Міжнародны дэмакратычны саюз прыняў заяву па ўрэгуляваньні палітычнага крызысу ў Беларусі

DU – гэта міжнароднае аб’яднанне правацэнтрысцкіх і кансерватыўных палітычных партыяў, у якое ўваходзяць Рэспубліканская партыя ЗША, Кансерватыўная партыя Вялікай Брытаніі, ХДС і ХСС з Нямеччыны, ды больш за 70 вядучых палітычных партыяў з розных краінаў свету.
Міжнародны дэмакратычны саюз (International Democrat Union – IDU) прыняў рэзалюцыю з нагоды палітычных рэпрэсіяў ў Беларусі пасля выбараў прэзідэнта (гл. далучаны файл). Сярод іншага, IDU выступіў у абарону актывіста БНФ Вітольда Ашурка, суд над якім пачнецца ў панядзелак 28 снежня ў Лідзе, а таксама запатрабваў вызвалення ўсіх палітвязняў і здзяйснення іншых захадаў, якія з'яўляюцца неабходнымі перадумовамі для вырашэння крызісу шляхам перамоваў.

Рэзалюцыя па сітуацыі ў Беларусі была прынятая на прапанову Партыі БНФ, якая разам з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй прадстаўляе Беларусь у сусветным права-цэнтрысцкім інтэрнацыянале.

IDU адзначае беспрэцдэнтны уздым грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, а таксама заяўляе пра непрызнанне вынікаў выбараў прэзідэнта, што адбыліся 9 жніўня.

Міжнародная арганізацыя асуджае рэпрэсіі супраць журналістаў і пратэстоўцаў, у тым ліку пераслед актывістаў сяброўскіх арганізацыяў IDU ў Беларусі - Партыі БНФ і АГП. Адзначаючы арышты, непрапарцыйнае ўжыванне сілы і катаванні, IDU асобна вылучае справу сябра Сойму Партыі БНФ Вітольда Ашурка, якому было прад’яўленае абвінавачанне паводле артыкулаў 342 і 364 Крымінальнага кодэкса.

Нагадаем, што спадар Вітольд Ашурак ужо больш за тры месяцы знаходзіцца за кратамі і 28 снежня ў судзе Лідскага раёна пачнецца разгляд ягонгай крымінальнай справы. Партыя БНФ разглядае гэтую справу як палітычна матываваны пераслед, скіраваны супраць тых актывістаў грамадзянскай супольнасці, якія далучыліся да пратэстаў і ўзялі на сабе ролю выяўлення супольных патрабаванняў беларускіх грамадзянаў.

У рэзалюцыі па Беларусі IDU заклікае бакі супрацьстаяння да перамоваў, дзеля чаго ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі патрабуюцца наступныя крокі:

1. неадкладнае і безумоўнае вызваленне ўсіх палітвязняў;

2. спыненне ўсіх крымінальных спраў і зьняцце абвінавачванняў, пакаранняў і адміністрацыйных спагнанняў з усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі, мірных дэманстрантаў, блогераў, праваабаронцаў, журналістаў і іншых ахвяраў рэпрэсіяў;

3. правядзенне расследавання забойстваў Рамана Бандарэнкі, Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхора і Генадзя Шутава, а таксама катаванняў, якія мелі месца падчас выбарчай кампаніі і пасля выбараў;

4. спыненне перасьлед лекара Арцёма Сарокіна і журналісткі Кацярыны Барысевіч, якія праінфармавалі грамадскасьць пра факты трагічнай гібелі Рамана Бандарэнкі;

5. спыненьне перасьледу прадстаўнікоў і кіраўнікоў хрысціянскіх цэркваў у Беларусі;

6. неадкладнае спыненьне ўсіх формаў гвалту, жорсткага абыходжаньня, адвольных арыштаў і затрыманьняў, учыненых супраць грамадзянаў;

7. спыненне ўсіх формаў уціску і незаконных абмежаваньняў у прафэсійнай дзейнасьці журналістаў і СМІ;

8. спыненне ўсіх формаў пераследу, уключаючы звальненні беларускіх настаўнікаў, лекараў, навукоўцаў, спартоўцаў і іншых спецыялістаў па палітычных матывах;

9. стварэнне умоваў для працы Маскоўскага механізмў АБСЕ і Савета па правах чалавека ААН па міжнародным раследаванні падзеяў, якія мелі месца ў Беларусі ад траўня 2020 года .

Пасля выканання гэтых перадумоў патарэбнае правядзенне перамоваў аб новых свабодных, сумленных і дэмакратычных выбарах, якія мусяць быць праведзеныя у адпаведнасці з міжнародна прызнанымі стандартамі і пад наглядам БДІПЧ АБСЭ.

Паводле прэс-рэліза

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: