«Моцная дзяржава» і трансакцыйныя выдаткі

Са сваім статутам у чужы манастыр не ходзяць. Для «беларускай мадэлі», будаўніцтву якой 10 ліпеня споўнілася чвэрць стагоддзя, еўрапейскі манастыр заўсёды быў чужы. Але, як ні дзіўна, у гэтым адчужэнні маецца свой плюс.


У чужым манастыры не мае сэнсу качаць правы. У тых, хто пераступіў парог манастыра, выбар невялікі: або пакорліва пагадзіцца з мясцовым статутам, або развярнуцца праз левае плячо і не спрабаваць ні сабе, ні іншым тлуміць галаву расповедамі пра ўласную самабытнасць.

Паводле такога ж прынцыпу вось ужо 25 гадоў і ўзаемадзейнічае «беларуская мадэль» з краінамі Еўрасаюза. Зразумела, не ўся мадэль, а толькі яе эканамічны блок. Яна ім — нафтапрадукты, калійныя ўгнаенні і драўніну. Яны ёй — апараты сувязі, вылічальныя машыны і лекі.

Вы калі-небудзь чулі пра прэтэнзіі з боку еўрапейцаў да якасці беларускіх угнаенняў? А колькі разоў за апошнія гады ўздымаўся шум з-за нібыта рээкспарту расійскай драўніны? У тым і справа.

Іншая рэч — так званая Саюзная дзяржава. Яе нядоўгая гісторыя — гэта гісторыя бесперапынных гандлёвых войнаў: нафтавых, газавых, малочных... За прыкладам далёка хадзіць не трэба. 9 ліпеня адзіны палітык (АП) сустрэўся з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. Абмяжуюся адной цытатай, запазычанай з афіцыйнага прэс-рэлізу: «Трэба вырашаць і бягучыя пытанні, якіх у нас з Расіяй нямала. Напрыклад, у нас сёння каля 80 прадпрыемстваў закрытыя Рассельгаснаглядам ці нейкім там органам у Расіі, а можа быць, і ўрадам. Хутчэй за ўсё, урадам. Закрытыя да паставак нашай прадукцыі ў Расію. Прытым паводле надуманых падстаў».

Сур’ёзнае абвінавачванне. Але адкуль яго ногі растуць? Магчыма, адказ на гэта пытанне хаваецца ў статуце Саюзнай дзяржавы? У два клікі знаходжу дакумент у інтэрнэце: «Расійская Федэрацыя і Рэспубліка Беларусь, кіруючыся воляй народаў да аб’яднання дзвюх дзяржаў, утварылі Саюз Беларусі і Расіі».

Чытаю і перачытваю. Няўжо ўся справа ў волі народаў, у іх імкненні да аб’яднання!


Там і тады, дзе і калі

Сучасныя еўрапейскія дзяржавы — прадукт буржуазных рэвалюцый. У савецкай школе і ў савецкім універсітэце мне падрабязна тлумачылі, што мэта такіх рэвалюцый палягала ў пераходзе ўлады з рук дваранства ў рукі буржуазіі. Для эксплуатаваных жа класаў пры гэтым нічога прынцыпова не мянялася. Пра буржуазныя ж правы і свабоды калі і згадвалася, то мімаходзь.

Паспрабую запоўніць прабел з дапамогай простага прыкладу. Скажам, нехта Сміт вырашыў вырабляць дзіцячыя цацкі. Зразумела, што без пастаўшчыкоў матэрыялаў, камплектуючых, электраэнергіі і да таго падобнага яму не абысціся. З кожным з іх Сміт будзе заключаць дамовы пра пастаўкі.

А цяпер крыху арыфметыкі. Калі верагоднасць невыканання асобна ўзятай дамовы роўная 1%, то пры наяўнасці 100 пастаўшчыкоў у прадпрыемства Сміта будуць пастаянна ўзнікаць праблемы з выкананнем абавязацельстваў перад спажыўцамі (аптавікамі і крамамі). Апошнія стануць патрабаваць выплаты няўстоек.

Каб мінімізаваць магчымыя страты ад прэтэнзій спажыўцоў, Сміт у дамовы пастаўкі ўключыць пункт, які прадугледжвае штрафныя санкцыі за неналежнае выкананне абавязацельстваў пастаўшчыкамі, і пры неабходнасці запатрабуе іх выканання праз суд.

Але суд — гэта дзяржаўная структура. Тут без цытавання Леніна не абысціся: «Гісторыя паказвае, што дзяржава як адмысловы апарат прымусу людзей узнікала толькі там і тады, дзе і калі з’яўляўся падзел грамадства на класы — значыць, падзел на такія групы людзей, з якіх адны пастаянна могуць прысвойваць працу іншых, дзе адзін эксплуатуе іншага».

З класікам не паспрачаешся, але гэта не забараняе сфармуляваць пытанне: «На баку якога класа выступіць суд, калі прыме пазоў Сміта супраць нядбайнага пастаўшчыка?»


Пяціразовая розніца!

Пераход ад статыкі феадалізму да дынамікі капіталізму не ў апошнюю чаргу стаў магчымы дзякуючы пераходу ад саслоўнага права да права буржуазнага — гэта значыць, да права ўніверсальнага, перад якім усе роўныя. Наяўнасць такога пераходу пацвярджае практыка. Калі б Сміт не меў магчымасці знайсці падтрымку ў судзе супраць сваіх калегаў, то не магла б устойліва функцыянаваць і вытворчасць, для якой неабходны сотні пастаўшчыкоў.

Безумоўна, важнай характарыстыкай сучаснай дзяржавы з’яўляецца манаполія на гвалт. Тым яна прынцыпова адрозніваецца ад дзяржавы феадальнай з яе прыватнымі войскамі і судамі. Але калі сваім манапольным правам дзяржава карыстаецца выбарачна, напрыклад, калі прымае ў судах рашэнні на карысць сацыяльна блізкіх ёй ці на карысць тых, хто здольны больш заплаціць, то ў такой дзяржаве ніколі не паўстануць складаныя вытворчасці.

Калі хто сумняваецца, рэкамендую прачытаць кнігу бацькі сінгапурскага цуду Лі Куан Ю «Сінгапурская гісторыя: з «трэцяга свету» — у «першы» (1965–2000)». Кнігу можна знайсці ў інтэрнэце. З чаго пачаў сінгапурскі дыктатар свой шлях да поспеху? З перападпарадкавання судовай галіны ўлады Каралеўскаму суду ў Лондане. Але, абмяжоўваючы паўнамоцтвы нацыянальнага суда, ён тым самым скарачаў свае асабістыя паўнамоцтвы.

Вынік вядомы. Сінгапур паводле ВУП на душу насельніцтва па парытэту пакупніцкай здольнасці ў 2018 годзе апынуўся на 3-м месцы, Беларусь — на 65-м: 100 тысяч долараў супраць 20 тысяч долараў. Пяціразовая розніца!

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў наступнай пяцігодцы павінен скласці 100 мільярдаў долараў. Такую задачу перад урадам АП паставіў у сакавіку 2018 года. Сур’ёзная задача, калі ўлічыць, што па выніках мінулага года галоўны эканамічны паказчык склаў 59,6 мільярда долараў (у Сінгапуры — 361,1 мільярда долараў пры колькасці насельніцтва 5,5 мільёна чалавек).

Праблема Леніна і яго паслядоўнікаў палягала не ў тым, што яны няправільна разумелі прыроду дзяржавы, а ў тым, што разумелі яе вельмі абмежавана. У прыватнасці, яны нават не здагадваліся пра існаванне трансакцыйных выдаткаў (выдаткаў на выдаткі, якія ўзнікаюць у сувязі з заключэннем кантрактаў), што я і паспрабаваў прадэманстраваць на прыкладзе Сміта.

З вяршыні беларускай уладнай вертыкалі мы ўжо трэцяе дзесяцігоддзе чуем здравіцы ў гонар «моцнай дзяржавы». Хто супраць? Усе за. Толькі я не ўпэўнены, што аўтары здравіцы вымераюць сілу дзяржавы яе здольнасцю зніжаць трансакцыйныя выдаткі.


На аснове асабістых дамоўленасцяў

Ужо не год і не два архітэктары «беларускай мадэлі» спрабуюць пазычыць тры рублі да заробку, што на макраўзроўні азначае атрыманне крэдытаў для пагашэння папярэдніх крэдытаў. Каб не быць галаслоўным, дам слова намесніку міністра фінансаў Беларусі Андрэю Белкаўцу: «Мы разлічвалі на крэдыт Расіі. Сёння пытанне прадастаўлення расійскага крэдыту крыху адкладаецца, але як альтэрнатыву мы знайшлі варыянт з кітайскімі крэдыторамі».

Здавалася б, за альтэрнатывай прасцей звярнуцца не на Усход, а на Захад, у прыватнасці, у Міжнародны валютны фонд (МВФ): і бліжэй, і ведання кітайскіх іерогліфаў не патрабуецца, а галоўнае — таннейшых грошай у свеце няма.

Аднак крэдыты МВФ звычайна суправаджаюцца наборам пэўных умоваў і рэкамендацый, што вяртае нас да тэмы чужога манастыра, у які са сваім статутам шлях закрыты. І тут чарговым разам згадваецца выказванне АП, якое вартае таго, каб быць высечаным у граніце: «Усё, што сёння мы маем у эканоміцы, у сацыяльнай і іншых сферах, вынік таго, што мы ўсе гэтыя гады ішлі сваім шляхам, мы жылі сваім розумам. Мы не слухалі «дактароў» з Міжнароднага валютнага фонду, якія прапісвалі лекі, больш небяспечныя за саму хваробу».

У спісе таго, «што сёння мы маем», значыцца і дзяржаўны доўг, разлічыцца з якім без перакрэдытавання магчымасці няма. На працягу апошніх гадоў «беларускую мадэль» ратавала «наша Расія». Але кепскі прыклад заразлівы. І вось ужо Антон Сілуанаў, першы намеснік старшыні ўрада РФ і па сумяшчальніцтве міністр фінансаў, пачынае фарміраваць свой спіс умоваў крэдытавання: «Кампенсацыя падатковага манеўру, крэдыт ці яшчэ нешта, — усё гэта трэба глядзець у комплексе ў частцы таго, як мы будзем рухацца па інтэграцыі».

МВФ патрабаваў эканамічных рэформаў, Расія — інтэграцыйных. І адно не мёд, і другое не рэдзька, але спрачацца пра густы — марнаванне часу. Адмовіўшыся жыць па правілах еўрапейскага манастыра, у Беларусі і Расіі не засталося іншага варыянту, акрамя як выбудоўваць міждзяржаўныя адносіны на аснове асабістых дамоўленасцяў.

Так у Еўропе рабілі ў Сярэднявеччы. Манарх аднаго каралеўства сустракаўся з калегам з суседняга. Яны пра штосьці дамаўляліся, ціснулі адзін аднаму рукі, раз’язджаліся — і кожны выконваў дасягнутыя дамоўленасці так, як яму гэта было выгадна. Напрыклад, даручаў сваім міністрам выдумляць падставы для абмежаванняў паставак тавараў з каралеўства суседа.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!