Мінкульт: «Рэклама «Поедем поедим», змешчаная ў Курапатах, незаконная»

Міністэрства культуры прызнала, што не выдавала дазвол на ўсталёўку рэкламных бігбордаў. Гэта вынікае з паперы, што прыслала Міністэрства на адрас Ганны Шапуцька.

Як паведамілі НЧ актывісты Курапацкай варты, пэўны час таму яны адправілі скаргу ў Міністэрства культуры, дзе ўказалі, што рэклама «Поедем поедим», а таксама сацыяльная рэклама аб падатках ля ўрочышча Курапаты, меркавана, не ўзгодненая з Міністэрствам культуры, выглядае недарэчна на месцах масавага растэлу людзей, «стварае візуальныя перашкоды і пагаршае ўспрыяцце гісторыка-культурнай каштоўнасці».





І вось актывістцы варты Ганне Шапуцька прыйшоў адказ, з якога вынікае, што рэкламныя бігборды ля рэстарану «Поедем поедим» сапраўды не былі ўзгодненыя — а значыць, знаходзяцца на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу незаконна.  

«Эскіз сродку вонкавай рэкламы для размяшчэння на тэрыторыі помніка гісторыі катэгоырі "1" Міністэрствам культуры не ўзгоднены», — сказана ў звароце.


Мінкульт накіраваў у Мінгарвыканкам адпаведны ліст з тлумачэннямі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!