяць, а сто-дзвесце апанентаў, якія будуць балатавацца ў парламент. І тут ужо не скажаш, што «апазіцыя слабая», і не адкруцішся, ігнаруючы дэбаты і выступы па тэлебачанні.

Таму старшыня ЦВК імкнецца, хоць і сумнеўнымі сродкамі, захаваць існуючую ўладу. Але, насамрэч, Лідзія Ярмошына закладае незаўважную доўгатэрміновую бомбу не пад дзейсную ўладу, а пад сістэму дзяржавы наогул. І гэта значна больш небяспечна, чым можа падавацца на першы погляд.

Калі здарыцца неверагоднае — у нас сумленна палічаць галасы, і Лукашэнка на выбарах прайграе — улада ўсяго толькі пяройдзе ад аднаго чалавека да другога. Калі старшыня ЦВК на сумнеўных падставах «развядзе» выбары, гэта будзе вельмі дрэнны прыклад, які непазбежна адаб’ецца на свядомасці людзей.

Калі высокія прадстаўнікі ўлады маніпулююць выбарчымі лічбамі і тэрмінамі, то ў кожнага ўзнікне пытанне: «Ім можна, дык чаму мне нельга?» Калі можна перасунуць выбары, то чаму нельга перасунуць радкі ў бухгалтарскіх дакументах? Калі старшыня ЦВК па сваім жаданні ігнаруе заканадаўства, то чаму не можа ігнараваць заканадаўства прадпрымальнік, бізнесовец, звычайны працоўны?

І такое светаўспрыманне можа прывесці да таго, што мы страцім дзяржаву наогул — разам з уладай, якая сама сабе апусціць «ніжэй за плінтус» і страціць усялякі аўтарытэт увогуле.

За падобныя ініцыятывы я б выдаў Лідзіі Ярмошынай медаль — ад удзячных удзельнікаў мясцовага анархічнага руху.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: