Мільёны еўра ЕС для судовай сістэмы РБ

Афіцыёз вельмі любіць прадстаўляць беларускую апазіцыю «празаходняй» і існуючай на замежныя — амерыканскія ці еўрапейскія — грошы. Што не перашкаджае ім самім залазіць у кішэню заходніх падаткаплатнікаў. Але мы не думалі, што ў такіх маштабах!


Сёння ў Беларусі прэзентавалі цікавую еўрапейскую праграму — «Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання». За такой расплывістай фармулёўкай хаваюцца вельмі цікавыя рэчы. Напрыклад, адзін з праектаў — «Умацаванне права на справядлівае судовае разбіральніцтва ў сістэме крымінальнага правасуддзя ў Беларусі». Сярод мэтаў гэтай праграмы — «умацаванне нацыянальнай сістэмы крымінальнага правасуддзя», шляхам адукацыі беларускіх юрыстаў у тым ліку (заўважце!) «па пытаннях, звязаных з адменай смяротнага пакарання».

На гэтыя мэты Савет Еўропы і ЕС выдаткоўваюць паўмільёна (!) еўра цягам 2019–2020 гадоў. Праграма прадугледжвае не што іншае, як навучанне «студэнтаў і прадстаўнікоў юрыдычных прафесій».

Адукацыя — гэта, безумоўна, добра. Але як студэнты еўрапейскіх курсаў за еўрапейскія грошы потым будуць увасабляць атрыманыя веды на практыцы? Адказ адзін — ніяк, бо беларуская судовая сістэма не з’яўляецца незалежнай, і гэта ўсім вядома. Пэўна, апроч Савета Еўропы і ЕС. А таму вучы іх — не вучы, а суддзі будуць вымушаныя выносіць тыя прысуды, пра якія ім скажуць «зверху».

Асабліва смешна гучыць меркаваны вынік праекту: «Укараненне еўрапейскіх стандартаў… у тым ліку прынцыпаў справядлівага судовага разбору ў сістэму прафесійнай падрыхтоўкі юрыстаў». Смешна — таму што на памяць адразу прыходзіць справа Аляксандра Грунова. Ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання за забойства сваёй знаёмай, але Вярхоўны Суд адмяніў расстрэл і накіраваў справу на новае разбіральніцтва. Аднак сітуацыю пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы: «Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі?» Другое разбіральніцтва пасля гэтага скончылася тым жа самым смяротным прысудам, і Вярхоўны Суд заплюшчыў на гэта вочы.

Гэта, падаецца, усё, што трэба ведаць пра «прынцыпы справядлівага судовага разбору» ў сучаснай Беларусі. Але ж нельга проста так адмовіцца ад 500 тысяч еўра!

Дарэчы, той самы Вярхоўны Суд разам з Міністэрствам юстыцыі па тым жа праекце атрымаюць 170 тысяч еўра. На што? На «павышэнне эфектыўнасці функцыянавання рэгіянальных судоў і ўмацаванне іх патэнцыялу, працэдур і практыкі ў грамадзянскіх справах». У гэтай сувязі варта чакаць новых працэсаў у дачыненні, напрыклад, да журналістаў «Белсату» за «працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі». Ці новых позваў чыноўнікаў супраць журналістаў і блогераў. Як умацуецца патэнцыял рэгіянальных судоў у — зноў жа, — адсутнасці незалежнага суда, падаецца, і варажыць не трэба.

Гэта — тое, што выдаткоўваецца выключна для судовай сістэмы Беларусі. Але ёсць яшчэ праекты, скіраваныя агулам на краіны «Усходняга партнёрства», да ліку якіх належыць і Сінявокая.

Напрыклад, на мільён еўра пацягне праект па доступе жанчынаў да правасуддзя. Асабліва ўнушальна гэтая лічба глядзіцца на фоне таго, што наш нацыянальны законапраект па супрацьдзеянні хатняму гвалту быў «зарэзаны» па адным выказванні Лукашэнкі. На «ўмацаванне захадаў па папярэджанні эканамічных злачынстваў» у краінах УП Еўропа плануе выдаткаваць 800 тысяч еўра. Раскажыце хто-небудзь пра гэта Андрэю Галавачу, галоўнаму інжынеру МЗКЦ, які «за хабар» адседзеў 50 месяцаў у СІЗА, і пры гэтым чатыры разы (!) быў апраўданы.

А вось тое, што на «ўмацаванне доступу да правасуддзя з дапамогай пазасудовых механізмаў для ахвяраў дыскрымінацыі» будзе выдаткавана 940 тысяч еўра, павінна моцна ўзрадаваць Міністэрства ўнутраных спраў. Яно нават вынайшла пад гэта новую сацыяльную дыскрымінуемую групу — супрацоўнікі міліцыі. І пад гэтую марку (па меркаванні праваабаронцаў) запатрабавала зрабіць закрытым суд над анархістам Дзмітрыем Паліенкам. Які, дарэчы, адзін раз ужо абвяшчаўся «вязнем сумлення».

Дый увогуле, як можа падтрымліваць судовую сістэму, калі агульнапрызнаны вязень сумлення Міхаіл Жамчужны дагэтуль знаходзіцца за кратамі, а ўлада зусім не спяшаецца выконваць рашэнні Камітэта па правах чалавека ААН? Як увогуле Еўропа можа падтрымліваць суды, якія выносяць смяротныя прысуды?

Варта зазначыць, што праект «Партнёрства ў падтрымку належнага кіравання» ажыццяўляецца Саветам Еўропы і Еўрасаюзам ад 2014 года. Дасягнутыя на папярэдніх этапах вынікі займаюць шэсць старонак тэксту. Але на гэтых старонках няма ніводнай (!) згадкі пра Беларусь. То-бок, нягледзячы на ўжо ўкладзеныя немалыя сродкі, вынік па Сінявокай у гэтым праекце — поўны нуль.

Зразумела, калі ЕС укладае грошы ў мадэрнізацыю памежных пераходаў — гэтым яны спрыяюць і сабе. Добра, калі на грошы ЕС у нас будуюцца роварныя сцежкі і развіваецца аграэкатурызм. Але ўкладаць мільёны ў тое, што ў Беларусі адсутнічае, — у судовую сістэму?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!