Мітрапаліт Павел прыгразіў святарам царкоўным судом

Мітрапаліт Павел заклікаў устрымлівацца ад наведвання храмаў і грамадскіх месцаў пры найменшых прыкметах захворвання, захоўваць бяспечную дыстанцыю і меры засцярогі. А таксама маліцца за урачоў, аказваць маральную і матэрыяльную дапамогу ахове здароўя ды хворым і іх сем'ям. Яго зварот размешчаны на сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел звярнуўся да святароў і прыхаджан праваслаўнай царквы ў сувязі з эпідэміяй каронавіруса, паведамляе www.zviazda.by.

Паводле слоў Мітрапаліта, інструкцыі па супрацьдзеянні каронавіруснай інфекцыі неаднаразова накіроўваліся ў епархіі, манастыры і прыходы БПЦ. Яны былі заснаваныя на кампетэнтных рэкамендацыях спецыялістаў-эпідэміёлагаў. Аднак, на жаль, не ўсе вернікі прыслухаліся да рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя і да заклікаў царквы. Бо, хоць хамы і не зачыняліся ў велікодныя дні, аднак і прыхаджан, і святароў заклікалі выконваць санітарныя нормы і меры засцярогі.

"Бестурботнае стаўленне да нашых заклікаў, а часта і безадказнае стаўленне да выканання інструкцый па папярэджанні захворвання з боку асобных клірыкаў прывялі да выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй шэрагу святароў, законнікаў і недухоўных, як з ліку парафіяльных працаўнікоў, студэнтаў духоўных школ, так і простых вернікаў", — гаворыцца ў звароце.

Патрыяршы Экзарх назваў нядбалае стаўленне, невыкананне санітарных норм, заклікі ігнараваць інструкцыі ў перыяд эпідэміі злачынствамі супраць блізкіх і Бога.

"Адказваць за гэтыя злачынствы кожны вінаваты будзе перад Богам па евангельскім законе, а перад людзьмі — па законах дзяржавы”. А калі будзе выяўлена адкрытае грэбаванне санітарнымі нормамі, клірыкі могуць быць прыцягнутыя да царкоўнага суду, папярэдзіў ён.

Мітрапаліт Павел звярнуўся да святароў з просьбай праводзіць набажэнствы з улікам сітуацыі на месцах. У выпадку захворвання клерыкаў і спевакоў, можна скараціць колькасць набажэнстваў. У цёплы час іх рэкамендуецца праводзіць на вуліцах. А там, дзе паўстала “складаная эпідэміялагічная сітуацыя, багаслаўляецца здзяйсненне набажэнстваў у храмах без удзелу вернікаў”, адзначыў Мітрапаліт

Паводле www.zviazda.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: