Мясцовыя выбары: ціха і камфортна

Рознага кшталту палітычныя аналітыкі і моцна заангажаваныя ў выбарчы працэс людзі працягваюць абсмоктваць тлумачэнне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, чаму прадстаўнікоў апазіцыі не ўключылі ў выбарчыя камісіі. Тлумачэнне, сапраўды, забаўнае.


«Што тычыцца неўключэння ў склады камісій прадстаўнікоў апазіцыі... Пры фармаванні выбарчых камісій ацэньваецца ў першую чаргу здольнасць прэтэндэнта працаваць у калектыве. Бо выбарчая камісія — калектыў, дзе выпінанне сваёй палітычнай пазіцыі шкодзіць агульнай справе. Думаю, менавіта гэтая акалічнасць улічвалася пры ўключэнні прадстаўнікоў апазіцыйных структур у выбарчыя камісіі», — сказала Лідзія Міхайлаўна часопісу «Беларуская думка».

Зразумела, гэтая фраза выклікала ва ўсіх абурэнне. Маўляў, а калі ж тады дэманстраваць сваю палітычную пазіцыю, як не ў час выбараў і не ў выбарчых органах? У чым тады сэнс выбараў? У забеспячэнні псіхалагічнага камфорту выбарчых камісій? Такім пытаннем задаецца, напрыклад, палітолаг Валер Карбалевіч.

Але, як ні дзіўна, гэта той рэдкі выпадак, калі абодва бакі маюць рацыю.


Недаўлада

Сапраўды, што такое «беларускія выбары»? Канешне, гэты працэс даўно ўжо стаў тэмай анекдотаў і показак. Але зараз у нас нібыта ідзе выбарчая кампанія ў мясцовыя саветы. Дык што тады канкрэтна выбары ў гэтыя самыя мясцовыя саветы? Што мы абіраем?

Абіраецца, звычайна ўлада і ўладныя органы. Прынамсі, падаецца, так робіцца ва ўсіх дэмакратычных грамадствах. Але ці мае нейкую ўладу ў Беларусі мясцовы дэпутат? У вачах грамадства — так, а па-факце ніякай улады ў яго няма.

Што можа зрабіць мясцовы дэпутат? Паўплываць на мясцовы бюджэт? Практычна не. Яшчэ пад час мінулых выбарчых кампаніяў мы размаўлялі з былымі мясцовымі дэпутатамі. І, напрыклад, той жа Юрась Губарэвіч, былы дэпутат Белаазёрскага гарсавета казаў: роля гэтых дэпутатаў — чыста дэкларатыўная. Папрысутнічаць два разы на год на пасяджэнні, прагаласаваць, «як трэба» за бюджэт — яго зацвярджэнне і выкананне — і ўсё. Ніякай датычнасці да размеркавання гэтага бюджэту, да нейкіх рашэнняў, якія прымае рэальная, выканаўчая ўлада, дэпутат не мае.

Варта заўважыць, што гэтую дэкларатыўную ролю мясцовага дэпутата выдатна разумеюць і людзі. Для гэтага дастаткова прааналізаваць, куды пішуць петыцыі і скардзяцца самі грамадзяне. Па ідэі, першай жа інстанцыяй, якой трэба скардзіцца, павінен быць мясцовы народны абраннік. Але гэта толькі па ідэі. Насамрэч людзі пішуць куды заўгодна — у выканкамы, пракуратуры, Адміністрацыю прэзідэнта… Але ў апошнюю чаргу згадваюць мясцовага дэпутата.

І, можа, гэта слушна, бо максімум, на што здольны такі дэпутат — гэта накіраваць дэпутацкі запыт у тыя ж інстанцыі, куды людзі скардзяцца і без яго. І атрымаць такую ж адпіску, якую зазвычай атрымліваюць ініцыятыўныя грамадзяне.


Больш за тое, актыўныя грамадзяне, якія збяруць пад сваім зваротам 30-40 подпісаў, могуць дамагчыся прыезду на «месца здарэння» адмысловай камісіі з чыноўнікаў — гэта прадугледжвае заканадаўства аб зваротах грамадзян. Зварот жа мясцовага дэпутата дэ-факта прыроўнены да звароту грамадзяніна-аднаасобніка, па якім ніякіх захадаў, апроч адпіскі, і прымаць не трэба.

За мінулы год я некалькі разоў быў на рознага кшталту грамадскіх абмеркаваннях, якія тычыліся, у асноўным, планаў забудовы, высечкі дрэваў і іншага такога кшталту. Я бачыў на гэтых абмеркаваннях чыноўнікаў мясцовых адміністрацый, архітэктараў праектаў, грамадскіх актывістаў, жыхароў і грамадзянаў. Здагадайцеся, каго я там не бачыў ніводнага разу? Так, вы маеце рацыю — мясцовых дэпутатаў.

Па выніках выбараў у мясцовыя саветы 2014 года іх дэпутатамі сталі два апазіцыянеры. Мы пісалі пра прамоўцу аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Валера Білібуху (Першамайскі сельсавет Бярозаўскага раёну) і сябра Руху «За свабоду» Аляксандр Шчамлёў (Бельскі сельсавет Шумілінскага раёну). Цікава было б пачуць зараз іх справаздачу наконт дзейнасці мясцовых саветаў.


Марны выбарчы працэс

Ну і, канешне, сама сістэма выбараў пацярпела змены. З 2013 году на мясцовых выбарах скасаваная яўка выбаршчыкаў, а пераможцам лічыцца той, хто набраў простую большасць галасоў. То бок, нават калі на выбарчыя ўчасткі прыйдзе 10 чалавек — выбары будуць лічыцца адбыўшыміся. А калі за аднаго кандыдата прагаласуюць трое, а за другога — чацвёра, то другі і перамог.

У беларускай сістэме выбарчых каардынатаў гэта сапраўды азначае тое, што вынік выбараў вызначаны. Вельмі лёгка зрабіць, з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, так, каб «перамог» патрэбны кандыдат. Не трэба ані дэбатаў, ані другога туру выбараў, ані яўкі выбаршчыкаў на ўчасткі. Усяго можна дамагчыся выключна адміністрацыйным датэрміновым галасаваннем і вынаснымі скрынямі.


І тут нават не пытанне, чаго вартая гэтая «перамога». Пытанне, навошта яна найперш яму, кандыдату-пераможцу? Дзеля статусу? Але нават і статус мясцовага дэпутата, як мы заўважылі вышэй — ніжэй плінтуса. Хіба што «корачка» будзе цешыць нейкія дзіцячыя комплексы?


Каб усім было добра

Дык навошта тады ўвогуле, як кажа мая знаёмая, «увесь гэты цырк»? Канешне, як кажа Лідзія Ярмошына — сапраўды дзеля спакою. Дзеля спакою выбарчых камісій усіх узроўняў. Зрэшты, яны таксама людзі, і, падаецца, нічога дрэннага асабіста не зрабілі. Дык хай спакойна сабе разбяруцца за праблемамі, якія ім накінулі чарговыя выбары.

Апаненты старшыні ЦВК таксама маюць рацыю: выбары патрэбныя, каб яшчэ раз прадэманстраваць сваю палітычную пазіцыю. Бо калі яе яшчэ можна рэальна і беспакарана прадэманстраваць?

А для звычайных грамадзянаў выбары ў мясцовыя Саветы, збольшага, абмяжоўваюцца толькі афіцыйнымі агітацыйнымі плакатамі на прыпынках. І пакуль мясцовыя дэпутаты не стануць рэальнай галіной улады, пакуль у іх не з’явіцца хаця б нейкіх рэальных паўнамоцтваў — да таго часу людзі будуць забывацца прозвішча «свайго» дэпутата ўжо на другі дзень пасля галасавання.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Яўген Мурашка
  • 2018-01-31 21:00:28
Калі сказаць, што усе нашы "патрыёты" адначасова звар'яцелі, дык не скажаш. Тады як зразумець, калі яны рванулі туды, невядома куды. Калі ж паслухаць кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі АГП, пана Палякова, дык становіцца зразумелым сцэнар гэтага спектаклю. Для іх галоўным аргумэнтам і апраўданьнем, становіцца, маўляў, каб у грамадстве пра іх не забыліся. А ці ведалі пра іх дасюль?
  • Яўген Мурашка
  • 2018-01-31 21:00:29
Калі сказаць, што усе нашы "патрыёты" адначасова звар'яцелі, дык не скажаш. Тады як зразумець, калі яны рванулі туды, невядома куды. Калі ж паслухаць кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі АГП, пана Палякова, дык становіцца зразумелым сцэнар гэтага спектаклю. Для іх галоўным аргумэнтам і апраўданьнем, становіцца, маўляў, каб у грамадстве пра іх не забыліся. А ці ведалі пра іх дасюль?
  • Яўген Мурашка
  • 2018-01-31 21:00:29
Калі сказаць, што усе нашы "патрыёты" адначасова звар'яцелі, дык не скажаш. Тады як зразумець, калі яны рванулі туды, невядома куды. Калі ж паслухаць кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі АГП, пана Палякова, дык становіцца зразумелым сцэнар гэтага спектаклю. Для іх галоўным аргумэнтам і апраўданьнем, становіцца, маўляў, каб у грамадстве пра іх не забыліся. А ці ведалі пра іх дасюль?

Каментаваць