Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Міліцыя вярнула актывісту канфіскаваныя кампутары

Сябру Руху «За Свабоду» з Пінску Ігару Салаўю вярнулі кампутары, якія былі канфіскаваныя ў канцы сакавіка. Міліцыя падазравала яго ў падрыхтоўцы агітацыйных матэрыялаў да акцыі 1 траўня, але доказаў не знайшла.

«На кампутарах нічога не знайшлі, таму тэхніку вярнулі. Патэлефанаваў участковы, папрасіў выйсці ва двор, пад’ехала машына, аддалі, папрасілі распісацца, што прэтэнзіяў не маю. Запытаўся, ці знайшлі нешта. Не, кажуць», — распавёў сайту Pyx.by Ігар Салавей.

Потым ён, па ягоных словах, атрымаў афіцыйны ліст з ГАУСа, дзе паведамілі, што прэтэнзіяў да яго не маюць.

Як лічыць Салавей, тэхніку ў яго канфіскавалі, бо палічылі арганізатарам акцыі. «Пасля ранейшых акцый я прысутнічаў на ўсіх судах у Пінску, яны вырашылі, што я зацікаўлены, а, значыць, арганізатар», — адзначыў актывіст Руху.

Ён падкрэсліў, што «калі людзі хочуць выйсці на плошчу — не важна хто запрашае, улада, апазіцыя — гэтаму не павінны перашкаджаць». «Тым болей, калі выходзяць у Дзень працы, каб патрабаваць лепшых умоваў працы. На гэта ўвогуле няма словаў, каб апісаць», — заключыў Ігар Салавей.

pyx.by



Каментаваць