МЗС Польшчы запытала ў Беларусі тлумачэнні з нагоды слоў генпракурора

Польскае МЗС запытала ў беларускага знешнепалітычнага ведамства тлумачэнні з нагоды выказванняў генпракурора Андрэя Шведа пра «нацысцкіх злачынцаў» з Арміі Краёвай.
Shutterstock / Grand Warszawski

Shutterstock / Grand Warszawski

У нядзелю, каментуючы для беларускага тэлебачання падпісанне закона «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», ён заявіў, што атрыманы звесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія прымалі ўдзел у дзеяннях карных батальёнаў падчас ВАВ на тэрыторыі Беларусі. Швед адзначыў, што ў першую чаргу гэта тычыцца літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай, у сувязі з чым у Літву і Польшчу будуць накіраваны даручэнні аб аказанні прававой дапамогі.

З гэтай нагоды МЗС Польшчы давяло сваю пазіцыю да часовага паверанага ў справах Беларусі ў Варшаве.

«МЗС запытала тлумачэнні, ці носяць выказванні генеральнага пракурора публіцыстычны характар, або прадстаўляюць афіцыйную пазіцыю беларускіх улад і з'яўляюцца новымі кіруючымі прынцыпамі ў адносінах з Польшчай», — заявілі ў МЗС агенцтву PAP, перадае wnp.pl.

У МЗС Польшчы мяркуюць, што апошнія крокі беларускіх улад у сферы гістарычнай памяці інспіраваныя не ў Мінску.

«Дзеянні беларускіх улад у галіне гістарычнай палітыкі на працягу некаторага часу былі вельмі супярэчлівымі і мелі прыкметы рэалізацыі плана, якога ў Мінска не было», — дадалі ў МЗС.

Польскае знешнепалітычнае ведамства лічыць, што палажэнні апублікаванага закона прадугледжваюць занадта шырокую трактоўку і могуць быць выкарыстаны для «непрымальных дзеянняў». У МЗС таксама нагадалі, што абвінавачанні ў рэабілітацыі нацызму выстаўлены супраць лідараў «Саюза палякаў».

У цэлым, МЗС лічыць, што Беларусь ідзе на абвастрэнне стасункаў з Польшчай і Захадам, каб сфармаваць вобраз знешняга ворага.

reform.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: