Міністр культуры Расіі папрасіў Беларусь абараняць рускую мову

Міністр культуры РФ Уладзімір Мядзінскі папрасіў свайго беларускага калегу Юрыя Бондара надаць асаблівую ўвагу абароне рускай мовы, таму што «з'яўляецца інфармацыя, што руская мова знікае з шыльдаў» у Беларусі.
Фота: twitter.com/chudentsov

Фота: twitter.com/chudentsov



Пра гэта Мядзінскі заявіў на сумесным пасяджэнні калегій міністэрстваў культуры Расіі і Беларусі, піша news.tut.by.

— Апошнім часам у СМІ ўсё часцей з'яўляецца інфармацыя аб тым, што руская мова знікае з шыльдаў, на спартыўных мерапрыемствах шыльды на англійскай і беларускай <...> Я б вельмі прасіў ... каб гэтая найважнейшая частка нашага культурнага гуманітарнага супрацоўніцтва [падтрымка рускай мовы] апынулася ў фокусе Міністэрства культуры [Рэспублікі Беларусь].

Паводле яго слоў, пытанне мовы — гэта тое, што аб'ядноўвае абедзве краіны і з'яўляецца велізарнай сумеснай працай.

У сваю чаргу міністр культуры Беларусі Юрый Бондар заявіў, што рускай мове ў Беларусі «нічога не пагражае».

— Наадварот, мы сёння думаем над дзяржаўнымі праграмамі па папулярызацыі беларускай мовы. Пераважная большасць насельніцтва Беларусі размаўляе на рускай мове, выхаванае на высокіх ідэалах рускай літаратуры <...> Я не магу ўявіць такой сітуацыі, калі руская мова будзе чужой для беларускага народа і Беларуcі.

Тэма беларусізацыі не ўпершыню трапіла ў заявы расейскіх афіцыйных асоб. 9 лютага амбасадар Расеі ў Мінску Міхаіл Бабіч заявіў, што паміж мяккай беларусізацыяй і дэрусіфікацыяй — тонкая мяжа. Разам з тым, амбасадар адзначыў, што ў Беларусі беражліва ставяцца да рускай мовы.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!