Мінюст высвятляе ў партый абставіны падпісання рэзалюцыі аб спыненні гвалту

Міністэрства юстыцыі Беларусі высвятляе абставіны падпісання рэзалюцыі, у якой 10 зарэгістраваных палітычных партый асудзілі гвалт, што адбываецца ў Беларусі, і запатрабавалі новых прэзідэнцкіх выбараў.


Прэс-служба Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 22 верасня апублікавала ў сваім Тэлеграм-канале фота ліста ад Міністэрства юстыцыі.

«Кіруючыся ч. 3 арт. 27 закона РБ “Аб палітычных партыях”, прапануем у тэрмін да 25 верасня 2020 года падаць у Міністэрства юстыцыі інфармацыю, якім органам партыі прымаліся рашэнні аб удзеле прадстаўніка БСДП (Грамада) у круглым стале, які прайшоў 10 верасня 2020 года, і падпісанні ім рэзалюцыі з дадаткам адпаведнага пратаколу (яго копіі)», — гаворыцца ў лісце за подпісам намесніка начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі ў пытаннях некамерцыйных арганізацый Аляксея Пячкурава.

Выканаўца абавязкаў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў паведаміў БелаПАН, што АГП таксама атрымала падобны дакумент. «Змест практычна супадае, крыху розніцы ёсць, але сутнасць тая ж», — сказаў ён.

Факт атрымання такога ж ліста пацвердзіў БелаПАН і старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук. «Нам такое таксама прыходзіла, — паведаміў палітык. — Я думаю, што гэта прыйдзе ўсім палітычным партыям, [якія падпісалі рэзалюцыю], мяркуючы па ўсім. У нас запыталі інфармацыю, як прымалася рашэнне, хто падпісваў дакумент, плюс у нас яны дадаткова паставілі ў гэтым лісце пытанне па юрыдычным адрасе».

10 верасня на пасяджэнні круглага стала лідары 10 з 15 беларускіх партыяў падпісалі рэзалюцыю з патрабаваннямі спыніць гвалт, расследаваць забойствы і катаванні, правесці новыя выбары прэзідэнта цягам 6 месяцаў.

У ліку партыяў, чые лідары падпісалі рэзалюцыю, — апазіцыйныя АГП, БНФ, БСДГ, БСДП(Г), «Зялёныя» і «Справядлівы свет», а таксама партыі з праўладнай дагэтуль рэпутацыяй — Сацыяльна-спартовая і Рэспубліканская партыі, Партыя працы і справядлівасці і Партыя народнай згоды.

16 верасня Лукашэнка даручыў Міністэрству юстыцыі правесці перарэгістрацыю палітычных партый. «Але мы ж разумеем, што гэта не партыі, калі дзесяць з іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў. Даручаю міністру юстыцыі ўважліва паглядзець на ўсе партыі — ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці, структуры, працуюць згодна са сваім статутам. Трэба правесці іх перарэгістрацыю», — сказаў Лукашэнка.

Паводле Радыё Свабода



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: