У ААН адказалі на абвінавачанні Мінска ў «нямэтавым выкарыстанні фінансаў»

Паводле МЗС Беларусі, сродкі былі выдаткаваныя на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, якія трапілі пад пераслед пасля падзей жніўня 2020 года. У ААН пракаментавалі абвінавачанні супраць сваіх прадстаўнікоў у Беларусі.
pravo.bу

pravo.bу

У заяве Пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе гаворыцца, што было ініцыявана «нямэтавае выкарыстанне фінансавых сродкаў, якія прызначаліся для аказання юрыдычнай дапамогі асобам з інваліднасцю або ахвярам хатняга гвалту». Адзначаецца, што «схема» была распрацавана ў жніўні 2020 года.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, сродкі былі выдаткаваныя на адвакатаў для абароны 23 грамадзян, «якія не з'яўляюцца ні асобамі з абмежаванымі магчымасцямі, ні ахвярамі хатняга гвалту».

У заяве згадваецца, што ў гэтым бралі ўдзел дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі.

МЗС Беларусі нагадаў, што ім прад'яўленыя абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса (махлярства, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб). Да іх была прыменена мера стрымання, звязаная з абмежаваннем волі.

Адзначаецца, што Сяргей Драздоўскі з улікам яго інваліднасці знаходзіўся пад хатнім арыштам. З 30 ліпеня ў дачыненні да іх мера стрымання зменена, яны знаходзяцца пад падпіскай.

МЗС Беларусі заявіў, што «сцвярджэнні аб жорсткім абыходжанні ў дачыненні да Сяргея Драздоўскага з'яўляюцца такой жа адкрытай хлуснёй, як і ўся іншая інфармацыя, прадстаўленая ў дакладзе».

Праваабаронцы Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі былі арыштаваныя 3 лютага. За суткі да арышту іх выклікалі ва ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў пад падставай вяртання тэхнікі, забранай падчас ператрусу ў офісе арганізацыі. У ДФР яны знаходзіліся на працягу сямі гадзін. На працягу гэтага часу праваабаронцы падвяргаліся ціску і пагрозам, Алега Граблеўскага ўвогуле распранулі дагала і шукалі ў яго прылады для запісу.

У сваю чаргу прадстаўнік генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык учора падчас брыфінгу заявіў, што ўлады Беларусі раней ужо выказвалі ААН прэтэнзіі з нагоды прававой дапамогі, якую аказвала іх прадстаўніцтва беларусам, але арганізацыя працягне дыялог па гэтых пытаннях.

«Гэтыя пытанні, звязаныя з узаемадзеяннем паміж ААН і Беларуссю, падымаліся на двухбаковай сустрэчы генеральнага сакратара ААН і міністра замежных спраў Беларусі, гэта было не так даўно. Урад Беларусі выказаў нам сваю занепакоенасць датычна адміністравання праграмы прававой дапамогі пэўным групам уразлівых асоб. Мы працягваем весці абмеркаванні з урадам Беларусі», — сказаў прэс-сакратар генеральнага сакратара ААН.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: