Мікалай Аўтуховіч: «Каб не сесці ў турму, я сыйшоў у глыбокае падполле»

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч напярэдадні Новага года распавёў, што вымушаны хавацца, каб зноў не трапіць за краты.

Мікалай Аўтуховіч. Фота: «Беларускі партызан»



«У мяне пасля вызвалення з турмы былі свае планы на жыццё. І ў гэтыя планы не ўваходзіла зноў трапіць у турму. А званочкаў ужо было дастаткова. У нашай краіне, калі ёсць чалавек, заўсёды знойдуць, за што пасадзіць. Таму я пайшоў у глыбокае падполле, каб скончыць усе мерапрыемствы для ажыццяўлення сваіх планаў», — напісаў Мікалай Аўтуховіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.


Экс-палітвязень піша, што пры вызваленні супрацоўнікі аператыўнага аддзела турмы №1 Гродна перадалі яму словы супрацоўнікаў КДБ, якія курыравалі Аўтуховіча на працягу ўсяго тэрміну ў няволі, што, калі ён не з'едзе з краіны, яго зноў пасадзяць.

Па словах Аўтуховіча, пасля вызвалення ён не раз быў сведкам таго, што яго хацелі ўцягнуць у нейкія крымінальныя справы. «Калі-небудзь я напішу пра гэта ў сваёй кнізе», — дадае Аўтуховіч.

Змяніць лад жыцця Мікалая Аўтуховіча прымусіла правакацыя, якую ён апісаў у сваім допісе.

«Калі я з Генадзем Фядынічам 8 сакавіка вяртаўся з-за мяжы праз Латвійска-Расійскую мяжу, на памежным пераходзе «Бурачкі» Себежскага раёна Пскоўскай вобласці, адбыўся інцыдэнт. У нашай машыне 12 гадзін шукалі наркотыкі. Сёння мы ведаем, што да гэтай правакацыі датычныя спецслужбы Беларусі.

Не знайшоўшы наркотыкаў, ФСБ-шнікі загадалі начальніку змены выняць у нас усё грошы, банкаўскія карткі і ноўтбукі. Начальнік змены аказаўся сумленным чалавекам і шчыра прызнаўся, што калі ён гэтага не зробіць яму не паздаровіцца, а нас не выпусцяць з мяжы.

І вось на падставе праверкі грошай на фальшывасць у нас адбіраюць усе грошы, нават манеты. Пад замес трапляе чалавек, які нас ласкава пагадзіўся адвезці ў Юрмалу і назад. У гаспадара машыны забіраюць каля 10 тысяч долараў.

Усе нашы грошы і ноўтбукі прыкладна праз тыдзень забірае беларускі следчы камітэт. Ён дае расіянам хлуслівую інфармацыю пра нібыта крымінальную справу, дзе мы ўсе з'яўляемся фігурантамі. Хоць на той час была ўзбуджаная крымінальная справа толькі супраць Фядыніча з нашай кампаніі.

Грошы гаспадару машыны і ягоны ноўтбук, з розных прычынаў, да гэтага часу не вярнулі. Хоць чалавек падаў абгрунтаванні на гэтыя грошы. Атрымліваецца, што з-за нас пацярпеў зусім невінаваты чалавек. Па рэкамендацыі адвакатаў Фядыніча шум па гэтым пытанні падымаць не сталі. Хоць я ўжо тады быў упэўнены ў няправільнасці такога рашэння.

Нас маглі усіх пасадзіць на 10—15 гадоў у расійскую турму, калі б у машыне знайшлі наркотыкі, а адвакаты вырашылі замаўчаць гэты факт. Як пазней аказалася, адвакаты выявіліся засланымі казачкамі. Гэта стала зразумела, калі яны некалькі разоў угаворвалі Фядыніча напісаць прашэнне на памілаванне. Натуральна Генадзь Фёдаравіч адмовіўся ад іх паслуг. Але час быў страчаны і таму зусім старонняму чалавеку да гэтага часу не вяртаюць грошы».

У самога Аўтуховіча невядомыя ноччу ўскрылі машыну.

«Я выявіў пашкоджанні на панэлі і заўважыў, што шчыток прыбораў цалкам адкручаны. Натуральна я кінуў гэтую машыну напаўдарогі, а ў Юрмалу паехалі на іншым аўтамабілі.

Хлопцы з ФСБ некалькі разоў ноччу звязваліся з кімсьці па тэлефоне. Затым прыходзілі і казалі кінолагу, дзе сабака павінен шукаць наркотыкі. На іншым канцы провада былі проста ўпэўненыя, што наркотыкі ў машыне ёсць. Нават рэнтген нічога не выявіў.

Больш за ўсё мяне здзівіла тое, што пасля 8 гадзін надгляду на іншым канцы провада патрабавалі, каб на мяжу прывезлі самага добрага сабаку. І недзе ў 8 гадзін раніцы на гэты памежны пераход прывезлі ўжо трэцяга сабаку, які таксама нічога не знайшоў.

Мне давялося расказаць маладым хлопцам з ФСБ, што я паехаў у камандзіроўку не на той машыне, якую ўскрывалі ноччу. Таму яны нічога і не могуць знайсці. Яны сталі трохі больш шчырымі і прамым тэкстам спыталі, каму мы перайшлі дарогу ў Беларусі.

Паколькі я двойчы пераконваўся ў тым, што дастаткова быць дасяжным, і ты лёгка можаш зноў трапіць у турму, я пазбавіў іх магчымасці так проста выявіць сябе».

Былы палітвязень паабяцаў неўзабаве распавесці пра тое, чым займаўся апошнім часам і якія планы мае на будучыню.

Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік, грамадскі дзеяч, былы вайсковец. Падпадае пад пераслед уладаў з 2006 года. У 2010 годзе Аўтуховіча асудзілі паводле артыкула 295 частка 3 — «Незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» на 5 гадоў і 2 месяцы зняволення ва ўмовах строгага рэжыму, без канфіскацыі маёмасці.

Адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 5 у Івацэвічах (Брэсцкая вобласць). Рашэннем суда, які адбыўся 17 студзеня 2012 г., быў пераведзены ў турму Гродна. 8 красавіка 2014 года Мікалай Аўтуховіч выйшаў на волю.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!