Місія БДІПЧ АБСЕ: Падлік галасоў падарваў сумленнасць выбараў

Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 11 кастрычніка, зноў паказалі, што Беларусь чакае значны шлях на шляху да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах, гаворыцца ў справаздачы назіральнай міісі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, прэзентаванай сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску.



"Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформ", — падкрэсліваецца ў дакладзе.


Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ ўказалі на некаторыя паляпшэнні і "гасціннае стаўленне" да місіі. Але "значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумоўвання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў", зазначаецца ў дакладзе.



Пры гэтым падкрэсліваецца, што выбарчая кампанія і дзень выбараў праходзілі мірна.



"Гэта відавочна, што перад Беларуссю доўгі шлях, каб выканаць усе дэмакратычныя абавязацельствы, — сказаў спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд. — Вызваленне палітвязняў і ветлівы падыход да назіральнікаў з`яўляюцца пазітыўнымі момантамі. Аднак тая надзея, якую нам гэта дало, не ажыццявілася. Улічваючы папярэднія абяцанні, я асабліва расчараваны недахопамі падчас падліку і падсумоўвання галасоў. Мы спадзяёмся, што беларускі ўрад праявіць палітычную волю для паўнацэннага працэсу рэформ, у чым мы гатовыя аказаць падтрымку".



У справаздачы зазначаецца, што ўсе кандыдаты змаглі правесці агітацыйныя кампаніі па ўсёй краіне і данесці свае пасланні без перашкод. Выбарчая кампанія "была сціплай, але стала больш актыўнай у апошнія два тыдні". 



Разам з тым зазначаецца, што толькі адзін кандыдат, чыя перадвыбарная платформа была сканцэнтраваная на сацыяльна-эканамічных пытаннях, быў" шчыра крытычна настроены ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта". Гэта абмяжоўвала выбар выбаршчыкаў, гаворыцца ў справаздачы.


"Выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95% выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, але вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбаршчыкаў, а ідэнтычныя на від подпісы зафіксаваныя на 47 участках. Прыкметы ўкідвання бюлетэняў падчас працэсу падліку галасоў былі заўважаныя на 22 участках", — гаворыцца ў справаздачы. 


"Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што ўказвае на значныя праблемы. Працэс падсумоўвання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі", — зазначаюць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ.

 
Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!