Першы крок да адмены смяротнага пакарання

Напрыканцы ліпеня ў Беларусі зноў быў вынесены чарговы смяротны прысуд. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара.

Пасля выканання прысуду нельга выправіць судовую памылку - вярнуць жыццё чалавеку. Крыніца http://www.b-g.by

Паводле беларускага заканадаўства, вышэйшая мера пакарання можа прызначацца мужчынам ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, якія ўчынілі асабліва цяжкія злачынствы. Звычайна гэта забойства двух або больш чалавек, альбо забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю. Сярод асуджаных на смяротнае пакаранне параўнальна мала серыйных забойцаў або заўзятых бандытаў. Адзінкавы выпадак тэрарызму. Як правіла, гаворка ідзе пра побытавыя забойствы, абцяжараныя станам алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Аднак, нягледзячы на тое, што ўжыванне смяротнага пакарання не звязанае з пытаннямі нацыянальнай бяспекі і падтрыманнем цэласнасці існуючай палітычнай сістэмы, беларускія ўлады працягваюць настойліва падкрэсліваць, што адмяняць яго не збіраюцца. Асноўнай прычынай называюцца вынікі рэферэндуму, праведзенага ў 1996 годзе, калі 80% грамадзян, што прынялі ўдзел у галасаванні, выказаліся за прымяненне вышэйшай меры пакарання.

На першы погляд, аргумент даволі важкі. Аднак нельга не адзначыць, што з часу рэферэндуму прайшло ўжо 23 гады. Гэта азначае, што па ўзроставых абмежаваннях у ім не маглі прымаць удзел сённяшнія беларусы ва ўзросце да 40 гадоў уключна. А гэта, між іншым, больш за палову насельніцтва краіны.

Урэшце, калі б беларусам прапанавалі зноў выказацца на гэты конт, з вялікай верагоднасцю можна сцвярджаць, што яны б зноў прагаласавалі за ўжыванне смяротнага пакарання. І зусім не таму, што беларусы больш жорсткія, чым еўрапейцы або расіяне. Грамадская падтрымка адмены смяротнага пакарання з’яўляецца рэдкім выключэннем для любых народаў. Напрыклад, у Вялікабрытаніі больш за палову насельніцтва ўпершыню выказалася супраць смяротнага пакарання толькі праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля яго фактычнай адмены.

У адсутнасці мараторыя на смяротнае пакаранне павінна быць важкая прычына. Асобныя палітолагі сходзяцца ў меркаванні, што прычына — нежаданне ўваходзіць у Раду Еўропы, дзякуючы чаму беларускія грамадзяне сёння пазбаўленыя магчымасці скардзіцца ў Еўрапейскі суд па правах чалавека. Чаму ж тады ў іншых постсавецкіх краінах, дзе апазіцыя ўяўляе больш істотную пагрозу для дзеючай улады, ніхто праблемы са скаргамі ў Еўрапейскі суд па правах чалавека не бачыць? Відавочна, што прычына не ў гэтым.

Некаторыя адзначаюць, што патэнцыйнае ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне можа выкарыстоўвацца як козыр пры перамовах з заходнімі партнёрамі па стратэгічна важных для Беларусі пытаннях. Аляксандр Лукашэнка за 25 гадоў перажыў розныя этапы адносін з Еўрасаюзам. Дзіўна, што за чвэрць стагоддзя гэты козыр так і не спатрэбіўся.

Хутчэй за ўсё, прычына нашмат банальнейшая. Мараторый на смяротную кару — вельмі непапулярнае рашэнне. Прыняцце яго Лукашэнкам у любы час беларусы адназначна расцанілі б як праяву слабасці. У сучаснай Расіі ж гэта, напэўна, будзе расцэнена асобнымі сіламі як праява антырасійскай палітыкі. Сёння ціск з боку Масквы можа апынуцца ўдвая больш балючым, бо колькасць насельніцтва Беларусі, што сімпатызуе палітыцы Крамля на міжнароднай арэне, даволі значная. У выніку кошт мараторыя на смяротнае пакаранне можа аказацца неапраўдана высокім.

Цікава, што беларускія чыноўнікі розных узроўняў у час сустрэч са сваімі заходнімі калегамі на словах падзяляюць пазіцыю еўрапейцаў адносна забароны смяротнага пакарання. Маўляў, мы разумеем, што нам трэба развівацца ў гэтым кірунку, але беларускае грамадства пакуль не гатовае. Тут чытаецца пасыл еўрапейскім партнёрам: «Нас пераконваць не трэба, пераканайце беларускіх грамадзянаў».

А вось у частцы фарміравання грамадскай думкі па гэтым пытанні ў нас, сапраўды, пакуль неаранае поле. У краіне папросту няма сілаў, якія маглі б сістэмна ўзяцца за гэтую працу.

У нашай краіне, у артыкуле 1 Канстытуцыі якой запісана, што Беларусь з’яўляецца прававой дзяржавай, дагэтуль няма пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека. Абаронцамі правоў чалавека ў цяперашні час называюць сябе толькі актывісты, магчымасці якіх абмежаваныя, і ім не пад сілу лабіяванне такіх пытанняў, як увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне.

Між тым, пасада амбудсмена — звычайная з’ява не толькі для краін Еўропы і постсавецкай прасторы, але нават і для непрызнаных рэспублік, такіх, як Абхазія, Паўднёвая Асеція або Прыднястроўе.

Увядзенне такой пасады ў Беларусі стала б тым прамежкавым крокам на шляху да адмены смяротнай кары, які мог бы задаволіць усіх зацікаўленых актараў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!