Ператварэнне рэжыму Лукашэнкі ў вайсковую хунту робіць яго цалкам ручным і залежным ад Расіі

Чарговая кампанія пераабрання Лукашэнкі распачала працэсы, ад якіх залежыць, ці будзе існаваць беларуская дзяржава. Тое, што адбываецца ў нашай краіне цягам апошніх месяцаў, вельмі нагадвае ўмяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Украіны падчас і паміж дзвюмя ўкраінскімі рэвалюцыямі.

Праз выкарыстанне электаральных кампаніяў у Беларусі Расійская Федэрацыя рэалізоўвае ўласныя геапалітычныя мэты, галоўнаю з якіх ёсць утрыманне нашай краіны ў сваёй зоне ўплыву.

 «Плошча-2010»

«Прэзідэнцкія выбары» 2010 году Расія цалкам застасавала для нейтралізацыі небяспечнага збліжэння Беларусі з Еўрасаюзам. Таксама перад Расіяй стаяла геастратэгічная задача па актывізацыі разгортваньня Мытнага саюзу і прымушэння Беларусі да ўваходжання ў Адзіную эканамічную прастору.

З дапамогаю дзяржаваўтваральнай карпарацыі «Газпром» і яе даччынай кампаніі «Газпром-Медиа Холдинг», якой належаць тэлекампанія «НТВ», Расія распачала ў 2010 годзе паўнамаштабную інфармацыйную вайну супраць рэжыму Лукашэнкі. Яе ключавым прадуктам стаўся шматсерыйны фільм «Крестный батька», які афіцыйныя цэнзары не дапусцілі для паказу ў Беларусі. Праз адсутнасць тэлеграм-каналаў, належнага на той момант развіцця сацсетак, каналаў відэахостынгу фільм пашыралі на інтэрнэт-форумах і з дапамагою флэш-носьбітаў. За невялікі час ён стаўся вірусным і ў значнай ступені паўплываў на масавыя акцыі пратэсту супраць Лукашэнкі ў снежні 2010 года.

Жорсткі разгон пратэстоўцаў 19 снежня 2010 года, застасаванне напоўніцу ўсяго рэпрэсіўнага апарату, інтэрнаванне тысячаў людзей па ўсёй краіне і іх крымінальны пераслед былі прычынай для міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі. Расія цалкам выканала ўсе пастаўленыя мэты і задачы. Больш за тое, яна пайшла ў наступ: атрымала поўны кантроль над беларускай  газатранспартнай сістэмай, сталася адзінаю крыніцаю крэдытнага фінансавання і энергетычных рэсурсаў для Беларусі. Па шматлікіх пазіцыях дзяржава Лукашэнкі страціла сваю знешнепалітычную суб’ектанасць, ператварылася практычна ў расійскі пратэктарат.

Канчатковае развязанне беларускага пытання

Аналагічным чынам праз дзесяць гадоў Расія вырашыла выкарыстаць чарговую «кампанію пераабрання Лукашэнкі» для канчатковага развязання беларускага пытання ў кантэксце прымушэння Беларусі да інтэграцыі. Аднымі з рэалізатараў гэтай задачы з’яўляюцца наўпроставыя агенты ўплыву РФ у вайскова-палітычным кіраўніцтве Беларусі.

Гібель пратэстоўцаў, абсалютна нематываваная асаблівая жорсткасць падраздзяленняў МУС, вялізная колькасць параненых і нечалавечыя ўмовы ўтрымання ўвязьненых сталі спускавым механізмам маштабных агульнанацыянальных акцыяў пратэсту, ці не найвялікшых за ўсю найноўшую гісторыю Беларусі. Упершыню зафіксавана выкарыстанне супроць уласнага народу Сілаў спецыяльных аперацый ЗС РБ. Карная аперацыя па задушэнні пратэстаў на парадак пераўзыйшла аналагічныя захады 2010 году. Новая міжнародная ізаляцыя практычна гарантаваная рэжыму.

Страх перад вялізным патэнцыялам пратэстнай актыўнасці, барыкады на цэнтральных вуліцах Мінска, «вулічныя баі» адразу ў некалькіх буйных гарадах Беларусі і самае галоўнае — пагроза згубіць рэальную ўладу — прымусілі рэжым Лукашэнкі звяртацца па дапамогу да свайго непасрэднага пратэктара — Расейскай Фэдэрацыі. Відавочна, адной з умоваў аператыўнага надання гэтай дапамогі з расійскага боку была выдача Расіі «баевікоў ПВК Вагнера». Рэжым здзейсніў гэта нягледзячы на ўчыненне значнай шкоды зносінам з Украінай, якая запатрабавала выдачы некаторых з іх. Адкрытая перадача Расіі баявікоў, што ваявалі на Усходзе Украіны, ставіць рэжым Лукашэнкі ў адзін шэраг з дзяржавай-агрэсарам. Калі гэта была адна з задачаў крамлёўскіх стратэгаў, то яна ўжо эфектыўна выкананая.

Паз аналіз далейшых падзеяў і логікі дзеянняў рэжыму Лукашэнкі можна дапусціць, што супрацьдзеянне пратэстнай актыўнасці ўжо знаходзіцца пад знешнім расійскім кіраваннем.

«Усходні вецер»

На чацьверты дзень пратэстаў, 12 жніўня, супольнасць InformNapalm з дапамогаю трэкінгавага сэрвісу кантролю палётаў Flightradar зафіксавала перасоўванне двух самалётаў Ту-134АК Паветрана-касмічных сілаў ЗС РФ на тэрыторыю Беларусі. Гэта авіялайнеры VIP-класа прызначаныя для перавозак расійскіх вайскоўцаў рангам не ніжэй за намесніка міністра абароны РФ разам з яго службовым персаналам.

Ужо 16 жніўня ў выніку дасягнутых дамоўленасцяў Расія афіцыйна пацвярджае Лукашэнку пра сваю гатоўнасць садзейнічаць у вырашэнні паўсталых праблемаў на падставе Дамовы пра стварэнне так званага «Союзного Государства» (далей «СГ») і, пры неабходнасці, у межах АДКБ.

Праз два дні, 18 жніўня, у Нацыянальным аэрапорце «Мінск» зафіксавана прыбыццё расійскага спецборту Ту-204/2014ВПУ. Аператарам гэтага судна з’яўляецца Спецыяльны авіяцыйны атрад «Россия» Кіравання справамі прэзідэнта РФ, ён выконвае передусім перавозкі вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва Расіі. З адкрытых крыніцаў вядома, што самалёт быў пабудаваны адмыслова для ФСБ. Паводле замовы гэтай спецслужбы, яго абсталявалі вышынным кантрольным пунктам. Відавочна, на тэрміновыя перамовы ў Мінск мог прыляцець дырэктар ФСБ і/альбо чальцы апарату Пуціна.

Гэтыя факты выразна сведчаць, што Расія вядзе інтэнсіўныя перамовы з Лукашэнкам, кансультуе яго на вышэйшым узроўні, а таксама ў выглядзе адкрытага заступніцтва і падтрымкі надае яму неабходную нутраную легітымнасць.

Украінскі сцэнар дэстабілізацыі Беларусі

Цалкам мажліва, зафіксаваныя расійскія самалёты прывезлі ў Беларусь таксама групу дарадцаў, паліттэхнолагаў, вайсковых спецыялістаў РФ для здзяйснення на месцы «антыкрызавага кіраўніцтва». Менавіта вынікам іх дзеянняў можа быць раптоўнае правядзенне масавых акцыяў у падтрымку Лукашэнкі па ўсёй Беларусі ўпершыню з 1994 году. Па-сутнасці, яны з’яўляюцца яго «перадвыбарчай агітацыйнай кампаніяй», якую, як гэта ні парадаксальна гучыць, праводзяць ужо пасля саміх «выбараў».

Паводле сваёй формы, зместу і духу гэтыя масавыя мерапрыемствы цалкам ідэнтычныя акцыям, арганізаваным для мабілізацыі прыхільнікаў Віктара Януковіча падчас «Памаранчавай Рэвалюцыі» ў 2004-2005 гадах і «Рэвалюцыі Годнасці» ў 2013-2014 гадах.

Для ўдзелу ў мітынгах у падтрымку Лукашэнкі па ўсёй краіне людзей масава звозяць аўтобусамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Падчас іх правядзення шырока прадстаўленая атрыбутыка расійскага чарнасоценскага руху «НОД», партыйная сімволіка КПБ і дзяржаўныя сцягі Расіі. Характэрна, што арганізацыйнай сілай акцыяў у падтрымку Януковіча былі (пра)расійскія «Партыя Рэгіёнаў» і таксама Камуністычная партыя, толькі Украіны.

Пэўна паводле задумы расійскіх паліттэхнолагаў упершыню ў падтрымку Лукашэнкі пачалі выкарыстоўваць і аўтакараваны з дзяржаўнай сімволікай. Характэрна, што большасьць удзельнікаў дэманстратыўна хаваюць дзяржнумары сваіх аўто, а некаторыя пункты іх збору былі зафіксаваныя ля ўстановаў Міністэрства абароны і МНС РБ.

Адною з ключавых задач у аперацыі РФ што да прымушэння Беларусі да інтэграцыі ёсць ўсталяванне кантролю над інфармацыйнай прасторай Беларусі. Гэтак, журналістаў і тэхнічны персанал Белтэлерадыёкампаніі, якія ўдзельнічалі ў агульнанацыянальным страйку, ужо замянілі на некалькі групаў расійскіх адмыслоўцаў. Створаны імі інфармацыйны прадукт, які мае тыповыя расійскія прапагандысцкія наратывы, выразна сведчыць, што на дзяржаўных тэлеканалах РБ працуюць расійскія спецыялісты ў вядзенні інфармацыйных войнаў.

Апроч гэтага, у інфапрасторы Беларусі досыць актыўна прысутнічае адзін з галоўных расійскіх прапагандысцкіх каналаў Russia Today, які арганізуе жывую трансляцыю з мітынгаў у падтрымку Лукашэнкі.

Аператыўны прастор для расійскіх дыверсій

У гэты ж момант адбываецца сінхранізаванае правядзенне дзяржаўнымі СМІ Беларусі і Расіі інфармацыйна-псіхалагічных аперацый па стварэнні ўяўнай пагрозы з боку NATO і, перадусім, Польшчы, якая нібыта пагражае захопам заходніх абласцей Беларусі. Для «прадухілення» гэтага ў Гарадзенскую вобласць ужо перадыслакаваныя значныя сілы і сродкі Збройных сілаў РБ. Здзяйсняецца актыўная падрыхтоўка грамадскай думкі і ў Беларусі, і ў Расіі што да мажлівага ўвядзення расійскіх войскаў у Беларусь.

На гэтым фоне досыць трывожным чыннікам ёсць тое, што ля мяжы з Беларуссю ўжо сфармаваная адзіная наступальная лінія Збройных сілаў РФ. Ля беларускай мяжы у горадзе Ельня Смаленскай вобласці і горадзе Клінцы Бранскай вобласці дыслакуюцца ўдарныя танкавыя і мотастралковыя фарміраванні 144-й мотастралковай дывізіі. У другім эшалёне знаходзяцца фарміраванні асноўнага бронетанкавага кулаку РФ — 1-й танкавай арміі.

Супольныя дзеянні прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі і Расіі ствараюць аператыўны прастор для рэалізацыі любых дыверсій на дзяржаўнай мяжы Беларусі, што дазволіць застасаваць расійскія войскі для аховы супольнай тэрыторыі «СГ» альбо выкарыстаць іх у межах выканання палажэнняў АДКБ. Праз пагрозу страты кантролю над сітуацыяй у краіне рэжым Лукашэнкі, відавочна, можа пайсці і на гэта.

Альфа-дог рэжыму ўнутранай акупацыі

Пэўна, вынікам працы расійскіх іміджмейкераў можна патлумачыць і паказовае з’яўленне Лукашэнкі на цэнтральным мінскім праспэкце ў баявым экіпаванні з аўтаматам АКС на тле байцоў АМАПу і ўнутраных войскаў.

На нашых вачах адбылася радыкальная трансфармацыя вобразу Лукашэнкі — з саджальніка бульбы і аматара шпіцаў да альфа-дога і кіраўніка вайсковай хунты. Новы вобраз сілы з’яўляецца галоўным пасылам знешняга выгляду дыктатара і вельмі карэлюе з падобным вобразам, створаным раней расійскімі іміджмейкерамі для Пуціна.

Гэта дае дакладнае разуменне, што стаўка зробленая выключна на сілавы блок. Правядзеннем жа масавых мітынгаў у падтрымку дыктара забяспечваецца атрыманне мандату даверу ад імя народу ў тым ліку і на наўпроставае выкарыстанне сілы.

І паводле зместу, і ўжо формы рэжым Лукашэнкі ўсё больш пачынае нагадваць вайсковую хунту. Гэта гарантавана забяспечвае яго празмерную таксічнасць для краінаў Захаду, ставіць яго ў адзін шэраг з расійскімі палявымі камандзірамі накшталт Кадырава, робіць яго цалкам ручным і залежным ад Расіі.

Расійскае паглынанне

Наступным этапам пасля ўсталявання кантролю над інфапрасторай Беларусі Расія, пэўна, паспрабуе падпарадкаваць сабе грамадска-палітычную сферу Беларусі.

Да гэтага часу ў нашай краіне адсутнічае буйная ўплывовая палітычныя сіла, якая б прадстаўляла і агучвала расійскія інтарэсы. Каб атрымаць кантроль над грамадска-палітычным жыццём Беларусі Расія можа скарыстаць з існага пратэстнага патэнцыялу для стварэння псеўдадэмакратычнага апазіцыйнага руху, пэўнага ўкраінскага аналяга (пра)расійскай «Партыі Рэгіёнаў» ці «ОПЗЖ». Не выключана, што гэты рух можа заангажаваць і прадстаўнікоў актыву «новай апазіцыі».

Завяршальным этапам аперацыі прымушэння да інтэграцыі можа быць усталяванне поўнага кантролю Расійскай Федэрацыі над сістэмай дзяржкіравання, а таксама сілавога блоку Беларусі. Праз наяўнасць вялікай колькасці наўпроставых агентаў уплыву РФ на ўсіх ўзроўнях сістэмы дзяржкіравання Беларусі выкананне гэтай задачы не падаецца складанай. Адным з вынікаў гэтага стане атрыманне Расіяй поўнага доступу да ключавых сектароў беларускай эканомікі.

Сцвярджэнне Нацыі ў барацьбе

Разбіць планы як рэжыму Лукашэнкі, гэтак і яго пратэктара Расійскай Федэрацыі, можа і мае сталёвая воля, мужнасць, пакліканне і самаахвяраванне беларускага народу. Толькі праз барацьбу можна вярнуць сабе сваю краіну, абараніць гонар і годнасць, адплаціць за смерці і катаванні шматлікіх пакаленняў беларусаў. Вызначальнай жа зброяй у барацьбе за сваю зямлю маюць быць перадусім беларускія нацыянальныя прыярытэты і каштоўнасці.

Беларусь ужо неаднойчы ставала месцам гібелі расійскіх імперскіх праектаў. Не выключана, што чарговая спроба Расіі аднавіць сваю імперскую веліч коштам беларускай і ўкраінскай зямлі стане чыннікам яе дэмантажу і канчатковай ліквідацыі. Усё зараз залежыць ад цывілізацыйнага выбару беларускага народу, яго імкнення рэалізаваць свой уласны геапалітычны сцэнар і неспатоленай прагі да Волі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: