Мінскія лекары змагаюцца за жыццё яшчэ аднаго дэманстранта

У ваенным шпіталі Мінска лекары змагаюцца за жыццё 43-гадовага Генадзя Шутава. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў, паведамляе tut.by

Генадзь Шутаў

Генадзь Шутаў



Сваякі мужчыны кажуць, што размаўлялі з відавочцамі і тыя распавядалі, што Генадзь не біўся, не канфліктаваў — проста ішоў. Стрэл, які ён атрымаў, лічаць людзі, з якімі гаварылі родныя, зроблены з даху будынка.

Сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя Шутава. Высветлілі, што яго даставілі спачатку ў Брэсцкую абласную бальніцу, а затым верталётам пераправілі ў ваенны шпіталь у Мінск. Да яго ў палату ўжо пусцілі старэйшую дачку Людмілу. Жанчына вельмі падаўленая, кажа, што ў бацькі агнястрэльнай траўма, «пашкоджанні мозгу цяжкія і шырокія, лекары не даюць ніякага прагнозу».

— Бацьку зрабілі некалькі аперацый, але кулю ня выцягнулі. Магчыма, яна гумавая — і рэнтген яе не бачыць, тлумачаць лекары. Так што яна можа быць яшчэ ўнутры, — распавяла TUT.BY Людміла. — Бацька без прытомнасці, на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх.

У МУС паведамілі, што ў Брэсце ўвечары 11 жніўня міліцыя страляла ў пратэстуючых з табельнай зброі на паразу. Паводле звестак міліцыі, ёсць паранены. Ці мелі яны на ўвазе Генадзя Шутава, невядома.

Міліцыя ўдакладняе, што на паразу стралялі для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў ад «групы агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках», калі тых не спынілі папераджальныя стрэлы ўверх.

9-11 жніўня ў хуткую і бальніцы Брэста звярнуліся каля 100 чалавек з ўдарамі мяккіх тканін, траўмамі рук і ног, грудной клеткі, жывата. Шпіталізавалі 23 чалавекі, у некаторых з іх спатрэбіліся аперацыі.

Нагадаем, вечарам пасля выбараў і на наступны дзень у Брэсце адбыліся масавыя пратэсты гараджан і сутычкі з міліцыяй.

Учора, 13 жніўня, адбыўся пяты дзень мірных пратэстаў у Беларусі. Ён апынуўся самым доўгім, бурным (але не брутальным) і масавым.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: