«Мы верым, што беларускі народ здольны абраць іншы, лепшы шлях для сябе»

Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА) прыняло заяву адносна палітычных падзеяў у Беларусі.

photo.bymedia.net

"Мы, беларусы Амерыкі, сябры Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, уважліва сочым за палітычнымі падзеямі ў Беларусі, — гаворыцца ў заяве. — У такі надзвычайны час, час пандэміі, кожны чалавек асабліва адчувае крохкасць чалавечага жыцця, але ж пры гэтым асабліва адчуваецца і яго важнасць. Калі ўвесь цывілізаваны свет змагаецца з каронавірусам, у Беларусі адбываецца амаль поўнае ігнараванне пандэміі, якая забірае многія жыцці, і ў той жа час назіраецца імклівае разгортванне перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі.

Мы ўбачылі, што беларусы, стомленныя ад панавання абразлівай і ілжывай улады, праявілі сваю нязгоду з антычалавечнай палітыкай дзяржаўнага кіраўніцтва і па ўсёй краіне праходзяць масавыя пратэсты супраць выбараў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Мы, беларусы Амерыкі, падтрымліваем вас ў імкненні да сапраўдных дэмакратычных выбараў і з надзеяй глядзім на ўздым палітычнай актыўнасці грамадзян па ўсёй краіне. Пажыўшы ў іншай краіне, паглядзеўшы на сябе з боку, мы добра ўсвядомілі, што працавіты, талерантны, культурны беларускі народ заслугоўвае лепшай долі, каб жыць у годнай незалежнай краіне і самастойна абіраць дзяржаўнае кіраўніцтва.

Сумесная шматлікія акцыі пратэсту дазволіла вам стаць побач і адчуць сілу агульнай волі народа. Наступае час скіраваць гэтую волю на дасягненье мары пра годнае жыццё ў дэмакратычнай незалежнай краіне. Не дазвольце сабе падмануцца, як 26 гадоў таму, пайсці па шляху, які нам навязала старая сістэма, надводнай вяршыняй якой ёсць прэзідэнцтва Лукашэнкі, бо гэта шлях ратавання самой гэтай згубнай сістэмы.

Мы верым, што беларускі народ здольны абраць іншы, лепшы шлях для сябе.

Сябры, толькі вашымі сіламі можна адмяніць гэтыя фальшывыя выбары, пазбавіцца ад дыктатарскай улады і пачаць будаваць новае жыццё ў нашай краіне.

Верым, Можам, Пераможам! Жыве Беларусь!

Нью-Ёрк, чэрвень 2020"

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: