
Зміцер прыйшоў на працэс з сынам Янам.
Большасць, мусіць, ведае знакаміты эксперымент з катом Шродынгера, які жывы і ў той жа час мёртвы. Менавіта гэты парадокс прыходзіў на розум падчас сённяшняга суда над журналістам Змітром Галко.
Юрыдычных парадоксаў у гэтай справе больш чым хапае. Напрыклад, тое, што ў лістападзе 2017-га Галко ўжо судзілі за сутычку з міліцыянтамі, кваліфікаваўшы яе як дробнае хуліганства. Але потым вырашылі перакваліфікаваць ягоныя дзеянні на арт.364 КК і судзілі, фактычна ў другі раз, за тое ж самае, што з'яўляецца парушэннем базавых прынцыпаў права: чалавек не можа быць асуджаны двойчы за адно і тое ж.
Альбо той факт, што згодна з КПК, чалавека, які "заспеты падчас злачынства альбо непасрэдна пасля яго [...] можа быць затрыманы па непасрэднаму падазрэнню ў ажыццяўленні злачынства", чаго, аднак, не адбылося — Галко быў затрыманы за "дробнае хуліганства" і атрымаў 2 базавых штрафу.
У далейшым суд адмяніў гэтае пакаранне і направіў справу на новы разгляд, які і адбыўся сёння. На гэтым юрыдычныя парадоксы скончыліся і пачаліся прасторава-часавыя.
Суддзя Вера Міхайлаўна Галаўкова, што вяла працэс, выклікала двух сведкаў па справе, адзін з якіх (міліцыянт Сойка) не з'явіўся (Галко быў супраць таго, каб разглядаць справу ў ягоную адсутнасць, але суд не ўзяў гэта да ўвагі), бо знаходзіцца ў Бярэсце. Хутка высветлілася, што другі сведка — міліцыянт Шынкароў, не памятае ўвогуле нічога.
Суддзя просіць расказаць, як адбывалася затрыманне Галко.
Шынкароў:
— Не памятаю
Суддзя:
— Што, зусім нічога не памятаеце?
Шынкароў:
— Калі шчыра, не вельмі...

Зміцер Галко разважае над складанасцю Сусвету.



Сам Зміцер Галко адзначае: згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, яго затрымлівалі не Сойка і Шынкароў, а Е.О.Барзяк і А.А.Каптур. Але ж, вядома, міліцыя памыляцца не можа, і таму найбольш верагоднае тлумачэнне палягае ў тым, што два гэтых затрыманні адбываліся паралельна, ў дзвюх рэчаіснасцях.
Пасля перапынку суддзя пастанавіў паўторна выклікаць сведку Сойка і запрасіць зводку Савецкага РУУС адносна здарэнняў у той дзень.