«Міністэрства істэрычных спраў». Макей рыхтуе «адчувальны адказ» на пашырэнне санкцый ЕС

Беларусь рыхтуе адказ на магчымае пашырэнне санкцый з боку Еўрапейскага Саюза. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей пасля нарады ў Лукашэнкі.

Макей ідзе на нараду да Лукашэнкі


«Будзьце ўпэўненыя, што гэтыя ініцыятывы ў выпадку іх прыняцця нашымі еўрапейскімі партнёрамі не застануцца без адказу. Рэакцыя будзе сапраўды адэкватнай і вельмі адчувальнай для нашых еўрапейскіх партнёраў. Яшчэ раз паўтару: не мы былі ініцыятарамі — мы толькі стараліся, як нам здаецца, адэкватна рэагаваць на тыя выклікі, з якімі сутыкнулася і сутыкаецца Беларусь», — прыводзіць словы Макея АФН са спасылкай на БелТА.

«Мы заўсёды казалі, што санкцыі — гэта не метад рэалізацыі міждзяржаўных адносін. Яны ніколі ні да чаго добрага не прыводзілі і не прывядуць. Як паказвае нават наш нядаўні вопыт, рана ці позна санкцыйная палітыка завершыцца. Перакананы, што так будзе і ў будучыні праз некаторы час», — працягнуў кіраўнік МЗС РБ.

«Але калі тыя, хто ініцыюе гэтыя рэчы, хочуць ісці па гэтым шляху, то, вядома ж, мы вымушаныя будзем рэагаваць. І сёння на нарадзе абмяркоўваўся (і ў цэлым быў падтрыманы) цэлы шэраг мер, якія могуць быць прыняты ў Беларусі ў выпадку, калі нашы партнёры прымуць рашэнне аб узмацненні жорсткасці гэтых санкцый — аб пераходзе ад персанальных санкцый да эканамічных, да чаго іх заклікаюць некаторыя беларускія апаненты ўлады», — сказаў на заканчэнне Макей.

Нагадаем, адказам на папярэдняе пашырэнне санкцый стала патрабаванне МЗС скараціць колькасць дыпламатаў у амбасадах Польшчы і Літвы: у літоўскай амбасадзе замест 25 павінна застацца 14 дыпламатаў, у польскай — замест 50 павінна застацца 18. Але ў выніку скаардынаваных дзеянняў ЕС Беларусь пакінулі амаль усе еўрапейскія дыпламаты — за выключэннем амбасадараў Аўстрыі і Італіі. Паслоў адклікалі Германія, Латвія, Эстонія, Чэхія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Румынія і Славакія.

Пры гэтым эксперты адзначаюць, што Беларусь сваім «адказам на санкцыі» больш нашкодзіла сабе. І цяпер таксама ўзнікае пытанне: а што будзе з нашым знешнім гандлем, і, адпаведна, з лукашэнкаўскім бюджэтам, які і так наскрозь дзіравы?



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: