Меркаванне: Якія высновы павінны зрабіць беларусы з карабахскай вайны?

У Арменіі праходзяць масавыя пратэсты супраць прэм'ер-міністра Пашыняна, якія абумоўлены няўдачай у вайне за Карабах. На жаль, гэтыя пратэсты гавораць толькі пра тое, што армяне так і не зразумелі, каму гэтая вайна была патрэбная і хто галоўны вораг іх краіны.


У 2020 годзе, калі пачаліся ваенныя дзеянні ў Нагорным Карабаху, Расія заявіла, што выступае за мірнае ўрэгуляванне канфлікту, і не рабіла ніякіх палітычных ці ваенных крокаў. Арменія засталася без палітычнай падтрымкі РФ, адна. У сваю чаргу, за спіну прэзідэнта Азербайджана Аліева ўстала Турцыя. І вельмі цікава, што афіцыйны саюзнік Арменіі Расійская Федэрацыя ўступіла ва ўрэгуляванне канфлікту толькі пасля таго, як Азербайджан значна зрушыў ваенных Арменіі, а самае галоўнае — калі ў самой Арменіі жыхары ўжо пачалі выказваць сваё незадавальненне ў дачыненні Пашыняна.

У апошнія тыдні ваенных дзеянняў у Карабаху Аліеў нездарма заявіў, што дзякуе Расіі за яе «нейтралітэт». Таксама ў адной са сваіх прамоў ён даў зразумець, што разумее, якім расійскім сілам у Арменіі новая хваля вайны была выгадная, чым сам Азербайджан і скарыстаўся: «Нашы гарады знішчала не войска Пашыняна — ён не даваў такіх указанняў. Гэта ўсё рабілася рэжымам Качарана і Саргсяна — нашымі так званымі калегамі па СНД (Роберт Качаран — другі прэзідэнт Рэспублікі Арменія. Першы прэзідэнт Нагорна-Карабахскай Рэспублікі. Серж Саргсян — прэзідэнт Арменіі з 2008 да 2018 гг. — Заўв. рэд.). Людзьмі, якія 20 гадоў бралі ўдзел у нашых пасяджэннях, якія доўгія гады вялі са мной перамовы».

А хто такія Саргсян і Качаран? Гэта расійскія сілы, якія заўсёды выступалі супраць Пашыняна і еўрапейскага шляху развіцця краіны. Пашынян, у сваю чаргу, — гэта чалавек, які ў 2018 годзе вынес з дапамогай рэвалюцыі Саргсяна, які спрабаваў сканцэнтраваць уладу ў сваіх руках. Наўрад ці Пуціна магло б парадаваць тое, што прарасійскага армянскага калегу зрушылі з пасады вулічныя пратэсты, а іх лідар асабіста заняў самую важную дзяржаўную пасаду ў краіне.

Сёння на хвалі пратэстаў у Арменіі максімальна актывізаваліся ўсё тыя ж прарасійскія сілы, якія змагаліся з Пашынянам раней. Чутны воклічы і ад Саргсяна, і ад таго ж Качарана. Калі армяне нічога так і не зразумеюць, то расійскія сілы зноў прыйдуць да палітычнай улады ў іх краіне. І нядзіўным з'яўляецца той факт, што Масква гаворыць пра свой «нейтралітэт» датычна армянскіх пратэстаў, бо тое, што адбываецца (зрушэнне Пашыняна) і прыход да ўлады прарасійскіх «качаранаў», яе цалкам задавальняе. Таму не чуваць крыкаў у духу: «Фашысты хочуць зрушыць законную ўладу ў Арменіі». Не, вы гэтага не пачуеце. Ад Расіі чуваць толькі двудушную каронную фразу: «Гэта іх унутраная справа».

Варта адзначыць, што калі б апошнія два гады Пашынян вёў больш праеўрапейскую палітыку, заручыўшыся падтрымкай ЗША аналагічна Украіне, то, верагодна, для яго сёння не ўсё так было б жаласна. Але калі ў 2018 годзе Пашынян прыходзіў да ўлады, ён усяляк спрабаваў паказаць Маскве, што ён нейтральны да Захаду і Усходу, заяўляючы: «Вы ведаеце, я не хачу ўлічваць украінскі досвед, таму што гэта наогул іншая гісторыя. Я хачу дакладна канстатаваць, што ў гэтага пратэснага руху няма наогул ніякага геапалітычнага кантэксту. І гэта рух ні супраць Расіі, ні супраць Злучаных Штатаў, ні супраць Еўрасаюза, ні супраць Ірана, ні супраць Грузіі». Што ў выніку? А ў выніку на тэрыторыі Арменіі зараз знаходзяцца ваенныя Пуціна, а ў краіне актывізавалася пагроза зрушэння ад улады самога Пашыняна і прыходу прарасійскіх сіл.

На жаль, многія сённяшнія апазіцыянеры Беларусі робяць такія ж заявы «аб нейтральнасці пратэсту», як і Пашынян два гады таму, наіўна думаючы, што Пуцін спакойна дасць краіне выбіраць шлях развіцця. У гэтым складаецца галоўная выснова, якую павінны зрабіць беларусы. Па-першае, Расія не адпусціць проста так Беларусь. Па-другое, нельга ствараць цесныя сувязі і ўжо тым больш быць саюзнікам краіны, якая, не маючы аніякіх прынцыпаў, гатовая вас (свайго саюзніка) пакінуць сам-насам з больш моцным ворагам у тым ці іншым канфлікце, калі ёй самой гэта будзе выгадна.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: