МЗС Беларусі пра інцыдэнт з «Ryanair»: Сітуацыя прама і відавочна нагнятаецца

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракаментаваў рэакцыю заходніх краін на сітуацыю з учорашнім рэйсам авіякампаніі «Ryanair».
Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Вядома, чыста па-чалавечы зразумела і сумна, што пасажыры названага рэйса сутыкнуліся з пэўнымі нязручнасцямі. Аднак правілы авіяцыйнай бяспекі — гэта абсалютны прыярытэт, прытым усюды і для ўсіх. У гэтай сувязі дзеянні экіпажа самалёта, які адказвае за жыцці сваіх пасажыраў, уяўляюцца цалкам апраўданымі. Вось з гэтага пункту гледжання, з пункту гледжання бяспекі, якая была цалкам забяспечана сумеснымі намаганнямі, і трэба, перш за ўсё, глядзець на гэты інцыдэнт.

Няма ніякіх сумневаў, што дзеянні нашых кампетэнтных улад таксама цалкам адпавядалі ўстаноўленым міжнародным правілам. Беларускі бок заўсёды адказна падыходзіў і падыходзіць да іх выканання. Гэта прызнаецца і адпаведнымі рэгулятарамі ў авіяцыйнай сферы. Больш за тое, упэўнены, што ў гэтым пытанні мы ў стане гарантаваць поўную транспарэнтнасць, у выпадку неабходнасці прыняць экспертаў і прадэманстраваць усе матэрыялы, каб выключыць інсінуацыі.

На гэтым фоне, вядома, дзівіць паспешнасць адкрыта ваяўнічых заяў з боку шэрагу краін і еўрапейскіх структур. Сітуацыя прама і відавочна нагнятаецца. Адбываецца яе наўмысная палітызацыя, гучаць нічым не пацверджаныя абвінавачванні, лепяцца цэтлікі. Пры гэтым няма ніякага бачнага жадання ў ёй аб'ектыўна разабрацца. Замест гэтага неадкладна зноў загучалі лозунгі пра санкцыі.

Мы ўсё ж заклікаем тых, хто паддаўся гэтай заганнай практыцы, памятаць аб правілах і бяспецы пасажыраў, усё спакойна прааналізаваць, дачакацца заключэнняў кампетэнтных экспертаў. Бо толькі на гэтай падставе можна рабіць хаця б нейкія вартыя ўвагі высновы».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: