Мікола Статкевіч ладзіць мітынг «Абаронім Беларусь»

Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар «Народнай грамады» Мікола Статкевіч збірае сёння людзей на Плошчы Свабоды ў Мінску. Палітык заклікаў прыйсці 6 кастрычніка на мітынг «Абаронім Беларусь».
«Нашай краінай проста гандлююць, вядуцца перамовы пра тое, колькі незалежнасці ў нас забярэ Крэмль, на якіх умовах і так далей. Сам факт вядзення такіх перамоваў — гэта ўжо знявага. Але і страшэнная небяспека. Я думаю, што беларускае грамадства, патрыёты павінны ўзвысіць свой голас у абарону незалежнасці», — казаў перад акцыяй Статкевіч.

Пачатак запланаваны на 14:00, але палітык прыйшоў на Плошчу Свабоду а 12-й.

Паводле яго слоў, мітынг павінен прайсці ў фармаце перадвыбарчага пікета па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты ад Народнай Грамады. Такі самы пікет на плошчы Свабоды ў Мінску з гукаўзмацняльнай тэхнікай ужо праводзіўся 2 кастрычніка.

«Фармат цалкам адпавядае нават іхняму заканадаўству, ён легальны, ніякай пагрозы няма. Адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы яны не маюць права. То бок у нас месяц свабоды, і мы скарыстаемся гэтым месяцам», — сцвярджае Статкевіч.

Таксама сёння стане канчаткова вядома, ці будуць кандыдаты ад «НГ» рэгістравацца на парламенцкіх выбарах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!