Міліцыянт: «Аб тым, што пратакол яна атрымала, даведаўся з яе Фэйсбуку»

Суд над Вікай Біран прадэманстраваў не толькі гатоўнасць улады працягваць граць у гульню "гібрыдная лібералізацыя", але і замацаваў новы трэнд, у якім сацсеткі актывістаў робяцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі адміністрацыйнага працэсу.

Пратакол на Віку Біран па ч. 1 ст. 23.34 КААП, складзены пасля яе знакамітага фота з плакатам "Самі вы падробка", прысвечанаму ананімнай калонцы з філіпікай супраць ЛГБТ-руху, быў складзены яшчэ ў маі. Але суд адправіў яго назад у РУУС на выпраўленне недахопаў.

Гэты адміністрацыйны працэс мала б адрозніваўся ад соцень астатніх палітычных працэсаў у беларускіх судах, калі б не дзве рэчы: вялікая колькасць людзей, якія прыйшлі падтрымаць Біран (разам з праваабаронцамі і журналістамі набралася больш за 30 чалавек), і надзвычайная роля Інтэрнэту і сацсетак у гэтай справе.



З матэрыялаў адміністрацыйнай справы выінкае, што нават аб самім факце пікетавання (калі яго можна так назваць) міліцыянт Дзмітры Шантыр даведаўся з Інтэрнэту. Больш за тое, калі адвакат Дзмітры Лепрэтар пачаў распытваць міліцыянта, як ён упэўніўся, што Біран атрымала копію пратакола, той без цені сумневу адказаў: "Яна напісала аб гэтым у сваім фэйсбуку!"

У сукупнасці з апошнімі рэпрэсіўнымі практыкамі: арыштам Пятра Маркелава за пікет, які адбыўся ў фаташопе, затрыманнем аўтара гэтых радкоў за "Дэманстраванне нацысцкай сімволікі", ізноў жа, у Фэйсбуку і пагрозамі Генеральнага пракурора ўвесці крымінальную адказнасць за фэйкі ў Інтэрнэце выпадак з Біран толькі пацвярджае: дзяржава актыўна ўзялася за рэгуляванне палітычнай сферы ў інтэрнэт-прасторы. Незваротна мінулі тыя часы, калі міліцыянт не мог адрозніць Фэйсбук ад Макбука, а слова "фэйк" лічыў лаянкай па-ангельску. Ледзь разабраўшыся ў тым факце, што сацсеткі існуюць і з імі трэба лічыцца, структуры МУС ужо ўзяліся за віртуальную дубінку. Стратэгічных тлумачэнняў для гэтага як мінімум два:

— Віртуальная прастора па сваёй сутнасці мала падкантрольная і можа ўяўляць рэальную небяспеку ў выпадку масавых хваляванняў, што паказалі тыя ж "дармаедскія" пратэсты вясны 2017, калі вялікая колькасць акцый каардынавалася наўпрост праз сацсеткі.

— Масавы сыход аўдыторыі ад тэлевізараў і тым больш дзяржаўных СМІ ў Інтэрнэт, які цягнецца ўжо шмат год, робіць малакарыснымі ўсе высілкі дзяржавы па фарміраванню свайго дыскурсу і ідэйнага накірунку насельніцтва. БТ прайграе блогерам і незалежным СМІ амаль па ўсіх пазіцыях. І, канешне, дзяржава выбрала самы звычны шлях: замест паляпшэння якасці свайго кантэнту, наўпрост "гасіць" не толькі незалежныя СМІ, але і свабоду слова ў Інтэрнэце як такую.

Так ці інакш, але відавочна, што карны механізм запушчаны далёка не напоўніцу. І 15 базавых штрафу, якія атрымала Біран, і так і не асуджаны за "фоташопны пікет" Маркелаў могуць тлумачыцца рознымі прычынамі: як агульнай стратэгіяй на працяг імітацыі лібералізацыі, так і хуткім мерапрыемствам з удзелам еўрачыноўінкаў, якое мае адбыцца ў Беларусі заўтра. Магчыма, менавіта таму што для іх ЛГБТ — тэма асаблівай важнасці, нават даволі жорсткі "тролінг" Шуневіча застаўся для Біран - па беларускіх мерках — непакараным.


Віка Біран ў каментары НЧ сказала, што ў прынцыпе была гатовая і да адміністрацыйнага арышту а таксама падзялілася іншымі думкамі з нагоды працэсу:

— Мы рабілі стаўкі, колькі базавых гэта можа быць, бо гэта было найбольш верагодным сыходам. На суткі таксама была падрыхтаваная.

— Але ж гэта ўсё ж быў абвінаваўчы прысуд, і даволі дэманстратыўны. Ці паўплывае гэта на далейшую актыўнасць тваіх паплечнікаў па ЛГБТ-руху, ці не пабаяцца яны ў далейшым выказваць свае думкі як гэта рабіла ты?

— Думаю, тая колькасць ЛГБТ-людзей якія прыйшлі падтрымаць мяне ў суд, гэта вельмі здорава — гэта робіць відавочным тое, якія нягеглыя ўсе гэтыя рэчы (абвінавачанні). У дворыку мы ўжо абмяркоўвалі, якія цішоткі і плакаты можна зрабіць, каб яшчэ больш высмеяць гэтую бязглуздзіцу.

— Рыхтуешся да наступных працэсаў? (Вікторыю чакаюць яшчэ два працэсы ў іншых судах Мінска з аналагічныя фота — НЧ).

— Так. У адным з пратаколаў было напісана, што я выказала сваё стаўленне да выказванняў міністра. І гэта вельмі дзіўна, таму яшчэ будзем абмяркоўваць з абаронцай, як будзем падымаць гэтую тэму. Датычна рашэнняў — думаю зараз суды будуць адзін за адным назіраць і "злізваць" гэтыя рашэнні аб 15-ці базавых. Але ёсць ідэя гэты штраф накраўдфайндзіць! Бо што ж мне яго, са сваёй кішэні плаціць?


Віка Біран (фота прадстаўленае асабіста)

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць