Мінгарвыканкам — апазіцыі: зноў на Бангалор

Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт 10 сакавіка даў адказ прадстаўнікам апазіцыі на правядзенне «Маршу недармаедаў», які мае адбыцца ў сераду.

Рашэнне гарадскіх «вертыкальшчыкаў» было прадказальнае: акцыю дазволілі, але ў традыцыйным для выканаўчай улады варыянце.

У пятніцу заяўнікі “Маршу недармаедаў”, а гэта грамадзяне У. Лабудаў, Д. Садоўскі, Д. Кучук ды І. Вештард, атрымалі рашэнне сталічных уладаў, якія далі дазвол правесці збор удзельнікаў меркаванага мерапрыемства ад 17.30 да 18.00 на пляцоўцы каля сталічнага кінатэатра “Кастрычнік”, а потым шэсце ўздоўж вуліцы Сурганава (па ходніках) да плошчы Бангалор.

Як адзначыла на прэс-канферэнцыі старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), заяўніца акцыі Ірына Вештард, гарадскія ўлады да апошняга цягнулі з адказам, хаця і не парушылі дзейнага заканадаўства. “Мы атрымалі рашэнне ад Мінгарвыканкама роўна за пяць дзён, калі паўплываць на гэтае рашэнне ўжо практычна немагчыма. Таму я паведамляю: месца збору — кінатэатр “Кастрычнік, 15 сакавіка, 17.30. А вось што рабіць далей, будзе вырашацца на месцы. Калі нас будзе дастаткова шмат, калі грамадзяне вырашаць, што трэба ісці ў іншы бок, я не буду мець магчымасць гэтаму рашэнню супрацьстаяць”, — сказала спадарыня Верштад.

Як насельніцтва вырашыць, так яно і будзе, — ці заставацца каля “Кастрычніка”, ці рухацца ў цэнтр, — працягнуў словы папярэдніцы яшчэ адзін заяўнік, намеснік старшыні партыі “Зялёныя” Дзмітры Кучук. — Я мяркую, што ісці на Бангалор ні ў каго жадання ў прынцыпе няма”.

Кучук нагадаў, што днямі ў самым цэнтры сталіцы адбылася дэманстрацыя да 100-годдзя міліцыі, і ніякіх праблемаў з дазволам не было. “Нагадаю, што 15 сакавіка — Дзень Канстытуцыі, гэта знакавая падзея для Беларусі, і людзям мэтазгодна было б прайсціся па цэнтры горада да Кастрычніцкай плошчы. Мы выказалі прапанову ў Мінгарвыканкаме, каб, магчыма, прадстаўнікі гарадскіх уладаў, адміністрацыі прэзідэнта таксама выступілі на гэтай акцыі, распавялі пра сваё бачанне гэтага дэкрэта № 3, але, на жаль, нейкага разумення ці жадання ў іх не ўзнікае. Аднак акцыя ўзгодненая, таму давайце прадэманструем нашу грамадзянскую пазіцыю, наша стаўленне да гэтага дэкрэта”.    

Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, зараз у сацыяльных сетках дзеля абмеркавання ўжо распаўсюджаны праект рэзалюцыі ўдзельнікаў акцыі 15 сакавіка. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што дэкрэт № 3 не адпавядае дзевяці артыкулам Канстытуцыі і міжнародным абавязальніцтвам Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі працы. Што эканамічная і сацыяльная палітыка ўладаў завяла краіну ў тупік, вынікам чаго сталася збядненне большасці грамадзянаў Беларусі, а таксама адсутнасць перспектывы, рост эміграцыі. Што ўлада з’яўляецца бескантрольнай, а грамадзяне ніякім чынам не ўплываюць на прыняцце рашэнняў. Таму ўдзельнікі “Маршу недармаедаў” маюць намер запатрабаваць адмены дэкрэта № 3, прыняцця новага эканамічнага курсу, арыентаванага на стварэнне новых, эфектыўных працоўных месцаў, а не на барацьбу з беспрацоўнымі.

Апроч таго, удзельнікам акцыі прапануецца прагаласаваць за ўнясенне зменаў у Выбарчы кодэкс, якія б дазвалялі вярнуць грамадзянам права выбару. “Гэтая рэзалюцыя, калі яна будзе прынятая ўдзельнікамі акцыі, 16 сакавіка будзе перададзена ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, у Палату прадстаўнікоў і ўрад”, — паведаміў лідар АГП.

Старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч распавёў, што паралельна з акцыяй у Мінску 15 сакавіка адбудуцца мерапрыемствы ў Магілёве і Гродна, іншых рэгіёнах, а 25 сакавіка, на Дзень Волі, акцыі пройдуць не толькі ў сталіцы, але яшчэ ў Брэсце, Гомелі, Віцебску ды іншых рэгіёнах.

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі не выключыў, што з боку ўладаў могуць быць правакацыі. А што да дакументу, атрыманага заяўнікамі з Мінгарвыкамкаму з частковым дазволам акцыі 15 сакавіка, то, па словах палітыка, гэта чарговае сведчанне пра парушэнне правоў грамадзян Беларусі, а менавіта гарантаванага Канстытуцыяй права на мірныя сходы. “Але мы будзем імкнуцца да таго, каб акцыя прайшла мірна, і не дапусціць аніякіх эксцэсаў”, — заявіў сустаршыня БХД.        

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: