Меркаванне: Увага да «выбараў» — гульня ў браму Лукашэнкі

Дзясяткі кандыдатаў у прэзідэнты гатовыя змагацца за месца пад сонцам. Якую стратэгію падтрымаць — байкот, удзел, пратэсты кандыдатаў, назіранне?


Усе, хто ўдзельнічаюць у «выбарах», так ці іначай становяцца саўдзельнікамі злачынства паводле арт. 357 КК РБ (Змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). Каб патлумачыць, чаму, прапаную кароткі агляд парушэнняў Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі падчас перавароту 1996 года, і механізма, з дапамогай якога іх не аспрэчвае міжнародная супольнасць.

Не агітаваць, не галасаваць, не назіраць

Стварыўшы падкантрольны Цэнтрвыбаркам, Лукашэнка меў на мэце не толькі захаванне ўласнай улады, а яшчэ і стварэнне інстытута «выбараў», які, пры знешняй бачнасці дэмакратычнага галасавання, робіць легітымным гэты працэс як для ўласных грамадзян так і для міжнароднай супольнасці. У першую чаргу — дзяржаваў, якія фінансуюць рэжым і маюць ад гэтага ўзаемную выгаду.

Таму як удзел у галасаванні, так і апеляванне да любых дзеянняў падчас спецаперацыі «выбары» — не толькі неэфектыўныя, але і небяспечныя. Бо такім чынам легітымізуецца працэс захавання ўлады аднаго ўсім вядомага чалавека. Гаворка ідзе ў тым ліку пра заклікі да збору подпісаў і наведвання выбарчых участкаў, размовы пра кандыдатаў і іх шанцы на перамогу, падаграванне грамадскай цікавасці да магчымасці змены ўлады ў гэты перыяд, дазволеныя пікеты і нават назіранне за «выбарамі».

Што да апошняга — замест таго, каб з году ў год канстатаваць парушэнне выбарчага заканадаўства, праваабарончым арганізацыям варта аднагалосна прызнаць, што, з улікам юрыдычнага заключэння спецкамісіі легітымнага ў 1996 годзе (ды і цяпер) органа ўлады — Вярхоўнага Савета — выбары пры існуючым становішчы (парушанай Канстытуцыі, падначаленні дзеючаму прэзідэнту ЦВК і судоў, куды паступаюць скаргі на выбарчы працэс) юрыдычна нікчэмныя. А павышаная ўвага да іх, асабліва шляхам іх «касметычнай» ацэнкі, — гульня ў браму Лукашэнкі. Відавочна ж, што дыктатура, якая дзесяцігоддзямі існуе ў пазаправавым полі, не руйнуецца ў працэсе галасавання!

Калі неразуменне гэтага звычайнымі людзьмі цалкам лагічнае, то публічнае маўчанне ключавых гульцоў недзяржаўнага сектара — палітыкаў, правазнаўцаў і праваабаронцаў — невытлумачальнае. Чамусьці яны засяроджваюць увагу на чым заўгодна — на немагчымасці добрасумленнай агітацыі, дыскрымінацыйным падыходзе пры рэгістрацыі кандыдатаў і іх ініцыятыўных груп, парушэннях выбарчага заканадаўства, непразрыстым падліку галасоў і нядопуску назіральнікаў, немагчымасці абскардзіць рашэнні ЦВК у судах і г.д., — толькі не на самым галоўным.

Дык што ж парушыў беларускі кіраўнік?

Мала хто чытаў заключэнне спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета 13-га склікання па прававой ацэнцы парушэнняў кіраўніком дзяржавы Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Паводле яго, Лукашэнка праз рэферэндум і выданне ўказаў захапіў і незаконна ўтрымлівае дзяржаўную ўладу, адмяніў вяршэнства Канстытуцыі і законаў, надаў практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы прэзідэнту. Павялічыў тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта, замацаваў норму аднаасобнага рашэння прызначэння і роспуску ўрада, падпарадкаваў сабе суды, пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю, Нацбанк і інш. Урэшце, прыняў антыканстытуцыйны Асноўны закон — Канстытуцыю 1996 года.

Паводле заключэння Канстытуцыйнага суда, ён зрабіў усё, каб выключыць магчымасць змяніць форму дзяржаўнага ладу канстытуцыйным шляхам і ліквідаваць сістэму свабодных і дэмакратычных выбараў.

Апошняе юрыдычнае азначэнне цалкам раскрывае сутнасць тых «выбараў», якія рэжым ажыццяўляе для фактычнай легітымізацыі свайго існавання.

Фальсіфікацыя вынікаў любых выбараў пасля 1996 года была б немагчымая без супрацьзаконнага падпарадкавання Лукашэнкам Цэнтрвыбаркама.

Паводле заканадаўства, дзеючага на той момант у краіне, ЦВК утвараўся парламентам у адпаведнасці з арт. 20 закона «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Асоба, якая ўваходзіць у склад выбарчай камісіі, пазбаўляецца паўнамоцтваў пры парушэнні названага закона або сістэматычным невыкананні сваіх абавязкаў органам, які ўтварыў выбарчую камісію (гэта значыць парламентам).

Лукашэнка парушыў гэты закон сваім указам ад 14 лiстапада 1996 г. № 469 «Аб Старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў». У адпаведнасці з ім тагачасны старшыня ЦВК Віктар Ганчар быў адхілены ад пасады. Выкананне абавязкаў старшыні было ўскладзена на Лідзію Ярмошыну.

Практычна ўвесь 1996 год Канстытуцыйны суд прызнаваў не адпаведнымі Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь, а значыць, і не маючымі юрыдычнай сілы, шэраг указаў і дэкрэтаў Лукашэнкі. Аднак кіраўнік краіны з самага пачатку заняў пазіцыю ігнаравання ўсіх рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Больш за тое, выдаваў новыя ўказы, якія загадваюць Кабінету Міністраў і іншым дзяржаўным органам безумоўнае выкананне сваіх указаў і дэкрэтаў.

 Роля ААН і Будапешцкага мемарандума

Нельга пачаць змяняць сітуацыю ў краіне, не паклаўшы ў аснову базавы дакумент, які быў выкінуты з-пад дзяржаўнай пабудовы. Канстытуцыя 1994 года разам з заключэннем спецкамісіі Вярхоўнага Савета павінна стаць тым падмуркам, на якім прадстаўнікі дэмакратычнага беларускага грамадства — дэпутаты Вярхоўнага Савета, незаконна пазбаўленыя сваіх паўнамоцтваў, але да гэтага часу легітымныя ў сваіх правах, вядомыя юрысты-міжнароднікі, іншыя дэлегаты, абраныя адкрытым і публічным галасаваннем (тыя ж прадстаўнікі Кангрэса за незалежнасць, члены Устаноўчага Сходу ці інш.) — маглі б заявіць у ААН аб пазбаўленні народа Беларусі яго асноўнага права — з'яўляцца крыніцай улады ў сваёй краіне.

Толькі давёўшы юрыдычна злачынства Лукашэнкі — захоп улады і ўтрыманне яе неканстытуцыйным шляхам, спалучанае з забойствамі яго апанентаў (існуе абвінаваўчы акт — «Папярэдняе заключэнне аб датычнасці вышэйшых службовых асоб Беларусі ў сувязі з фактамі знікненняў і (або) адвольных пакаранняў смерцю Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага») — можна паспрабаваць пазбавіць яго суб'ектнасці міжнароднага права і атрымаць тым самым міжнародную падтрымку.

Ад гэтага ж адкрываюцца магчымасці па адмене нелегітымных інтэграцыйных дамоваў з РФ. Кіраўніцтва Расіі ўмяшалася ва ўнутраныя справы Беларусі, падтрымаўшы Лукашэнку ў яго канфлікце з парламентам у 1996-м годзе (т.зв. «пагадненне аб грамадска-палітычнай сітуацыі і аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь»), што не дазволіла правесці імпічмент кіраўніка дзяржавы. Стаўшы прычынай разгрому беларускага парламента і акупаваўшы Крым, Расія парушыла Будапешцкія пагадненні аб абароне суверэнітэтаў як Беларусі, так і Украіны.

Гэта адкрывае акно магчымасцяў для падтрымкі пазіцыі легітымнага органа ўлады ў Беларусі (напрыклад, адноўленага ў правах Вярхоўнага Савета), краінамі — нашымі саюзнікамі, якія маюць права голасу ў ААН (той жа Украінай). Апроч таго, гэта магчымасць распачаць кампанію па юрыдычным прымусе да выканання сваіх абавязкаў у рамках Будапешцкага мемарандума краін-гарантаў нашага суверэнітэту — Вялікабрытаніі і ЗША.

Усеагульны страйк

Акно магчымасцяў не адкрыецца без не менш важнага складніка — масавага, усеагульнага непадпарадкавання людзей па ўсёй краіне, абвяшчэння нацыянальнай забастоўкі. Для гэтага цалкам падыходзіць момант так званых «выбараў». У дзень галасавання людзі павінны праявіць актыўны байкот, замест участкаў выйшаўшы на вуліцы сваіх гарадоў. Для ідэнтыфікацыі актыўных людзей, гатовых да рашучых пераменаў, досыць мець на сабе, да прыкладу, стужачку або частку адзення пэўнага колеру. І неабавязкова збірацца на Плошчы, каб патрапіць пад рэпрэсіі — дастаткова проста масавай колькасці людзей на вуліцах. А з раніцы наступнага дня — проста спыніць хадзіць на працу. Гэта, магчыма, адзіны ў нашай сітуацыі шлях бяскроўна пераламіць сітуацыю.

Вядома, у першыя дні будзе істэрыя, пагрозы, спробы звальненняў. Але калі ўзяцца за справу сур'ёзна (пытанне ў правільнай агітацыі — да палітыкаў і лідараў меркаванняў), то страйк пакоціцца як снежны ком. Патрабаванняў жа павінна быць толькі два: 1) неадкладная адстаўка і суд над узурпатарам улады, 2) арганізацыя новых свабодных выбараў. Гэты план добры ўжо тым, што не звяртаецца да амбіцыяў асобных палітыкаў, як паказала гісторыя, у прынцыпе не здольных дамовіцца, а можа паспрыяць кансалідацыі розных палітычных плыняў.

Крытычным днём пачатку страйку можа стаць і тая дата, калі людзі, стаміўшыся маўчаць, выйдуць на мірныя масавыя пратэсты, і пачнуцца стыхійныя мітынгі ва ўсёй краіне. Але без нацыянальнай забастоўкі гэтыя мітынгі рызыкуюць захлынуцца ў рэпрэсіях, і добра, калі не ў крыві.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: